Кампанія UC Rusal расейскага бізнэсоўца Алега Дзерыпаскі разьмясьціла на Ганконскай фондавай біржы паведамленьне, зь якога вынікае, што яна можа абвясьціць тэхнічны дэфолт з прычыны ўведзеных супраць яе санкцый ЗША.
Пасьля гэтага акцыі кампаніі ўпалі адразу на 41%, паведамляе агенцтва Reuters.
«Кампанія ацэньвае, што санкцыі Ўпраўленьня кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША могуць прывесьці да тэхнічнага дэфолту ў сувязі з пэўнымі крэдытнымі абавязаньнямі групы, — гаворыцца ў паведамленьні UC Rusal. — Цяпер мы ацэньваем верагодны ўплыў такіх тэхнічных дэфолтаў на фінансавае становішча. Кампанія падтрымлівае ўсе крэдытныя і фінансавыя абавязаньні, уключна з пагашэньнем доўгу. Мы працягнем сваю дзейнасьць у адпаведнасьці з прававымі і нарматыўнымі патрабаваньнямі».
Прынцыповае адрозьненьне новага пакету амэрыканскіх санкцый супраць Расеі палягае ў тым, што Вашынгтон упершыню унёс у чорны сьпіс прыватныя кампаніі. Абмежаваньні супраць мільярдэра Алега Дзерыпаскі і падкантрольных яму актываў сталіся настолькі шырокімі, што паўстае пытаньне наконт пэрспэктыў выжываньня ягонай бізнэс-імпэрыі.