Гэта адбылося на фоне падзеньня расейскага фондавага рынку пасьля новых санкцыяў ЗША, піша часопіс Forbes.
За суткі капітал бізнэсоўца Алега Дзерыпаскі, які трапіў у санкцыйны сьпіс, скараціўся больш чым на адзін мільярд даляраў. Амаль столькі ж згубiў яго партнэр па кампаніі «Норильский никель» Уладзімір Патанін, які пад абмежаваньні ня трапіў. Кошт акцый кампаній, якія належаць гэтым бізнэсоўцам, значна зьменшыўся. Таксама амаль на мільярд даляраў зьменшылася багацьце яшчэ аднаго ўдзельніка санкцыйнага сьпісу Віктара Вексельберга. Буйныя фінансавыя страты праз абвал рынку панесьлі Сулейман Керымаў, Леанід Міхельсон, Генадзій Цімчанка, Уладзімір Лісін, Раман Абрамовіч, Вагіт Алекпераў і Аляксей Мардашоў.
Праз санкцый значна страцілі кошт акцыі банка ВТБ, кампаній «Русал», «Мечэл». У сувязі са зьніжэньнем кошту каштоўных папер упаў і абменны курс расейскага рубля. Курс эўра перавысіў 74 рублі ўпершыню са жніўня 2016 году. Курс даляру ўпершыню за год падняўся вышэй за 59 рублёў.
6 красавіка Злучаныя Штаты ўвялі новыя санкцыі ў дачыненьні да асобных кампаній і грамадзян Расеі. Абмежаваньні ўведзеныя ў адпаведнасьці з законам аб супрацьстаяньні праціўнікам Амэрыкі, які быў прыняты Кангрэсам у мінулым годзе. Міністэрства фінансаў ЗША падкрэсьліла, што абмежаваньні прадугледжваюць арышт актываў асоб, якія трапілі ў санкцыйны сьпіс, у Злучаных Штатах, а таксама забарону для амэрыканскіх грамадзян і арганізацый на супрацоўніцтва зь імі.