Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч заявіла, што даручэньне прэзыдэнта аб працаўладкаваньні ўсіх беспрацоўных да 1 траўня выканана. Чаму раптам зьявіўся такі загад? Як чыноўнікі арганізавалі яго выкананьне? Ці насамрэч вырашылася праблема беспрацоўя ў краіне?
Удзельнікі: старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і дырэктар Школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністраваньня SYMPA Натальля Рабава.
Чаму раптам зьявіўся загад ліквідаваць беспрацоўе?
Валер Карбалевіч: «Сваё даручэньне забясьпечыць працай усіх, хто яе ня мае, Аляксандар Лукашэнка даў 9 сакавіка, выступаючы ў Магілёве. І вызначыў дату — да 1 траўня. І строга папярэдзіў — маўляў, ня дай бог я прыеду ў нейкі рэгіён і ўбачу там беспрацоўных.
Лукашэнка нават растлумачыў, як дасягнуць усеагульнай занятасьці. Паводле яго слоў, у Менску часам на работах па добраўпарадкаваньні тэрыторыі задзейнічана дарагая тэхніка, эксплюатацыйныя і амартызацыйныя выдаткі на якую значна перавышаюць кошт ручной працы. Таму трэба тэхніку замяніць людзьмі, якія павінны „фарбаваць, прыбіраць тэрыторыю, капаць, вазіць, насіць і іншае“.
Навошта патрэбны быў такі загад? Бо ў рынкавай эканоміцы пэўная колькасьць беспрацоўных — гэта норма і нават неабходнасьць».
Аляксандар Ярашук: «Гэтыя дзеяньні ўладаў адпавядаюць лёгіцы камандна-адміністратыўнай сыстэмы, ручному кіраваньню эканомікай. Гэта ўсё безнадзейна савецкія падыходы.
Нават няёмка слухаць загад усіх працаўладкаваць менш чым за два месяцы. Вось міністар Касьцевіч і адрапартавала. Усё застаецца на паперы. Гэта рэакцыя Лукашэнкі на сытуацыю з „дармаедамі“. Яму трэба было захаваць твар. Маўляў, хутка разьбяромся з гэтай праблемай.
Але праблема стварэньня сучасных і эфэктыўных працоўных месцаў ня вырашаная. Гэта сьведчыць пра неадэкватнасьць уладаў. Але пры гэтым краіна не разьвіваецца. Мы губляем гістарычны час».
Натальля Рабава: «Улады апынуліся ў сытуацыі тупіку ў вырашэньні пытаньня „дармаедаў“. Бо і адмяніць гэты дэкрэт нельга, і пакінуць таксама нельга. Вось улады і паспрабавалі вырашыць праблему такім дзіўным чынам, спосабам, узятым з падручніка гісторыі.
Я не пагаджуся, што нічога ўладамі не было зроблена ў кірунку працаўладкаваньня людзей. Вось у мяне ў падʼезьдзе вісіць абʼява, што ўсе, хто жадае працаўладкавацца, могуць зьвярнуцца ў бліжэйшую раённую адміністрацыю, там ёсьць кірмаш вакансій. Сярэдні заробак каля 300 руб.
Улады займаліся выкананьнем даручэньня Лукашэнкі ў такой манеры, у якой яно было дадзена. То бок — не праводзячы ніякіх пераўтварэньняў, а толькі мабілізаваўшы тыя рэсурсы, якія ёсьць».
Як чыноўнікі арганізавалі выкананьне загаду Лукашэнкі?
Карбалевіч: «Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч 1 траўня адрапартавала: „Мы дайшлі да кожнага чалавека. За красавік працаўладкавалі больш за 85 тысяч чалавек. Хто хацеў, то, вядома, быў працаўладкаваны“.
То бок цяпер у краіне калі і ёсьць беспрацоўныя, то па сваёй віне, яны ня хочуць працаваць. Як гэта ўдалося беларускім уладам зрабіць тое, што не ўдаецца ніякаму ўраду ў сьвеце?»
Ярашук: «Ёсьць толькі адзін спосаб вырашыць праблему беспрацоўя — гэта разьвіцьцё бізнэсу. Ніякай альтэрнатывы гэтаму няма. Але за два месяцы і бізнэс ня можа вырашыць гэтую праблему, нават калі дапамагаць яму ў разьвіцьці. Але ва ўладаў толькі паказушны падыход: паглядзець вакансіі і прапанаваць людзям з дапамогай вось і такіх абʼяваў.
Патрэбныя крокі па лібэралізацыі эканомікі, спрыяньне разьвіцьцю бізнэсу. Толькі на гэтым шляху ёсьць пэрспэктыва стварэньня новых працоўных месцаў. А афіцыйна сытуацыя выглядае так: беспрацоўных — 0,8%, дапамога па беспрацоўі — 22 рублі. Гэта ненармальна.
Занятасьць важная для Лукашэнкі ня з гледзішча эфэктыўнасьці, а важная занятасьць сама па сабе. Як у савецкія часы
Праблема ў тым, што дзяржаўныя падыходы ў сфэры занятасьці дыктуюцца ідэалёгіяй. Занятасьць важная для Лукашэнкі ня з гледзішча эфэктыўнасьці, а важная занятасьць сама па сабе. Як у савецкія часы.
Я вось толькі выйшаў з паседжаньня Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях. Было прынятае рашэньне, каб прадпрыемствы на 10% павялічылі колькасьць працоўных месцаў. А якое гэта працоўнае месца — гэта другаснае пытаньне».
Рабава: «Улады зьвярталіся да бізнэсу зь лістамі, каб ён прадстаўляў інфармацыю пра вакансіі ў кароткія тэрміны. Як правіла, ёсьць вакансіі на работнікаў зь невысокай кваліфікацыяй, рознарабочых і інш. Улады дзейнічалі савецкімі мэтадамі. Не было прынята рашэньняў па паляпшэньні інвэстыцыйнага клімату».
Якія вынікі гэтага паказушнага рашэньня праблемы беспрацоўя?
Карбалевіч: «І што цяпер — атрымліваецца, што зь беспрацоўем у Беларусі пакончана, можна больш не напружвацца? На мой погляд, такія заявы і рапарты толькі раздражняюць людзей. Сп Ярашук, вы ўжо казалі пра пэўную неадэкватнасьць уладаў. То заробак 500 даляраў паабяцалі, то вось зрабілі справаздачу аб ліквідацыі беспрацоўя. Як гэта ўспрымаецца насельніцтвам?».
Ярашук: «Мяркую, што 500 даляраў будуць таксама намаляваныя, як і справаздачы аб стварэньні новых працоўных месцаў. Бо рэальна плаціць такі заробак не дазваляе стан эканомікі.
Зьвярніце ўвагу, што цяпер адбываецца ў Вэнэсуэле. 50 гадоў таму гэтая краіна ўваходзіла ў пяцёрку лепшых краін сьвету па памеры валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва. І да чаго давялі яе Чавэс і яго нашчадкі! А Беларусь і Вэнэсуэла — палітычна і ідэалягічна блізкія рэжымы. Такія забурэньні могуць чакаць і нас. Нічога добрага наперадзе нас не чакае».
Увогуле адсутнасьць беспрацоўя шкодная для эканомікі
Рабава: «0,8% беспрацоўных — гэта толькі тыя, хто зарэгістраваны ў цэнтрах занятасьці. Але, паводле выбарачнага дасьледаваньня хатніх гаспадарак, якое ладзіла Мінэканомікі, у нас рэальнае беспрацоўе складае каля 5%. Калі груба, то гэта недзе 250 тысяч чалавек. Гэта няшмат. У некаторых краінах ЭЗ — напрыклад, Грэцыі, Гішпаніі — беспрацоўе дасягае 20–25%. Увогуле адсутнасьць беспрацоўя шкодная для эканомікі».
Карбалевіч: «Але ж вы ня ўлічваеце тых работнікаў, хто працуе на нерэнтабэльных прадпрыемствах, якія, па вялікім рахунку, трэба было б банкруціць».
Рабава: «Так, шмат людзей на гэтых прадпрыемствах працуюць няпоўны тыдзень, за малыя заробкі. Згодная, што паказушныя заявы раздражняюць людзей. Але СССР доўга пражыў у сытуацыі, дзе краіна ў тэлевізары і краіна ў рэальнасьці не супадалі».
Карбалевіч: «Але ж узгадайце, чым усё скончылася».