Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка павінен прызнаць памылковасьць эканамічнай палітыкі, якая прывяла да зьбядненьня насельніцтва», — Багданкевіч


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.

Напярэдадні штогадовага пасланьня Аляксандра Лукашэнкі Багданкевіч адказвае на пытаньне, што, на ягоную думку, павінен сказаць прэзыдэнт народу, прагназуе, чаго можна чакаць ад абвешчаных указаў па лібэралізацыі эканомікі, а таксама тлумачыць, што пагражае беларускай банкаўскай сыстэме і чаму захоўваецца стабільнасьць беларускага рубля. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— У пятніцу, 21 красавіка, Аляксандар Лукашэнка выступіць з штогадовым пасланьнем у Палаце прадстаўнікоў. Што б вы хацелі пачуць ад кіраўніка дзяржавы? А што, па-вашаму, сёньня трэба казаць, якія эканамічныя крокі рабіць?

— Калі б я быў на месцы прэзыдэнта, то найперш прызнаў бы памылковасьць той эканамічнай палітыкі, якая прывяла да рэцэсіі, зьбядненьня насельніцтва, падзеньня даходаў. Але ў нас за 20 гадоў улады ніколі не прызнавалі памылковасьць сваёй палітыкі, сваёй мадэлі гаспадараньня.

Лукашэнка, відаць, будзе гаварыць пра падрыхтаваны дэкрэт аб разьвіцьці прадпрымальніцтва. Там ёсьць шмат станоўчага, але няма галоўнага, што трэба рабіць для ажыўленьня эканомікі. Праект дэкрэту апублікаваны, таксама дзясятак нарматыўных актаў, накіраваных на абмежаваньне кантролю, пашырэньне свабоды прадпрымальніцтва, неўмяшаньне дзяржавы. Але я там ня ўбачыў галоўнага — гэта незалежнасьць судовай сыстэмы, яе рэфармаваньне.

Нядаўна абвясьцілі злачынцам прадпрымальніка Арбузава. Але ж ёсьць прэзумпцыя невінаватасьці. Неабходна зьнізіць падатковую нагрузку, больш сродкаў пакідаць самім субʼектам гаспадараньня. Трэба ліквідаваць разнастайныя льготы. 44 працэнты ўсіх крэдытаў у нас ільготныя, яны даюцца тым, хто памірае, і такія прадпрыемствы штучна падтрымліваюцца. Няма ані слова аб прыватызацыі.

— За гэтыя гады эканамічных лібэралізацыяў ужо было даволі шмат. І гэтая, як выглядае, будзе тычыцца найперш малога бізнэсу, але ня сутнасных прынцыпаў беларускай эканомікі?

— Так, але там ёсьць нямала правільных палажэньняў. Абмежаваньне відаў дзейнасьці, якія ліцэнзуюцца дзяржавай, неўмяшаньне чыноўнікаў у бізнэс. Але галоўнае — каб кіраўнік дзяржавы ня мог раптоўна заявіць, што ён забараняе звальняць лішніх людзей з вытворчасьці бяз санкцыі мясцовых уладаў. Якая ж гэта свабода бізнэсу?

Незразумела, як улада зьбіраецца падымаць заробак. Сёньня траціна насельніцтва мае 300 рублёў і менш. Хіба гэта заробак, на які можна пражыць?

— Сапраўды, за 2015–2016 гады колькасьць малазабясьпечаных беларусаў вырасла амаль на 25 працэнтаў і дасягнула лічбы 542 тысячы чалавек. Калі колькасьць людзей, якія жывуць за мяжой беднасьці, расьце — якая ж гэта сацыяльная дзяржава?

— Я б сказаў, у нас архаічная мадэль эканомікі. Яна функцыянавала да той пары, пакуль Расея фінансавала рэжым. Насельніцтва бяднее, і гэта даказваецца тым, што людзі трацяць свае валютныя ашчаджэньні, каб падтрымаць нейкі ўзровень жыцьця. 600 мільёнаў даляраў насельніцтва прадало за першы квартал сёлета. Летась беларусы 2 мільярды дасталі са сваіх падушак, панчох і прадалі іх у абменьніках, каб падтрымаць учорашні ўзровень жыцьця.

Мы ідзем у тупік, а ўлада гэтага нібыта ня бачыць

Мы ідзем у тупік, а ўлада гэтага нібыта ня бачыць. Прэзыдэнт павінен быў бы ў сваім выступе сказаць — «я гэта бачу, я прызнаю, што мадэль была памылковая, я буду мяняць курс, мяняць урад». Вядома, я гэтага ад яго не чакаю.

— Замест гэтага Лукашэнка кажа, што заробак у канцы году павінен быць 500 даляраў. Ці магчыма гэтага дасягнуць пры цяперашнім узроўні разьвіцьця беларускай эканомікі?

— Калі звольніць залішні пэрсанал, які сёньня знаходзіцца на прадпрыемствах, то на паперы можна далажыць і пра 500 даляраў. Але гэта ня значыць, што ўзровень жыцьця павялічыцца. Ён толькі зьменшыцца, як ён зьмяншаецца кожны месяц апошнія гады. Каб падняць заробак, патрэбны рост вытворчасьці, эфэктыўнасьці працы, спыненьне стратнасьці, стварэньне новых працоўных месцаў.

А сёньня прапануюць працаўладкаваць на 200, 300 рублёў заробку. Гэта не рашэньне праблемы. Можна зрабіць так, нібыта беспрацоўя няма — але ж яно вялізнае. І гэтыя выступы пратэсту людзей — яны ж ня столькі супраць дэкрэту аб дармаедах, яны супраць жабрацкага ўзроўню жыцьця.

— Ці не адзіны станоўчы момант, які адзначаюць у сёньняшняй эканамічнай палітыцы, — гэта дзеяньні Нацбанку, макраэканамічная стабільнасьць. Але разам з тым нарастаюць такія эфэкты, як замарожваньне эканамічнай актыўнасьці, будаўніцтва, няма грошай для ажыўленьня эканомікі. Ці бачыце вы нэгатыўныя моманты ў стабільным курсе рубля?

— Макраэканамічная стабільнасьць і зьбядненьне людзей ніяк не зьвязаныя. Пытаньне ў эканоміцы. Нарастаюць праблемы ў банкаўскай сфэры. Нядаўна Нацбанк накіраваў ліст камэрцыйным банкам з указаньнем на праблемы ліквіднасьці. Я маю на ўвазе вялізныя крэдыты, выдадзеныя кампаніям, якія працуюць неэфэктыўна. І гэтыя крэдыты ня могуць быць вернутыя.

У нас няма праблемы адсутнасьці грошай у камэрцыйных банках. Грошай хапае. Проста няма пад што крэдытаваць, няма эфэктыўных праектаў у бізнэсе.

Чаму захоўваецца валютная стабільнасьць? Я ўжо казаў, што насельніцтва актыўна прадае свае валютныя ашчаджэньні, падае імпарт, людзі сталі менш езьдзіць за мяжу. Гэтая стабілізацыя адбылася з прычыны жабрацтва людзей.

— Калі такія праблемы ёсьць у банкаў — ці можа дзяржава дапусьціць банкруцтва некаторых зь іх, ці будзе дапамагаць да апошняга?

— Я думаю, будзе дапамагаць. Рэч у тым, што самыя вялікія праблемы зь ліквіднасьцю — у буйных банкаў, дзяржаўных. Нацбанк пра гэта цудоўна ведае. Ёсьць і элемэнты махлярства, перакрэдытаваньне, ствараецца бачнасьць дабрабыту. Але пакуль у нас адміністратыўна-камандная сыстэма — я думаю, гэта ўсё будзе пакрывацца дзяржавай.

— Калі аналітыкі абмяркоўваюць крызіс, падзеньне ВУП апошніх гадоў і разважаюць на тэму, на што спадзяецца Лукашэнка, то прыходзяць да высновы, што кіраўніцтва краіны спадзяецца зноў дамовіцца з Расеяй і што ўсё ў выніку будзе па-ранейшаму. Гэтыя нядаўнія пагадненьні па газу з Расеяй вяртаюць беларускую эканоміку на старыя рэйкі?

— Я думаю, гэта адтэрміноўка банкруцтва беларускай эканомікі. Перасоўваньне на пару гадоў усіх асноўных праблемаў беларускай эканомікі. Расея сама ў глыбокім крызісе, плянуе дэвальваваць свой рубель, і гэта пагоршыць умовы экспарту на расейскі рынак для беларускіх тавараў. Я паглядзеў, што, паводле апошніх вынікаў замежнага гандлю, ніякай дывэрсыфікацыі не адбылося. Наадварот, доля Расеі яшчэ больш павялічылася, вырасла наша залежнасьць ад Расеі. Патрэбны глябальныя зьмены ў эканамічнай палітыцы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG