Ролю ўкраінскіх валянтэраў у супраціве расейскай акупацыі высока ацэньваюць нават праціўнікі: па ўзроўні небясьпечнасьці іх ставяць у адзін шэраг з байцамі Нацыянальнай гвардыі.
Грамадзкі ўнёсак у справу падтрымкі вайскоўцаў, якія супрацьстаяць вонкавай агрэсіі на перадавой, цяжка ацаніць нават прыблізна. Але ў размовах з тымі, хто па праграме ратацыі нядаўна вярнуўся зь лініі фронту, дапамога салідарна характарызуецца як «бясцэнная». Шмат хто ўвогуле катэгарычны: каб не сабраныя ўсёй грамадой пасылкі з харчамі, амуніцыяй ды лекамі, сядзець бы «гвардзейцам» у акопах голымі і галоднымі.
Вайсковец: Вопратка згарэла, але апранае не дзяржава, а валянтэры
«Каб не валянтэры, я ўвогуле ня ведаю, у чым бы хадзіў», — апавядае ўдзельнік «дэбальцаўскага катла», ня раз паранены ў баях з прарасейскімі баевікамі старшына Ігар Доўбыш:
«Ясна, што салдаты між сабой на эмоцыях рознае гавораць. Але гэтыя эмоцыі небеспадстаўныя. Асабліва калі складаны дзень зацягваецца ў складаны тыдзень ці месяц. Насамрэч крыўдна, калі дзяржава пра цябе папросту забываецца, калі кідаюць у пекла і робяць выгляд, што яны тут ні пры чым. Гіне сябра ці цяжка паранены — з гэтым немагчыма зьмірыцца, але гэта вайна, усе гэта разумеюць. Дрэнна, калі цябе падстаўляюць. Тут і так цяжка: практычна кожны, хто вярнуўся зь перадавой, скажа, што ні тэхнікі няма, ні апрануцца толкам, ні мэдыкамэнтаў.
Мая вопратка згарэла, але мяне апранае не дзяржава, а валянтэры, за што я ім бязьмежна ўдзячны. „Разгрузку“ разарвала, няма куды нават упакавацца — зноў ратуюць валянтэры. Армейскі тыл мне фактычна ніяк не дапамагае. Ня толькі мне, гэта агульная карціна. Тым ня меней гэта мая армія, наша армія, якая яна ні ёсьць — застаецца прымаць яе такой. Дасьць Божа, яна падымецца і ўсё будзе добра. Але яшчэ раз кажу: крыўдна, калі цябе вось так зьліваюць, круціся, як хочаш».
Жыхаркі Чаркасаў Тацяна Валачай і Ларыса Когут — асобы знакавыя, вядомыя далёка за межамі рэгіёну. Дапамогу вайскоўцам зьбіраюць акурат год, калі Расея распачала «ціхую акупацыю» Крыма і асобныя часткі Нацыянальнай гвардыі былі вымушаныя адступіць на «вялікую зямлю». За прамінулы час аб’ём ахвяраваньняў вылічваецца ўжо сотнямі тонаў:
«Мы з Ларысай амаль 10 месяцаў каардынуем дзейнасьць нашай валянтэрскай арганізацыі, а першая паездка была яшчэ ў сакавіку да Юрыя Мамчура. Гэта, безь перабольшаньня, наш легендарны палкаводзец, які выйшаў са сьцягам вайсковай часьці аэрапорта ў Бельбеку і дзяржаўным сьцягам Украіны супраць прафэсійных, узброеных расейскіх „зялёных чалавечкаў“. Гэта калі яшчэ не было маштабных ваенных дзеяньняў, толькі пачалася акупацыя Крыму.
Калі мы ўдвух пачалі абіваць парогі дзяржаўных установаў, палітычных партыяў, на жаль, ніякай падтрымкі так і не атрымалі
Шчыра кажучы, непрыемна пра гэта казаць, але, зноў жа, калі мы ўдвух пачалі абіваць парогі дзяржаўных установаў, палітычных партыяў, на жаль, ніякай падтрымкі так і не атрымалі. Але нас гэта не спыніла, і спачатку дзьве сям’і — Ларысы і мая — вырашылі ўласным коштам паехаць і падтрымаць нашых салдат. Мы сабралі 10 тон дапамогі, атрымаўся пад завязку запоўнены грузавік, і паехалі ў горад Мікалаеў. Гэта ўжо потым людзі пачалі далучацца, а напачатку ахвотных было няшмат.
Ня буду хаваць, была маса эмоцыяў, маса ўражаньняў ад таго, як нас сустракаў і сам Юры Мамчур, і ягоны намесьнік Алег Алегавіч. І мы проста ўдзячныя лёсу за тое, што аднымі зь першых далучыліся да гэтага важнага працэсу».
Валянтэр: салдаты цікавяцца адрасамі складоў з харчамі і амуніцыяй
У антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны задзейнічаныя добраахвотныя фармаваньні, падначаленыя абароннаму ведамству. Іх тылавое забесьпячэньне цалкам залежыць ад валянтэрскай салідарнасьці.
Віктар Завальнюк, адзін з прадстаўнікоў палку «Азоў» у Чаркаскай вобласьці, актывіст аб’яднаньня «Грамадзкі блёкпост», кажа, што за прамінулыя месяцы мэханізм дапамогі даведзены да ладу. У некаторых вайскоўцаў нават складаецца ўражаньне, што існуюць адмысловыя, забітыя пад завязку склады, адкуль паступаюць харчы ды амуніцыя:
«Ня трэба гаварыць, што валянтэры кормяць і апранаюць, гэта робіць народ. Валянтэры — толькі пасярэднікі, давайце правільна расставім акцэнты. Напачатку нехта можа свае грошы ўкінуць, але ж запасы ня вечныя. У кагосьці быў бізнэс, спрабаваў нешта рабіць, але сродкі скончыліся, і цяпер займаюцца зборам ахвяраваньняў. Рэальна дапамагаюць людзі — бабулькі, дзядулькі. Быў такі выпадак, амаль унікальны. Калі трапіў на Славянскі блёкпост, было, як у песьні Макарэвіча: сяджу ў куце, і ў маёй галаве наразаюцца кароткія фільмы, эпізоды; знаёмісься, кожны расказвае свае гісторыі. Дык вось, калі мы ўжо ад’ехалі, тэлефануе майму сябру 20-гадовы хлопчык з 25-й брыгады (пацан такі белабрысы, зусім дзіцё яшчэ, быў потым паранены): а дзе тыя склады, зь якіх вы ўсё возіце? Сябра яму кажа: Ілюша, няма ніякіх складоў, бабулі і дзядулі даюць па 5 грыўняў, і мы вам купляем.
Ілюша, няма ніякіх складоў, бабулі і дзядулі даюць па 5 грыўняў, і мы вам купляем
Але хоць прайшло столькі часу, дагэтуль тэлефануюць, просяць: а можна ў вас форму ўзяць? Сябра, кажу, няма ў валянтэраў складоў. Бярэш народную грыўню, ідзеш і купляеш, дзе што таньнейшае. Магчыма, дзесьці ў Кіеве і ёсьць запасы, але ў Чаркасах складоў няма. А дзяржава, да чаго я і падводжу, пабачыла, што мэханізм працуе, і рассылае прапановы, арганізуе кшталту кірмашоў: маўляў, хочаце дапамагчы — мы вам прададзім. То бок прыйдзіце, у нас купіце і аддайце салдатам, калі хочаце дапамагчы».
Праваабаронца: валянтэры і «Правы сэктар» — жах для «сэпараў»
Валянтэр, праваабаронца Валеры Макееў ад пачатку збройнага канфлікту ў Данбасе займаецца вызваленьнем украінскіх ваеннапалонных. Летась падчас аднаго з «узгодненых» абменаў сам трапіў у рукі да сэпаратыстаў і 100 дзён адбыў у луганскім «гулагу». Адтуль вынес перакананьне: валянтэры для прарасейскіх баевікоў — з катэгорыі ворагаў № 1:
«Валянтэрскі рух ва Ўкраіне ўражвае ўсіх. Нядаўна былі расшыфраваныя адны перамовы, надзвычай паказальныя. Ня буду называць фігурантаў, каб не рабіць лішняй рэклямы. Хіба ўдакладню, што на адным канцы была расейская „праваабаронца“, якая насамрэч аказалася зусім іншай па сваім пакліканьні. Дык вось падчас гутаркі з маскоўскім „куратарам“ яна заявіла: тут такі валянтэрскі рух, што ўявіць сабе ня можаце, немагчыма ні з чым параўнаць...
Нядаўна пабачыў лічбу: толькі на афіцыйны рахунак Міністэрства абароны грамадзяне Ўкраіны пералічылі 1,5 мільярда грыўняў. Пры тым, што гэтаму рахунку ніхто асабліва не давярае і людзі стараюцца кантактаваць з валянтэрскімі арганізацыямі наўпрост. У сваю чаргу, экспэрты на падставе сваіх ацэнак кажуць, што валянтэры сабралі і перадалі на патрэбы арміі сумарна да 40 мільярдаў грыўняў, фактычна яе ўтрымліваюць. Гэта ў краіне, дзе глыбокі крызіс і лішніх грошай ні ў кога няма.
Дарэчы, калі я сам быў у палоне, неаднаразова чуў, што для сэпаратыстаў горш за ўсіх на сьвеце — гэта „Правы сэктар“ і валянтэры. Ворагі № 1. То бок дасылаецца дакладны мэсыдж: вы для нас — горшыя за Ўзброеныя сілы. Дзеля справядлівасьці, быць бясконцымі донарамі людзі таксама стаміліся, любыя рэсурсы не бязьмежныя».
Пэнсіянэры адкладаюць з пэнсіі, школьнікі эканомяць на абедах
Між тым самі валянтэры ня схільныя лічыць, што ідэя дабрачыннасьці «выдыхаецца». Як кажа адна з актывістак руху салідарнасьці спадарыня Ірына, у любога чалавека адкрываецца другое дыханьне, калі дзеля гэтага ёсьць маральны стымул. Тым больш што хісткае замірэньне на Ўсходзе — не падстава да самазаспакаеньня:
«Адкрываецца другое дыханьне, асабліва калі бачыш хлопцаў, калі адчуваеш, як ім цяжка. Месяц таму перад табой быў здаровы, прыгожы чалавек, а потым сустракаеш — ён ужо на мыліцах. І ўмудраецца захоўваць маральны дух. Бачачы такое, мы ад іх таксама зараджаемся. Так, людзі стамляюцца, мы ўжо год, ад леташняга сакавіка, у гэтым варымся, у нас няма выходных увогуле.
Я шматдзетная мама, маю трох дзяцей, працую. Муж круціцца на дзьвюх працах, бо трэба, як кажуць, дэбет з крэдытам зводзіць. І пры гэтым разумееш, што ня можаш быць ад усяго гэтага ўбаку. Мы з усімі супрацоўнічаем, аб’ядналіся, дапамагаем. У нас ёсьць адно, у кагосьці — іншае, мы дагружаем іх, яны — нас, падстрахоўваем. Вядома, крыху стаміліся, але калі ў спартоўца не адкрыецца другое дыханьне, будзь ён спрынтэрам ці маратонцам, ён не пераможа. І тое, што я ўбачыла ва ўкраінскім народзе, радуе.
Людзі ператварыліся з заштатных спрынтэраў у пераможцаў. Як зазвычай бывае? О, давайце штосьці зробім, у нас ёсьць ідэя! Тыдзень, максымум месяц паспрабавалі — і выдыхліся. А ў гэтых катлах людзі ўжо год варацца, разумееце? Безь перабольшаньня, адбываецца нешта звышнатуральнае. Таму я веру, што другое дыханьне ў людзей ёсьць, і яго найперш стымулююць байцы, якія вяртаюцца з вайны».
Валянтэры расказваюць, што найбольш кранальныя моманты — калі з дапамогай прыходзяць пэнсіянэры ці дзеці. Тыя сацыяльныя групы, якія, па сутнасьці, самі існуюць дзякуючы «датацыям» з боку сваякоў (пэнсіі ў старых з дэвальвацыяй грыўні фактычна ператварыліся ў пыл). Іх клопат каштоўны перадусім сваёй маральнасьцю. Працягвае спадарыня Ірына:
«Прыходзяць людзі — дзядулі, бабулі — прыносяць грошы са сваёй пэнсіі. Ну якая цяпер у чалавека пэнсія? А ён дзьве тысячы грыўняў адклаў. Я іду з гэтым старым дзядком у краму, каб разам паглядзець, што трэба салдаціку, купляем нешта, і ён са сьлязьмі на вачах кажа: „Ведаеш, я ж памятаю яшчэ тую вайну. Як я магу не дапамагчы? Немагчыма зразумець, чаму сёньня гінуць зусім маладыя хлапчукі“. Калі гэта бачыш, рэальна сэрца разрываецца. Альбо калі прыходзяць дзеці, прыносяць малюнкі, шакалядкі. Дзяўчынка зэканоміла на школьным абедзе, купіла за свае грошы нейкія слодычы салдаціку і яшчэ малюначак прыкладзе. Хіба гэта не пра ўсё кажа? Такі народ, шчыра кажучы, не перамагчы. Бо тое, што хлопцы зь перадавой расказваюць, гэта жахліва цяжка. Нават нам складана такое слухаць, таму немагчыма ўявіць, што там адбываецца насамрэч. Але мы ўсё ж верым, што будзе сьвята і на нашай вуліцы, стопрацэнтна. Таму што Бог усё бачыць».