Больш за 2 мільёны чалавек вымушана зьехалі з зоны канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, кінуўшы на разрабаваньне нажытую за многія гады маёмасьць. Сярод іх — і большая частка калектыву рэдакцыі найстарэйшай у рэгіёне газэты «Донбасс», якую сэпаратысты ад самага пачатку занесьлі ў сьпіс нядобранадзейных.
Спачатку захапілі рэдакцыю, потым разбамбілі друкарню
Галоўны рэдактар выданьня Аляксандар Брыж разам зь сям’ёй спачатку перабраўсяў Кіеў, потым у Запарожжа, нарэшце было прынятае рашэньне атабарыцца ў цэнтральнай Украіне, у Чаркасах. Тут журналіст працягвае рабіць газэту для тых, хто з розных прычынаў застаўся ў зоне канфлікту. У Данецку засталіся дом і кватэра. Пэрспэктыва вярнуцца робіцца з кожным днём усё больш прывіднай:
«Гэта тэрарысты, будзем гаварыць проста. Яны і мяне захоплівалі, спрабавалі прымусіць на іх працаваць. Не атрымалася. Урэшце зь сям’ёй адтуль выехаў, а прадпрыемства — адкрытае акцыянэрнае таварыства „Газета „Донбасс““ — вымушаныя былі вывесьці ў больш бясьпечнае месца. Спыніўся выпуск газэты 3 чэрвеня мінулага году, мне нічога не заставалася, як адпусьціць людзей у неаплатныя адпачынкі, бо працаваць не было ніякай магчымасьці. Спачатку сэпаратысты захапілі наш будынак, потым узялі друкарню, дзе мы друкаваліся. Адным словам, ніякіх умоваў для выпуску газэты ў Данецку ўжо не было. У выніку зьмянілі месца знаходжаньня, і сёньня наша прадпрыемства зарэгістраванае ў горадзе Чаркасы. Пачынаючы ад 1991 году, калі кампартыю ссунулі з кіроўных пазыцыяў, „Данбас“ — незалежная газэта, якую заснаваў журналісцкі калектыў».
Апытанка на сайце газэты «Донбасс»
За амаль стогадовую гісторыю газэта займела рэпутацыю сур’ёзнага выданьня. Сфэра інтарэсаў рэдакцыі пастаянна пашыралася, пра што сьведчыць вялікая колькасьць тэматычных дадаткаў. Існавала і самастойная інтэрнэт-вэрсія, куды штомесяц заходзіла больш за мільён наведнікаў. Але, як кажа спадар Брыж, сэпаратысты, па сутнасьці, зьнішчылі выданьне, выціснуўшы са звыклага арэалу існаваньня і журналістаў, і чытачоў. Па яго словах, ад лета выпуск друкаваных нумароў, мяркуючы па ўсім, давядзецца спыніць і цалкам сысьці ў сеціва:
«Як бы там ні было, газэта пакуль выходзіць і мы па-ранейшаму стаім на патрыятычных пазыцыях. Некаторыя нашы карэспандэнты жывуць на акупаванай тэрыторыі, даюць адтуль жывыя матэрыялы, апавядаючы, як жыхары пераносяць бамбаваньні, страты блізкіх, як дапамагаюць адзін аднаму і г. д. Найперш раскрываем, якая сытуацыя ў Данецкай вобласьці, што там адбываецца. Паколькі наш губэрнатар вымушана пасяліўся ў Краматорску — гэта горад на поўначы вобласьці, таксама і адтуль інфармацыя паступае.
Пішам, што неспакойна пад Марыюпалем — у Шырокіна кожны дзень ідуць баі, хоць паводле менскіх дамоўленасьцяў нібыта павінна было наступіць замірэньне.
На жаль, атакі з боку прарасейскіх тэрарыстаў працягваюцца, узялі, як вы ведаеце, Дэбальцава, цяпер вось хочуць захапіць Марыюпаль. І ўсе гэтыя заявы Пуціна пра тое, што яны „жадаюць міру Ўкраіне“ — чыстай вады дэмагогія, хлусьня. Ён проста хоча схаваць свае пляны на захоп часткі Ўкраіны. Што ўжо практычна і адбылося».
Абласную тэлерадыёкампанію ператварылі ў ваенную базу
Аляксандар Брыж расказвае, што размовы з тымі, хто не хацеў служыць новым уладам, былі кароткія. Па сутнасьці, ставіўся ўльтыматум: або прысягаеш на вернасьць так званай ДНР, або зьбіраеш манаткі і зьнікаеш цягам гадзіны:
Былі, вядома, нападкі на журналістаў. Прычым сэпаратысты так званыя, калі дарваліся да ўлады, адразу заняліся галоўным для сябе пытаньнем — захопам адміністрацыйных будынкаў
«Былі, вядома, нападкі на журналістаў. Прычым сэпаратысты так званыя, калі дарваліся да ўлады, адразу заняліся галоўным для сябе пытаньнем — захопам адміністрацыйных будынкаў: гарадзкой і абласной адміністрацыі, СБУ, пракуратуры, міліцыі. Потым, дзесьці ў сакавіку (відаць, прыйшло адпаведнае ўказаньне з Масквы, будзем наўпрост гаварыць), сталі захопліваць рэдакцыі СМІ. Пачалі з нашай абласной тэлерадыёкампаніі, дзяржаўнай. У яе добрая база, тэрыторыя; яны туды ўламіліся з аўтаматамі, выдварылі супрацоўнікаў, прымушалі генэральнага дырэктара прынесьці прысягу ДНР. Ён не пагадзіўся, па сутнасьці, зьбег, выехаў адтуль. Тады яны пасадзілі там сваіх людзей, зрабілі гэтую тэрыторыю «ваеннай базай» і пачалі вяшчаць са сваімі каналамі — так званы «Первый республиканский», «Новороссия», расейскія. Паралельна адключылі ўсе ўкраінскія тэлеканалы, літаральна вымусілі правайдэраў прыбраць іх са сваёй сеткі. Карацей, прынесьлі сваё «незалежнае тэлебачаньне».
Адметна, што пакуль ідэолягі новай улады разьбіраліся з электроннымі мэдыямі, пра друкаваныя СМІ на нейкі час забыліся. Зрэшты, не надоўга. Як кажа спадар Брыж, неўзабаве людзі ў форме і з аўтаматамі пагрукаліся і ў іхнюю рэдакцыю:
«Неўзабаве пачалі нападаць на друкаваныя СМІ, відаць, паступова вымаляваўся плян „прыватызацыі“. У іх узьнікла „міністэрства інфармацыі“, зьявіўся цэлы „міністар“, пачаліся „рэформы“. Падпарадкавалі сабе незалежную газэту „Провинция“ ў Канстанцінаўцы, прыйшлі і адкрыта сказалі: або мы вас усіх зьнішчым, або вы працуеце на нас. Паставілі свайго рэдактара, і той пачаў выпускаць „правільную“ газэту, якая працавала на сэпаратыстаў. Гэтаксама разграмілі камунальную газэту ў Тарэзе, „Горняк“ называлася, разбамбілі газэту ў Славянску, калі быў заняты сэпаратыстамі. Потым прыйшлі ў газэту „Вечерний Донецк“, да нас, намагаліся прымусіць служыць. Некаторыя СМІ падпарадкаваліся — у асноўным тыя, дзе рэдактарамі былі жанчыны, якія любым чынам хацелі захаваць выданьне. Так, у Макееўцы выходзілі дзьве газэты — „Макеевский рабочий“ і „Вечерняя Макеевка“. Яны выходзяць і цяпер, пасьля захопу гораду. Падпарадкаваліся, сэпаратысты пасадзілі свайго куратара ў рэдакцыі, як цэнзара. Носяць паказваюць палосы перад выхадам. І яны друкуюць тыя матэрыялы, якія ім неабходныя, якіх яны патрабуюць».
Сабаку і яго гаспадара абвінавацілі ў прапагандзе ўкраінскай сымболікі
Па словах суразмоўцы, часьцяком журналісты станавіліся «разьменным таварам» падчас «чэнджу» з украінскім бокам. Іншымі словамі, асабліва ўпартых журналістаў па сваёй значнасьці прыраўноўвалі да ваеннапалонных:
«Так, былі і абстрэлы, і захопы журналістаў, увогуле ў Данецкай вобласьці шмат журналістаў было затрымана. Бандыты ў будынках СБУ і адміністрацыі зрабілі свае казематы, куды кідалі тых, хто не даспадобы, зьдзекаваліся зь іх, трымалі ў якасьці палонных, потым мянялі. Так што многія журналісты зазналі вельмі жорсткі прэсінг, з пагрозамі, са зброяй. Ну, а тыя, хто патрыятычна настроены і не хацеў гніць па турмах, былі вымушаныя зьехаць з тэрыторыі вобласьці. Журналістам-патрыётам там месца не засталося, іх перасьледавалі. Увогуле сэпаратысты на дух не пераносяць нічога ўкраінскага — пачынаючы ад сьцяга і гімна і заканчваючы нават ускосным згадваньнем пра Ўкраіну».
Спадар Аляксандар расказвае, што часам перасьлед даходзіў да абсурду — у антырасейскіх настроях падазравалі нават... хатніх жывёл:
Анэкдатычны выпадак расказаў рэдактар нашай спартовай газэты — то бок да палітыкі нібыта ніякага дачыненьня. Ён прыехаў у Данецк, выйшаў пагуляць з сабачкам — маленькі ёркшыр, дакладна ня памятаю пароду. На сабачку была накідка жоўта-блакітнага колеру.
«Анэкдатычны выпадак расказаў рэдактар нашай спартовай газэты — то бок да палітыкі нібыта ніякага дачыненьня. Ён прыехаў у Данецк, выйшаў пагуляць з сабачкам — маленькі ёркшыр, дакладна ня памятаю пароду. На сабачку была накідка жоўта-блакітнага колеру. І вось прычапілася нейкая старая баба, відаць, з катэгорыі тых, якія ўсюды гістэрычна выступаюць: а што гэта ў цябе сабака пад украінскім сьцягам ходзіць? Выклікала аўтаматчыка, той прыйшоў і вымусіў распрануць сабачку. Інакш, кажа, мы зараз вас удвох забяром. Вось маразм да чаго даходзіць, дурдом у літаральным сэнсе».
Страляюць па Нацгварыі, потым разварочваюцца — і б’юць па Данецку
Усё часьцей здабыткам галоснасьці становяцца мэтады, якімі прарасейскія баевікі намагаюцца спарадзіць варожасьць жыхароў акупаваных тэрыторыяў да Ўкраіны. А да распальваньня нянавісьці актыўна далучаюцца ваенныя карэспандэнты расейскіх тэлеканалаў:
«Час ад часу настае фаза актыўных абстрэлаў, калі проста зьнішчаюць гарады. У мяне ёсьць таварыш, які застаўся ў Данецку. Ён займаецца аўтамабільным бізнэсам, яму ўсё роўна, якая ўлада, ён наконт гэтага ня моцна перажывае. Сярод ягоных сяброў аказаўся адзін, які супрацоўнічае з сэпаратыстамі, то бок узяў у рукі аўтамат — і пайшоў ваяваць. Дык вось калі Данецк абстрэльвалі, мой таварыш яму тэлефануе і пытаецца: слухай, Пеця, скажы, хто гэта страляе па Данецку? Той кажа: як хто? Мы страляем. — Навошта? — А чаго яны па дамах сядзяць, не выходзяць за нас ваяваць? Вось мы па іх і страляем, каб выклікаць пачуцьцё «патрыятызму да ДНР». То бок па ўсіх каналах іх камандзіры расказваюць, што страляе толькі ўкраінская армія, а насамрэч самі робяць гэта ў правакацыйных мэтах: пастралялі па пазыцыях Нацгвардыі, а потым разварочваюць гарматы, мінамёты і страляюць па нашых гарадах. А пад гэта выклікаюць расейскіх журналістаў, якія едуць на тое месца, куды накіраваны абстрэл, і адразу ж выдаюць карцінку ўкраінскіх «бясчынстваў».
Як кажа Аляксандар Брыж, масіраваная прапаганда робіць сваю справу, і паступова ў сеткі «ідэалаў» мяцежных ДНР ды ЛНР зацягваецца ўсё болей «вызваленых» данбасцаў ды луганцаў. Зрэшты, многія проста маўчаць, бо стаміліся ад вайны і прагнуць мірнага жыцьця пры любой уладзе:
Вядома, чым даўжэй зацягваецца гэты канфлікт, тым больш нашы людзі зазнаюць вось такое гіпнатызаваньне, замбаваньне. Некаторыя нават мае знаёмыя ўжо пачынаюць наўпрост абвінавачваць Украіну ў тым, што гэта, маўляў, яна ваюе.
«Вядома, чым даўжэй зацягваецца гэты канфлікт, тым больш нашы людзі зазнаюць вось такое гіпнатызаваньне, замбаваньне. Некаторыя нават мае знаёмыя ўжо пачынаюць наўпрост абвінавачваць Украіну ў тым, што гэта, маўляў, яна ваюе. Але ж з вайной туды прыйшла зусім не Ўкраіна, яна проста хоча вярнуць свае тэрыторыі, гэтага пакуль не ўдаецца. І я думаю, што цяпер настроі тых, хто там жыве — хоць 2 мільёны чалавек выехалі, але блізу 4 мільёнаў у межах акупаваных тэрыторыяў Данецкай і Луганскай абласьцей яшчэ застаюцца — як мінімум у паловы такія, каб усталяваўся мір, каб нарэшце скончылася вайна, абстрэлы. Пры любой уладзе, абы толькі быў мір. Так, некаторыя сталі прыхільнікамі ДНР, але патрыятычныя настроі канчаткова ў іх ня зьнішчаныя. Многія хочуць вярнуцца ў адзіную Ўкраіну і жыць, як і раней, у адной сям’і».
Баевікі рабавалі банкі, крамы — вывозілі на мільёны грыўняў
Многія жыхары «сэпаратысцкіх» рэгіёнаў на ўласныя вочы пераканаліся ў сутнасьці «вызвольнай місіі» — браць усё, што дрэнна ляжыць. А калі не аддаюць — правераны аргумэнт у выглядзе «ствала»:
«Некаторыя старыя, якія жылі яшчэ пры СССР, напэўна, хочуць у Расею. Наслухаўшыся прапаганды, яны паверылі, што ў Расеі лепш, былі перакананыя, што разам з сэпаратыстамі прыйдзе „вялікая Расея“ і жыцьцё ў іх у той жа момант стане як у казцы. Але гэтага не адбылося. Тады пачынаецца расчараваньне, людзі перастаюць верыць у тую ДНР. Тым больш, была магчымасьць пераканацца, што самазванцы, якія захапілі ўладу, — сапраўдныя тэрарысты, гвалтаўнікі, рабаўнікі. Яны ж як дзейнічалі? Дапусьцім, па Данецку спускаўся своеасаблівы плян: штосуткі трэба забраць 40 аўтамабіляў, дзе заўгодна — на прадпрыемствах, у народу, бяз розьніцы. Яны ішлі з аўтаматамі, калі хто супраціўляўся — стралялі, не — без тлумачэньня забіралі транспарт. Дакладна гэтак жа рабавалі банкі, крамы — адразу на мільёны грыўняў вывозілі тавар. Яны звычайныя рабаўнікі, і народ у гэтым ужо пераканаўся».
Ня так даўно ў складзе дэлегацыі ўкраінскіх журналістаў Аляксандар Брыж пабываў у Беларусі. Як звычайна, арганізатары павазілі гасьцей па ўзорных гаспадарках, добра прымалі, але ад публічнага абмеркаваньня сытуацыі ва Ўкраіне ўпарта ўхіляліся. З чаго суразмоўца робіць выснову, што крамлёўская прапаганда замбуе ня толькі расейцаў, але і штатных саюзьнікаў:
«Гомельская журналістка Натальля Прыгодзіч надрукавала са мной інтэрвію пад назвай „З рэдакцыі мяне вывелі пад дулам аўтамата“. Я расказаў гісторыю, якая са мной здарылася. Гутарка была апублікаваная 20 лютага, праз два дні я зайшоў на сайт і знайшоў там 239 камэнтароў, абмяркоўвалася даволі актыўна. Я іх уважліва прааналізаваў, літаральна ўсе прачытаў, хоць маральна было досыць цяжка — 55% камэнтатараў паставіліся да мяне яўна адмоўна, нэгатыўна. Называлі баязьліўцам, здраднікам, ледзь не фашыстам праўкраінскім. То бок бальшыня тых, хто камэнтаваў матэрыял, настроеныя па-антыўкраінску, і толькі 30% людзей сказалі — так, малайчына, ён патрыёт, ухвалілі маю пазыцыю. Астатнія запісы былі нэўтральнага характару — маўляў, трэба падзеі асьвятляць аб’ектыўна, а ў Данецку гэта рабіць немагчыма. Так што антыўкраінскія настроі ў Беларусі таксама жывучыя. Прынамсі, расейскай прапагандзе ўдалося шмат беларусаў у гэтым пераканаць.
Калі апошні раз сустракаліся ў адной з вашых гаспадарак (па-мойму, гэта агракамбінат „Дзяржынскі“), — прыйшоў малады калега, прадставіўся сябрам праўленьня Беларускага саюзу журналістаў. Нармальна гутарылі, і тут ён раптам задае нечаканае пытаньне: а навошта вы ваюеце з Расеяй? Я ледзьве з крэсла не зваліўся — мы ваюем з Расеяй? Яны прыйшлі да нас з „Градамі“, са „Сьмерчамі“, захапілі спачатку Крым, потым частку Данбасу. І гэта мы зь імі ваюем? Мы адстойваем сваю зямлю, сваю Радзіму... Зрэшты, ён назваўся рэдактарам нейкага часопіса. Відаць, выданьне праўрадавае, са сваёй вызначанай ідэалёгіяй...»
Агулам у рэдакцыі газэты «Данбас» Аляксандар Брыж адпрацаваў больш за 30 гадоў, зь іх 18 гадоў — галоўным рэдактарам. Але апошні дзень працы будзе стаяць перад вачыма ўсё астатняе жыцьцё — з офіса яго вывелі пад дулам аўтамата. Калі на допыце паставілі перад выбарам — служыць ДНР ці вымятацца зь «незалежнай рэспублікі» — давялося пакінуць родны горад літаральна з адным чамаданам.