Пасьля амаль месяца маўчаньня палітвязень Ігар Аліневіч змог патэлефанаваць дамоў. Маці Ігара Валянціна Аліневіч паведаміла пра званок сына карэспандэнту Свабоды.
«Голас у яго быў стомлены, магчыма, таму, што адпрацаваў зьмену, ці зь якой іншай прычыны. Але я была вельмі рада, бо месяц не было ад яго званка. Ігар сказаў, што адстаяў вялікую чаргу, каб пазваніць дамоў. Бо людзі ў калёнію ўсё прыбываюць, а тэлефонных апаратаў не хапае, і таму вялікія чэргі, каб стэлефанавацца. У Ігара нібыта справы ідуць цяпер больш-менш, ва ўсякім разе, за гэты месяц у карцэр не адпраўлялі, але пра ўмовы больш ён нічога ня кажа. Відаць, з пэўнай прычыны», — паведаміла Валянціна Аліневіч.
У канцы красавіка — пачатку траўня Ігар Аліневіч адбыў 10 сутак у карцэры, куды за час знаходжаньня ў калёніі «Віцьба-3» трапляў ужо некалькі разоў. Прычыны пакараньня сваякам палітвязьня невядомыя. Раней у калёніі Ігара Аліневіча пазбавілі доўгатэрміновага спатканьня са сваякамі і адмовілі ў праве атрымліваць перадачы. Каб набыць харчы ў турэмнай краме, Ігар Аліневіч можа выкарыстаць на месяц толькі 180 тысяч рублёў — адну базавую велічыню. Маці палітвязьня мяркуе, што такі парадак адносна Ігара Аліневіча ўведзены з адмысловых прычын.
Паводле зьвестак ад Ігара Аліневіча, у траўні калёнію «Віцьба-3» наведвала праверка. «Пра тое, што ў выніку праверкі ўмовы сталі ў нечым лепшымі, сын нічога не казаў», — сказала Валянціна Аліневіч.
Ігар Аліневіч — актывіст анархісцкага руху. Ён працягвае цікавіцца лёсамі сваіх сяброў-аднадумцаў, якія таксама былі асуджаныя за ўдзел у пратэстных акцыях 2010 году.
«Пытаўся ў мяне пра Мікалая Дзядка, які, як вядома, рэзаў вены на руках на знак пратэсту ў калёніі ў Горках. Ігар прачытаў пра гэта ў газэтах, якія атрымлівае. Перадаваў прывітаньне ўсім, хто яго памятае», — паведаміла Валянціна Аліневіч.
У 2011 годзе Ігара Аліневіча асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны актывіст не прызнаў і адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Праваабаронцы зь «Вясны» мяркуюць, што Ігара Аліневіча, як і некаторых іншых палітвязьняў, адмыслова залічылі ў «злосныя парушальнікі рэжыму», каб яны не маглі разьлічваць на амністыю.
Першыя тры гады тэрміну Ігар Аліневіч адбываў у наваполацкай калёніі. Ўлетку мінулага году палітвязьня перавялі для адбыцьця пакараньня ў калёнію пад Віцебскам, дзе ён неўзабаве трапіў у карцэр.