Лепшай назвай гэтай кнігі быў бы пачатак легендарнай фразы рымскага консула Катона-старэйшага, які сканчаў прамову на любую тэму напамінкам пра Картаген, які трэба разбурыць: «Ceterum censeo» — і ўсё ж, я мяркую...
Ceterum censeo, «Мой Картаген» зьяўляецца напамінкам пра тое, што варта адрадзіць.
Лепшай мовай для гэтай кнігі была б лаціна — медны звон літых гукаў, якімі гаворыць гісторыя.
Ceterum censeo, беларуская сама зьяўляецца гісторыяй, пра якую гаворыць.
Лепшай прадмовай для гэтай кнігі быў бы верш Веры Рыч «Рэцэпт цуду»: вазьміце краіну, якой на мапе няма, чые колеры й знакі разам з гісторыяй забралі суседзі, наліце сьлёз, усё гэта зьмясіце ў вечным посудзе часу.
Ceterum censeo, замешваць трэба ня фарбы, а попел, які зносіць вецер забыцьця.
Лепшым эпілёгам гэтай кнігі была б соль, якой аўтар пасыпае раны мінулага, як некалі рымляне засыпалі разбураны імі горад.
Ceterum censeo, гэта соль не на мінулае, а на памяць, яна баліць, і значыць, жыве і не дае забыцца.
Лепшыя словы, вучыў Катон, прыходзяць, калі ведаеш справу.
Ceterum censeo — аўтар ведае.
Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Абламейкі «Мой Картаген» адбудзецца сёньня, 7 ліпеня, ў сталічнай кнігарні «Логвінаў» (пр.Незалежнасьці, 37а). Пачатак а 19-й.