Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Акудовіч: «Сяргей Абламейка думае сэрцам»


Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч

Кніжная сэрыя Радыё Свабода папоўнілася новым выданьнем. Гэта збор эсэ Сяргея Абламейкі «Мой Картаген». Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі дзеліцца філёзаф Валянцін Акудовіч.

Як на мяне, дык кніга Сяргея Абламейкі «Мой Картаген» — адна з найлепшых кніг пра Беларусь. Але калі нехта будзе сьцьвярджаць, што гэта наогул лепшая культуразофская кніга пра нашу краіну, дык я і з тым чалавекам пагаджуся.

Сяргей Абламейка як аўтар мне здавён сымпатычны. Высокаадукаваны, з выдатнай мовай, натуральна схільны да аналітыкі і рэфлексаваньня, ён ня можа не выклікаць цікавасьці і павагі. А яшчэ сп. Сяргей не абы-які эсэіст, што асабіста для мяне таксама шмат значыць, бо эсэ — мой любімы жанр.

Разам з тым лятэнтна, г.зн. невідочна, я — адзін з самых жорсткіх яго апанэнтаў. Прынамсі, стасоўна праектнага канструктуяваньня Беларусі...

Некалі, ужо вельмі даўно, само сабою вымавілася: «Беларусы думаюць сэрцам. Між тым як сэрца найперш створанае дзеля любові. Таму думаць усё ж такі пажадана галавой». Дык вось, сп. Сяргей — адзін з самых яркіх прыкладаў менавіта такога беларуса. З гэтага ў ягоных тэкстах так шмат абурэньня, роспачы і нават адчаю. Што і натуральна пры думаньні сэрцам, бо тая Беларусь, якая ёсьць напраўду, зусім непадобная да той, якую ён хацеў бы любіць. З гэтага і яго зацятае змаганьне за этнічны нацыяналізм, хаця ўжо ў другой палове 20 стагодзьдзя было добра бачна, што ў такога тыпу нацыяналізму няма ніякай цывілізацыйнай пэрспэктывы.

Зрэшты, тут ня месца тэарэтычным спрэчкам. Тым болей што кніга «Мой Картаген» — гэта найперш дзясяткі выдатных эсэ, непарыўна зьнітаваных трывогай за Беларусь. Таму кожнаму, для каго Беларусь — адзін з галоўных сэнсаў яго жыцьця, варта ці нават неабходна пасябраваць зь ёй. Я ў гэтым пэўны.

Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Абламейкі «Мой Картаген» адбудзецца сёньня, 7 ліпеня, ў сталічнай кнігарні «Логвінаў» (пр.Незалежнасьці, 37а). Пачатак а 19-й.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG