Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі пачалі ўсталёўваць вулічныя кантэйнэры для збору ўжываных рэчаў і вопраткі


У Гомелі пачалі ўсталёўваць вулічныя кантэйнэры для збору ўжываных рэчаў і вопраткі. І хоць у Беларусі поўна крамаў сэканд-хэнд, у якіх старызну прадаюць за грошы, гомельскія ўлады мяркуюць, што гараджанам будзе што пакласьці ў кантэйнэры.

Першы кантэйнэр для збору ўжываных рэчаў і вопраткі паставілі на вуліцы Матросава, побач з Савецкай раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Кіраўніца арганізацыі Тацяна Макарава тлумачыць:

«Завод „Камунальнік“ вырабіў гэтыя кантэйнэры, прадпрыемства „Спэцкамунтранс“ аплаціла і ўсталявала. Гэта рабілася з ініцыятывы гарвыканкаму. Відаць, была чыясьці фундатарская дапамога, бо кантэйнэры вырабленыя для Чырвонага Крыжа, але не за нашы грошы. Першы кантэйнэр усталяваны ў нас, а бліжэйшым часам будуць такія кантэйнэры ў іншых раёнах Гомеля і вобласьці, каб кожны ахвотны мог у любы час — нават у суботу, нядзелю, у непрацоўны час — дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Канечне, вялікая просьба, каб рэчы былі памытыя, каб клалі такія, якія мог бы хтосьці насіць».

Суразмоўніца кажа, што на гуманітарную дапамогу, якая прыходзіць у краіну цэнтралізавана, існуе пэўная «разнарадка» — атрымліваюць яе найперш інваліды, шматдзетныя сем’і, тыя ж перасяленцы з Украіны. На атрыманьне «гуманітаркі» патрэбна багата дакумэнтаў, і найперш даведка, што даход на аднаго сямейніка не перавышае 1 мільёна 569 тысяч рублёў. Аднак цяпер у горадзе багата іншых людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе:

«Калі чалавек прыходзіць і кажа, што ён у складанай жыцьцёвай сытуацыі, што яму патрэбнае дзіцячае і дарослае адзеньне, мне дастаткова ягоных слоў. Ён піша заяву і мае права ўзяць усё, што ёсьць у наяўнасьці. Людзі міласэрныя, людзі прыносяць. А парог беднасьці ў кожнага свой. Хто прыходзіць, ніхто пустым не вяртаецца. Для гуманітарнай дапамогі мне патрэбны пакет дакумэнтаў. Але ёсьць сытуацыі, калі чалавека скарацілі, ён шукае працу. Гэта і тыя, хто вызваліўся з турмаў, гэта — зіма надыходзіць — і гарадзкія бамжы. Шмат народу. Час цяжкі — і заўсёды ёсьць тыя, хто мае ў дапамозе патрэбу».

Сартаваньне рэчаў на дэзінфэнцыю
Сартаваньне рэчаў на дэзінфэнцыю

Паводле зьвестак управы сацыяльнай абароны, у адным толькі Савецкім раёне патрэбу ў харчовых наборах маюць амаль пяць з паловай тысяч інвалідаў II групы. А яшчэ ёсьць інваліды першай групы, у ліку якіх і 270 дзяцей-інвалідаў. Гэтаксама і з патрэбамі на вопратку.

Валянтэры Чырвонага Крыжа правяралі ўжо першы кантэйнэр для збору рэчаў і вопраткі. У ім ляжалі мяккія дзіцячыя цацкі. Гараджане яшчэ не пасьпелі прызвычаіцца да новаўвядзеньня. Часьцей яны прыносяць адзеньне проста ў пакой міласэрнасьці пры таварыстве Чырвонага Крыжа, як гэта зрабіла сёньня сямейная пара гамельчукоў:

Сямейная пара пажадала дапамагчы маламаёмным гараджанам
Сямейная пара пажадала дапамагчы маламаёмным гараджанам

Сьвятлана: «Маміны рэчы прывезьлі».

Генадзь: «Сёе-тое і са свайго адзеньня. Шэраг рэчаў з этыкеткамі — яны абсалютна новыя. Людзей, якія маюць патрэбу, дастаткова. Іншыя ж ня ведаюць, куды падзець дыхтоўную рэч. Мы самі крыху паправіліся і ня ўсё можам надзець, а рэчы яшчэ вельмі добрыя. Сам бы насіў, але памер ужо ня той. І надзвычай добра, што кантэйнэры паставілі».

Яшчэ адна з гараджанак апавядае, што гараджанаў, якім патрэбная дапамога, у апошнія гады паболела. Яны не заўсёды відаць на цэнтральных вуліцах. Гамельчукі гэта ведаюць і выносяць ужываныя рэчы да сьмецьцязборнікаў:

«Гэтыя кантэйнэры вельмі актуальныя, бо людзі кепска жывуць. На вуліцах іх не заўсёды пабачыш. Асабіста ведаю жанчыну, якая зьбірае ўжыванае адзеньне ў знаёмых. Яна цыганка, у яе трое дзяцей. Нармальная, адэкватная цётка. А гляньце на нашы сьметніцы. Часьцяком людзі ня кідаюць адзеньне ў сьметніцы, а вешаюць на бакавіны, на агароджу. Прычым робяць акуратна. Ведаюць, што яно будзе запатрабавана бадзягамі, маламаёмнымі альбо тымі, у каго двое ці трое дзяцей».

Шматлікія крамы сэканд-хэнд прапануюць адзеньне, хоць і за малыя, але грошы. Да таго ж старызна часьцей за ўсё трапляе на паліцы пасьля таго, як яе старанна перабяруць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG