Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за ліпень 2017 году спажывецкія цэны ў Беларусі ня вырасьлі, а ў сярэднім нават зьнізіліся на 0,1%. З пачатку году цэны вырасьлі на 3,3%, за 12 месяцаў — на 6%.
У мінулы раз дэфляцыя ў Беларусі назіралася ў жніўні 2016 году, а да таго — аж у жніўні 2009 году. Цяперашняя дэфляцыя адбылася за кошт харчовых тавараў, якія патаньнелі на 0,7%. Тым часам нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,4%, паслугі — на 0,6%.
Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі заявіў 7 жніўня, што «ў Беларусі ня варта чакаць росту цэнаў» і што цэны «ня будуць расьці бяз пэўнай неабходнасьці». Раней Зіноўскі казаў, што сытуацыя «дазваляе чакаць» гадавой інфляцыі ня большай за 7% і што, на яго думку, інфляцыю можна зьнізіць і да 5%. Дзяржава ж прагназавала інфляцыю ў 9% на 2017 год, а за 2016 год фіксавала інфляцыю ў 11,8% (амаль як ва Ўкраіне).