Сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая, пераможца на выбарах па 97-й Кастрычніцкай акрузе сталіцы, была прызначаная, а не абраная ў парлямэнт — заяўляе кампанія «Гавары праўду», якая ў пэрыяд з 6 па 11 верасьня 2016 году арганізавала назіраньне на ўсіх 29 участках акругі № 97, дзе балятаваліся кандыдаткі і ад АГП, і ад «ГП».
Паводле назіральнікаў кампаніі «Гавары праўду», яўка сфабрыкаваная, у галасаваньні ўзялі ўдзел 40,6% выбаршчыкаў. Назіральнікі ад «ГП» зафіксавалі ўкід амаль 12 тысяч бюлетэняў. Толькі за кошт гэтага ўкіду бюлетэняў афіцыйная яўка склала 59,7%.
Толькі на трох з 29 выбарчых участкаў быў адкрыты і галосны падлік галасоў. На астатніх назіральнікі ня мелі магчымасьці бачыць фактычную колькасьць бюлетэняў, сьцьвярджаецца ў заяве «Гавары праўду».
За час назіраньня 13 назіральнікаў кампаніі былі пазбаўленыя акрэдытацыі або выдаленыя з участкаў. Пяцёх давераных асобаў кандыдатаў таксама выдалілі з выбарчых участкаў. Трое назіральнікаў былі вымушаныя адмовіцца ад назіраньня з прычыны адміністрацыйнага ціску па месцы вучобы і працы.
Кампанія «Гавары праўду» робіць дзьве высновы:
1. Выбары ў Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97 не адбыліся.
2. Дэпутат у гэтай акрузе прызначаны.
Адбылося гэта з-за таго, паводле «Гавары праўду», што «тры дэмакратычныя кандыдаты на адной акрузе не змаглі скаардынаваць сваю працу так, каб мабілізаваць людзей на ўдзел у выбарах. Менавіта пасіўнасьць выбарцаў адкрыла дарогу фальсыфікацыям у акрузе. Трэба дамагацца, каб прыхільнікі мірных перамен не адседжваліся ў дзень галасаваньня па хатах і лецішчах, а прыходзілі на ўчасткі і забясьпечвалі сваёй яўкай рэальную перамогу дэмакратычных кандыдатаў. Тады ніякія махінацыі зь бюлетэнямі не дапамогуць уладам скрасьці голас народу», — робіць выснову кампанія «Гавары праўду».
Паводле афіцыйнай інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, прадстаўніца АГП Ганна Канапацкая набрала 23,7% галасоў; начальнік станцыі «Менск-пасажырскі» Аляксандар Дрожжа — 21%, Тацяна Караткевіч з «Гавары праўду» — 14,4%.