Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымы раскол у АГП з прычыны дэпутацтва Ганны Канапацкай?


Прэсавая канфэрэнцыя Ганны Канапацкай 13 верасьня
Прэсавая канфэрэнцыя Ганны Канапацкай 13 верасьня

Вядомая актывістка АГП, былая кандыдатка ў дэпутаты Вольга Маёрава пагражае выхадам з партыі ў сувязі зь неадмовай Ганны Канапацкай ад дэпутацкага мандату.

Паводле Маёравай, гэта ганьбіць усю партыю.

«Галоўнае пытаньне — як можна адначасова прызнаць выбары нелегітымнымі ва ўсёй краіне і рабіць выключэньне для асобнай акругі?» — кажа Вольга Маёрава і задае яшчэ 8 прынцыповых пытаньняў калегам па партыі. І папярэджвае, што калі 25 верасьня на партыйным сходзе па выніках удзелу ў выбарах не атрымае адказаў, дык сыдзе з АГП.

Пазыцыю Вольгі Маёравай падтрымалі, па яе словах, сябры яе выбарнай каманды, таксама яе падзяляе кіраўнік Менскай абласной арганізацыі АГП Віктар Малочка. 13 верасьня спадар Малочка сказаў Свабодзе, што на знак пратэсту пакіне сваю пасаду.

«У сувязі з тым, што партыя дала згоду на „прызначэньне“ аднаго зь яе сябраў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу... лічу для сябе далейшае кіраўніцтва Менскай абласной арганізацыяй АГП немэтазгодным», — сказаў Віктар Малочка.

Сын Віктара Аляксандар балятаваўся ў дэпутаты па Салігорскай гарадзкой акрузе, дзе ў выніку перамог намесьнік гендырэктара «Беларуськалія» Андрэй Рыбак. Віктар Малочка спаслаўся на размову з Андрэем Рыбаком пасьля выбараў.

«Кажу яму: Андрэй, ты прызначаны дэпутат. А ён мне адказвае: калі так, то і ваша Канапацкая таксама прызначаная. Пасьля гэтага я і вырашыў напісаць заяву аб сыходзе», — сказаў Віктар Малочка і папярэдзіў, што заяву аб сыходзе з партыйнай пасады накіруе 25 верасьня на сустрэчу сьпікераў партыі. Ня выключыў ён і таго, што выйдзе з партыі.

Назіральнікі дапускаюць, што на сустрэчы 25 верасьня пра сыход з АГП могуць заявіць і іншыя партыйныя актывісты. Ці прывядзе гэта да сапраўднага расколу ў партыі? Свабода задала гэтае пытаньне вядомым актывістам АГП Мікалаю Казлову, Льву Марголіну і Сяргею Балыкіну.

Кіраўнік Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Мікалай Казлоў: «На сваёй акрузе Канапацкая была найлепшая»

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Мяркую, ніякага расколу ня будзе. Кажу гэтак, бо меў магчымасьць размаўляць зь сябрамі партыі. Палітрада партыі абмяркоўвала гэтую тэму таксама, і няма нават намёку на раскол.

Зразумела, у нас партыя даволі вялікая, людзі тут з рознымі пунктамі гледжаньня на некаторыя пытаньні, што мне падаецца нармальным, але гаворкі пра раскол партыі праз мандат Канапацкай няма.

Што да майго асабістага стаўленьня да пытаньняў, якія задае Вольга Маёрава, — мне яны падаюцца больш эмацыйнымі, чым сутнаснымі. Так, ёсьць моманты, адносна якіх мы б хацелі, каб іх не было. Бо мы назіралі за выбарамі, і ніхто адносна іх сябе не падманвае. Маю на ўвазе фальсыфікацыі.

Вось я быў на ўчастку Вольгі Маёравай, мяне выдалялі, не далі назіраць за падлікам, і я перакананы, што там выбары не адбыліся, бо яўкі не было. Нават праз укідваньне бюлетэняў падчас датэрміновага галасаваньня яўку ў 50% забясьпечыць не ўдалося, людзей амаль не было. Гэтак можна меркаваць і пра іншыя ўчасткі.

Але я дакладна ведаю, што з нашага боку ніякай змовы з уладамі не было, нічога сабе ў віну мы паставіць ня можам. Так, ёсьць пытаньні. Сказаць, што паўсюль было дрэнна, а на адной акрузе добра, — нельга. Але я мяркую, што трэба скарыстацца гэтай унікальнай сытуацыяй і паспрабаваць.

Асабіста я веру ў Ганну Канапацкую, у тое, што яна будзе адстойваць інтарэсы і партыі, і краіны, і спрабаваць нешта зьмяніць.

Ня ведаю, якая была задума ва ўладзе. Зразумела, што яны хочуць пагуляць з Эўропай, зразумела, што яны хочуць грошай. І яшчэ можна працягнуць гэты шэраг таго, чаго б яны хацелі. Невядома мне і пра тое, чаму выбар прыпаў менавіта на Канапацкую. Але скажу, што для нас, ведаючы Ганну, гэта ня дрэнна, нават добра.

Што да сцэнару ўладаў, пра які шмат кажуць, што мы па ім дзейнічаем: гэта ня так, мы ня ведаем іхняга сцэнару. Але ведаем свой, а цяпер, з улікам абставінаў, удакладнім яго.

А наш сцэнар у тым, каб правесьці прыстойнага чалавека ў парлямэнт ды паказаць розьніцу паміж дэпутатам-андроідам, які галасуе, каб утрымацца каля кармушкі, і дэпутатам, які думае, за якім стаяць прафэсіяналы, які выступіць з праграмай на карысьць людзей, а ня ўладных колаў. Зрабіць інакш, адмовіцца ад гэтай магчымасьці — значыць падмануць выбарцаў, пазбавіць іх альтэрнатывы. Хай гэта „палатка“, хай і недасканалы парлямэнт, але гэта ўсё ж пляцоўка, якая дазволіць вялікай колькасьці людзей ацаніць розьніцу».

Пра выбарчую кампанію Ганны Канапацкай Мікалай Казлоў сказаў гэтак:

«Кампанія яе была сапраўды яркая, яна праводзіла нестандартныя пікеты, сустракалася зь людзьмі. На ўчастку я бачыў, як людзі ў нас абіраюць, і магу падзяліцца назіраньнем пра тых, хто абірае ў апошні момант. Хто кіруецца зьнешнім выглядам, хто — гадавым прыбыткам, хто — прафэсійнай прыналежнасьцю. Дык вось для такіх кандыдатура Ганны Канапацкай была прыдатная па ўсіх пазыцыях. Плюс пікеты, плюс удалая друкаваная прадукцыя. Таму лічу, што на сваёй акрузе яна сапраўды магла быць найлепшай», — сказаў Мікалай Казлоў.

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін: «Калі дзяржава вырашыла пагуляць — гэта яе справа»

Леў Марголін
Леў Марголін

«Такія спрэчныя сытуацыі ў нас не ўпершыню. У нашай партыі вельмі дэмакратычнае асяродзьдзе, бо мы лічым, што гэта нармальна, калі вядуцца дыскусіі. Таму ніякага расколу, мяркую, ня будзе. Больш за тое, думаю, гэта дапаможа партыі ўзмацніцца. Тыя, хто адназначна не падзяляе такую пазыцыю, могуць пакінуць партыю, такое таксама здаралася час ад часу. Нехта іншы, можа, пераканаецца, што пазыцыя большасьці была дакладная. А тое, што Ганна Канапацкая павінна захаваць мандат і мы гэтым павінны скарыстацца — гэта сёньня пазыцыя большасьці, і мая асабістая таксама.

Усе аргумэнты тых, хто супраць, можна падзяліць на дзьве групы. Першая — што мы гуляем па правілах улады. На гэта можна сказаць, што — так, але мы яшчэ ня ведаем, якія будуць тыя правілы далей, бо такой сытуацыі даўно не было. Можа, нам удасца выкарыстаць гэта на сваю карысьць? Другая група нам кажа: а чым вы тады лепшыя за „Гавары праўду“? Бо тыя нібыта таксама пагаджаліся з фальсыфікацыямі. Але мы нічога не фальсыфікавалі, і я перакананы, што тыя 23%, якія афіцыйна атрымала Канапацкая, яна атрымала сапраўды, а можа і больш. Калі дзяржава вырашыла пагуляць — гэта яе справа. Мы ж нічога крамольнага і непрыстойнага не зрабілі, таму лічым, што гэта трэба выкарыстоўваць».

Паводле Льва Марголіна, 25 верасьня ў АГП адбудзецца «даволі шараговая» нарада, дзе будуць падводзіцца вынікі выбарчай кампаніі. Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін мяркуе, што партыя на выбарах адпрацавала «збольшага добра» і спадзяецца, што большасьць калегаў падтрымае гэтую ацэнку.

Прадстаўнік Маладзечанскай арганізацыі АГП Сяргей Балыкін: «Расколу ня будзе, бо кіраўніцтва навучылася маніпуляваць людзьмі»

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

«Расколу ня будзе з той прычыны, што такіх квазі-расколаў у АГП было вельмі шмат. Мы памятаем, як людзі сыходзілі да Дзьмітрыева, потым вярталіся, „гаварылі праўду“, „не гаварылі праўду“, хадзілі да Мілінкевіча, вярталіся. АГП шмат у чым такая своеасаблівая палітычная арцель, якая прапануе свае паслугі самым розным арганізацыям. Да таго ж трэба ўлічваць здольнасьць Анатоля Лябедзькі спрытна гасіць любыя скандалы, маніпуліраваць людзьмі. Таму, мяркую, незадавальненьне абавязкова будзе, але спадар Лябедзька, спадар Марголін і спадарыня Красуліна скажуць, што расколу ўдалося пазьбегнуць. Дый насамрэч — што расколваць? Актыўных сябраў партыі ня так і шмат, затое шмат сярод партыйцаў „мёртвых душ“, якія забылі, дзе ў іх ляжыць партыйны білет».

Ці мусіла Ганна Канапацкая адмовіцца ад мандату дэпутата з той прычыны, што партыя лічыць выбары сфальсыфікаванымі? Сяргей Балыкін наконт гэтага мае дваістую пазыцыю.

«З аднаго боку: так, мусіла, бо калі мандат атрыманы на несумленных выбарах, а гэта партыя прызнае, тады праз такі мандат у несумленным парлямэнце ўсё роўна нічога немагчыма будзе дабіцца. А быць малпай на вяровачцы — усё роўна ня вельмі пачэсна насамрэч.

Але калі выбары хоць па гэтай акрузе былі сумленныя, тады навошта адмаўляцца ад мандату, не на знак жа салідарнасьці зь іншымі калегамі, хто не прайшоў? Усё ж такі мандат дае магчымасьць працаваць.

Але вярнуся да першай пазыцыі: АГП увесь час казала, што выбары не былі сумленныя — значыць, трэба быць пасьлядоўным. Інакш давядзецца сказаць, што на 108 акругах выбары былі несумленнымі, а на 2 — бац і Ісус прызямліўся. Хіба такое магчыма? Зусім адмаўляць верагоднасьць такога не магу, але лічу, што гэта велічыня, якая імкнецца да нуля».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG