«Мы ацэньваем гэтыя выбары як несвабодныя, несумленныя і несправядлівыя. Выбары адбыліся па тым жа сцэнары, як і мінулыя выбары. Нашых прадстаўнікоў не пусьцілі ў выбарчыя камісіі, адбываўся ціск на нашых кандыдатаў, а падчас падліку галасоў — фіксаваліся сотні фактаў маніпуляцыяў. Выбараў у Беларусі як не было, так і няма», — сказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.
Янукевіч таксама сказаў:
«Упершыню за доўгі час у Палату прадстаўнікоў былі прызначаныя два незалежныя кандыдаты. Мы лічым гэты факт пазытыўным. Мы гатовыя падзяліцца зь імі законапраектамі, распрацаванымі Партыяй БНФ».
Янукевіч нагадаў, што Партыя БНФ вылучыла 72 кандыдата ў дэпутаты, але з-за ціску падалі дакумэнты на рэгістрацыю толькі 60 чалавек. Зь іх было зарэгістравана кандытатамі ў дэпутаты 49 чалавек.
Лідэр Партыі БНФ адзначыў, што адмоў у рэгістрацыі было больш, чым у 2012 годзе. Між тым, Янукевіч лічыць, што свае задачы на гэтых выбарах партыя выканала, бо ў яе атрымалася прадэманстраваць грамадзтву нацыянальна-дэмакратычныю альтэрнатыву, а на атрыманьне дэпутацкага мандату Партыя БНФ і не разьлічвала.
«Тыя задачы, якія Партыя БНФ і нашыя кандыдаты перад сабой ставілі на выбарах, мы выканалі... Грамадзтва ведае, што ёсьць нацыянальна-дэмакратычныя альтэрнатыва ў выглядзе Партыі БНФ і яе кандыдатаў», — кажа палітык.
Янукевіч адзначыў, што падчас кампаніі сур’ёзна адчуваўся недахоп сродкаў на яе правядзеньне — фактычна кандыдаты праводзілі кампанію за ўласныя грошы. Янукевіч заклікаў беларусаў ахвяраваць сродкі на дзейнасьць Партыі БНФ, якая «змагаецца за адстойваньне незалежнасьці Беларусі».