Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарэлка, віно і беларуская літаратура. Гісторыі клясыкаў ад Анатоля Астапенкі


Анатоль Астапенка, архіўнае фота
Анатоль Астапенка, архіўнае фота

Беларусы, паводле статыстыкі ААН, займаюць другое месца ў сьвеце па спажываньні алькаголю на душу насельніцтва. Пʼе і просты люд, пʼе і эліта.

Аўтар дзьвюх кніг пра алькаголь у беларускім творчым асяродзьдзі Анатоль Астапенка расказаў Свабодзе пра тое, як ужывалі алькаголь і злоўжывалі ім беларускія літаратары.

«Алькаголь — такая ж стыхія, як маланка і гром» «Ня пʼю, бо я алькаголік». Гэткая парадаксальная на першы погляд выснова належыць Антону Кулону (сапр. Анатоль Астапенка). Пяць гадоў таму ён напісаў гэтыя словы ва ўступе да «Сіняй кнігі беларускага алькаголіка». Яна ўразіла ўнікальнай у беларускай літаратуры спавядальнай шчырасьцю расказу пра пʼянства — сваё і тых, з кім піў, і пра тое, як пазбавіўся абдымкаў Бахуса. Навуковец, грамадзкі дзеяч і былы алькаголік Анатоль Астапенка расказвае пра некаторыя «нецьвярозыя» старонкі жыцьця знаных беларускіх літаратараў:

Караткевіч

Уладзімер Караткевіч, 1967 год
Уладзімер Караткевіч, 1967 год

Уладзімера Караткевіча я даволі часта бачыў у піўнусе, званай у народзе «Тэлевізар». Яна месьцілася на рагу Ленінскага праспэкту і вуліцы Хмяльніцкага. Зь ім вельмі сябраваў мой сябра Міхась Стральцоў, і калі ў нас канчаліся грошы на выпіўку, то ён заўсёды зьвяртаўся да Караткевіча, і той дапамагаў.

Як і ў многіх іншых, алькагольная залежнасьць была ў Караткевіча відавочная. Калі ён уваходзіў у запой, то зьнікаў з гэтага сьвету. Пра такія выпадкі пісалі Янка Брыль і Адам Мальдзіс. Але пісалі асьцярожна, як проста пра нейкія недарэчнасьці.

Людзі збоку не разумелі, як гэта можна так на доўгі час недзе зьнікнуць. Было нават, што яго паміналі і аплаквалі, бо пайшлі чуткі, што ён у Крыме ўтапіўся. На самой справе — проста надоўга загуляў.

Але ў савецкія часы было сорамна пра гэта гаварыць, і блізкія хавалі гэтую залежнасьць Караткевіча, стараліся замаўчаць яе. Ну, і да таго ж — ён быў сымбалем беларускай сьвядомасьці нумар адзін, таму мусіў быць без граху.

Я, пэўна, першы, хто адкрыта пачаў гаварыць пра ягоныя запоі. І трэба прызнаць, што прычына заўчаснай сьмерці Караткевіча — гэта ягоны алькагольны шлях. І ня важна, ад якой канкрэтна хваробы, бо яна ўжо — як наступства.

Барадулін

Міхась Стральцоў і Рыгор Барадулін
Міхась Стральцоў і Рыгор Барадулін

Я быў студэнтам пятага курсу фізфаку, калі першы раз я ўбачыў Барадуліна ў піўнусе насупраць Белдзяржунівэрсытэту, якую, скараціўшы месцазнаходжаньне да абрэвіятуры, усе так і называлі — ПНУ. Гэта было даволі вядомае месца ў Менску. Заўсёднікі мне адразу паказалі: «Вунь бачыш, хто сядзіць там! Наш вядомы паэт Рыгор Барадулін!» Ён там бавіў час так, як і астатнія — з кухлем піва.

Можна сказаць, што быў сваім у гэтай сыстэме — алькагольнай. Але ў хуткім часе ён жорстка завязаў з алькаголем. На жаль, астатнія літаратары не пайшлі за такім прыкладам. А ён ніколі не саступіў, жыў абсалютна цьвярозым жыцьцём.

Памятаю, як мы зь сябрам-фізыкам пайшлі віншаваць Караткевіча зь пяцідзесяцігодзьдзем, там быў і Барадулін. Яны зь юбілярам прапанавалі нам пачаставацца рознымі напоямі, якіх было багата. Мы сказалі, што выпʼем сухога віна, і нам налілі па шклянцы. Мы выпілі. А Барадулін тады распавядаў нам, што ўжо даўно не ўжывае.

Гэта адзін з тых нямногіх беларускіх літаратараў, каму ўдалося галоўную частку жыцьця застацца цьвярозым. Большасьці гэта не ўдалося.

Сыс

Анатоль Сыс, фота Анатоля Клешчука
Анатоль Сыс, фота Анатоля Клешчука

Анатоль Сыс — мой зямляк, з Рэчыцкага раёну. Гэта і было непасрэднай прычынай нашага збліжэньня. Ён ледзьве ня жыў у кавярні Дома літаратара, дзе шакаваў наведнікаў сваімі паводзінамі. Чалавек неардынарны, зь ім і чарку было цікава выпіць, што мы часта і рабілі.

Можна было б напісаць цэлую кнігу пра тое, як мы зь ім цэлы дзень правялі з чаркай 27 ліпеня 1993 году, сьвяткуючы Дзень Незалежнасьці. Я яго сустрэў на галоўных урачыстасьцях у раёне Опэрнага тэатру. Зь ім была літаратарка зь Беласточчыны Міра Лукша. Яны ўжо былі нападпітку, і мы хацелі працягваць сьвята. Ні ў Сыса, ні ў мяне грошай не было, і Міра была спонсарам. Мы цэлы дзень правялі разам, і Сыс быў цудоўным суразмоўцам.

Згадваецца яшчэ адзін красамоўны выпадак. Я тады актыўна займаўся палітыкай, і мы зь лідэрамі іншых партый абмяркоўвалі ў Доме літаратара нешта надзённае. Раптам зайшоў пʼянаваты Сыс, убачыў мяне і закрычаў: «Анатоль, а ты што тут робіш? Давайце лепш выпʼем!» Вось так дэмакратычная вярхушка таксама пазнаёмілася з паэтам Анатолем Сысам.

Ён нікога не хацеў шакаваць, ён проста так жыў. Гэта проста як зьява прыроды. Ёсьць маланка, ёсьць гром. Можа, праз гэта Гасподзь дае нам выпрабаваньні, каб мы зьмяніліся. Усё гэта ня проста так.

Гарэлка, віно і беларуская літаратура. Гісторыі сучасьнікаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG