Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неруш»: ці будуць у беларускім фэнтэзі-фільме Баба-яга і Іван-дурак?


Менская кампанія Aurios Studios распачала на краўдфандынгавай пляцоўцы збор грошай на паўнамэтражны фэнтэзі-фільм «Неруш». Акцыя, мэтай якой сабраць 220 мільёнаў рублёў, будзе цягнуцца тры месяцы.

За 2015 год каманда распрацавала сцэнар і пачала здымаць першыя сцэны. Першы трэйлер фільма дае ўяўленьне хіба пра агульную задуму і здольнасьці апэратара, але не раскрывае дэталі сюжэту.

«Мы не ствараем такі сьвет, як у творах Толкіена ці творах Льюіса, — тлумачыць Свабодзе аўтарка сцэнару „Нерушы“ Юлія Шадзько. — Падзеі адбываюцца ў нашым сьвеце, але ў такой асаблівай прасторы, якая перайначвае людзей, паказвае людзей зь іншага боку. Сама прастора чароўная, у ёй звычайныя падзеі становяцца незвычайнымі, існуе сваё насельніцтва, свае істоты. Гэта лес, які носіць назву Неруш».

Як сьцьвярджаюць аўтары фільма, героі базуюцца на беларускіх казках і паданьнях. Сцэнарыстка абяцае, што ў «Нерушы» ня будзе ні агульнаславянскай Бабы-ягі, ні расейскага Івана-дурака:

«Усё не настолькі банальна, расейскія казкі тут ні пры чым. Гэта ня тое, што мы чытаем у дзіцячых казках кшталту Бабы Ягі, а нешта больш падобнае да сярэднявечнага бэстыярыю. У нас хапае сваёй міталёгіі, прычым у разуменьні больш навуковым. Ня стану называць канкрэтных сюжэтных пэрсанажаў, бо хочам захаваць інтрыгу, ды й склад пэрсанажаў будзе залежыць ад таго, што мы зможам дазволіць фінансава. Але агулам тое, што мы разумеем пад міталёгіяй, гэта тыя істоты, якія ўзьнікаюць менавіта ў беларускіх паданьнях».

Аўтары ідэі фільму сьпяваюць разам у камэрным хоры «Салютарыс». Там і нарадзілася «Неруш», распавядае Шадзько. Яна перакладала і «абеларушвала» для хору скандынаўскую баляду «Herr Mannelig» (па-беларуску яе раней запісваў і выконваў фольк-мэтал-гурт Litvintroll), а будучы рэжысэр «Неруш» Дзяніс Жыгуноў здымаў кліп на песьню. Папрацаваўшы разам, кажа Юлія, вырашылі працягнуць супрацу і зрабіць нешта больш маштабнае:

«Мы пачалі танчыць далей ад гэтай баляды, узяўшы адтуль толькі прататыпы герояў — рыцара і троля, у нас троль — гэта здань. Пачалі разьвіваць сюжэт, бо баляда скончваецца даволі традыцыйна. А мы паразважалі над тым, што магло б быць далей».

Прэзэнтацыя трэйлеру «Нерушы» ў Менску
Прэзэнтацыя трэйлеру «Нерушы» ў Менску

Здымкі кадраў, што фігуруюць у трэйлеры, адбываліся на Меншчыне і каля Друі, што на мяжы зь Літвой. Усе месцы здымак пакуль ня вызначаныя і будуць залежыць ад выніковага бюджэту:

«Лякацыяў будзе некалькі. Масавыя сцэны будуць здымацца бліжэй да Менска, але мы б хацелі паказаць разнастайнасьць беларускай прыроды. Нашы лясы могуць быць і сьветлыя, і балоцістыя, і гушчары, і бары, і пушчы. Гэта і хацелася б паказаць, бо наша Неруш — гэта прастора, якая зьяўляецца адбіткам унутранага сьвету чалавека. Архетып лесу — гэта прастора, у якой чалавек заглыбляецца ў сябе, ідзе ўсярэдзіну сябе. Таму ў залежнасьці ад стану чалавека лес можа быць розны. І я, калі пісала сцэнар, уяўляла лясы, у якіх была ў дзяцінстве, калі езьдзіла на вёску да бабулі ў раёне Блакітных азёраў».

Стваральнікі «Нерушы»: сцэнарыстка Юлія Шадзько, рэжысэр Дзяніс Жыгуноў, прадусар і кампазытар Павал Герасімовіч
Стваральнікі «Нерушы»: сцэнарыстка Юлія Шадзько, рэжысэр Дзяніс Жыгуноў, прадусар і кампазытар Павал Герасімовіч

У беларускіх рублях сума, якую трэба сабраць, 220 мільёнаў, выглядае даволі вялікай, але па мерках поўнамэтражнага кіно гэтыя 10 тысяч даляраў у эквіваленце — даволі сьціплы бюджэт. Ці адэкватна аўтары ацэньваюць затраты на фільм і свае сілы?

«Тое, што мы зьбіраем па краўдфандынгу — толькі адзін са шляхоў збору сродкаў. Мы спадзяемся, што зможам паралельна знайсьці сродкі яшчэ дзе-небудзь, плянуем таксама зьвярнуцца ў міжнародныя краўдфандынг-кампаніі, шукаць буйных спонсараў. Мы параіліся з прадстаўнікамі „Талакі“ і вызначылі мінімальную суму, на якую можна зьняць хоць што-небудзь. Да таго ж, многія людзі згаджаюцца працаваць з намі за ідэю, гэта скарачае фінансаваньне, і гэта вельмі прыемна.

Наш разьлік на тое, каб паказаць Беларусь, цікавую кожнаму. Бо мы часьцей ведаем тую ж грэцкую ці рымскую міталёгію нашмат лепей, чым сваю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG