Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падчас рэформаў 90-х моладзь вырасла на 1 см карацейшая», — 10 менскіх тэзаў эканаміста Гурыева


Belarus - The chief economist of the Bank for Reconstruction and Development Sergei Guriev at the press conference in Minsk, 26Jan2017
Belarus - The chief economist of the Bank for Reconstruction and Development Sergei Guriev at the press conference in Minsk, 26Jan2017

Галоўны эканаміст Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, расейскі палітэмігрант Сяргей Гурыеў прэзэнтаваў у Менску даклад «Рэформы для ўсіх. Роўныя магчымасьці ў сьвеце няроўнасьці», прысьвечаны ўплыву рынкавай эканомікі ў апошнія 27 гадоў на даходы людзей у постсавецкіх краінах.

Свабода адабрала 10 асноўных тэзаў менскага выступу Сяргея Гурыева.

1. Пераход да рынкавай эканомікі — посьпех. Але не для ўсіх

У сярэднім пераход да рынкавай эканомікі прывёў да скарачэньня адставаньня даходаў жыхароў постсавецкай прасторы ад жыхароў разьвітых краінаў.

«У сярэднім пераход да рынку (у краінах былога СССР. — РС) быў вялікім посьпехам. Але гэты посьпех — гэта ня тое, што ўбачыла большасьць жыхароў нашага рэгіёну. У нашым рэгіёне ў сярэднім 44% могуць сказаць: мой даход цяпер стаў бліжэйшы да жыхароў багатых краін. Для 56% даходы або падалі, або расьлі, але расьлі так павольна, што іх адставаньне ад жыхароў заходніх краін павялічылася», — кажа Гурыеў.

Таксама рынкавыя рэформы прывялі да значнага росту сацыяльнай няроўнасьці. Асноўны рост няроўнасьці прыпаў на пачатак 90-х.

2. У першыя гады рэформаў прайгралі ўсе — таму на выбарах 1994 году перамог Лукашэнка

Паводле Гурыева, у 1989–1996 гадах у Расеі ад рэформаў істотна выйгралі прыкладна толькі 5% насельніцтва. Астатнія 95% у тыя гады бачылі для сябе толькі адмоўныя эканамічныя вынікі.

Яшчэ горшая дынаміка назіралася ў Беларусі, што і тлумачыць прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

«Сапраўды, Беларусь прайшла гэты шлях (апошнія 27 гадоў. — РС) са значна меншым ростам няроўнасьці, са значна меншым ростам долі як багатых, так і бедных людзей. Але ў першыя гады рэформаў прайгралі ўсе, што, верагодна, і тлумачыць вынікі галасаваньня ў сярэдзіне 90-х», — сказаў ён.

3. Рост даходаў у Беларусі быў вышэйшы, чым у Расеі

У адрозьненьне ад Расеі, у Беларусі даходы ўсіх слаёў насельніцтва вырасьлі. Пры гэтым разрыў паміж багатымі і беднымі быў значна меншы, чым у суседніх краінах.

«У Беларусі прыкладна 20% хатніх гаспадарак мелі рост даходаў вышэйшы за сярэдні. Сярэдні рост даходаў быў 80% (у Расеі — 70%). Але нават для самых бедных рост даходаў быў станоўчы і не такі нізкі. У Беларусі за гады пераходу да рынку для ўсіх слаёў насельніцтва разрыў паміж іх узроўнем даходаў і ўзроўнем даходаў заходніх краін скараціўся. На жаль, гэта ня так для жыхароў іншых краін», — кажа ён.

«Беларусь — гэта краіна, якая не адчула настолькі значнага росту няроўнасьці. Гэта краіна, дзе нават самыя бедныя ў дастатковай ступені выйгралі ў апошнія 27 гадоў. Акрамя таго, беларусы ў значна большай ступені лічаць, што ў краіне няма праблемаў з карупцыяй», — сказаў Гурыеў.

4. У Расеі бедныя сталі яшчэ бяднейшымі

«У сярэднім даходы расейцаў вырасьлі на 70% за 27 гадоў. Але 80% расейцаў вам скажуць — гэта статыстыка, я ня бачыў такога росту даходаў у сваім кашальку. А калі паглядзець на 10% самых бедных расейцаў, то іхні рост даходаў быў адмоўны — іхнія даходы ніжэйшыя, чым да пачатку рэформаў», — кажа Гурыеў.

5. Пакаленьне, якое нарадзілася падчас рэформаў пачатку 90-х, ніжэйшае на 1 см

«У эканамічнай навуцы ёсьць устойлівае правіла, якое кажа пра тое, што калі ў першыя пару гадоў свайго жыцьця вы расьлі ў дрэнным становішчы, вы вырасьцеце не такім высокім чалавекам. З гэтым зьвязана тое, што больш маладыя людзі ва ўсіх краінах сьвету, як правіла, вышэйшыя — таму што іхнія бацькі жылі ў больш цяжкіх умовах, іх горш кармілі, і яны вырасьлі не такімі высокімі. Калі мы глядзім на тых, хто нарадзіўся падчас рэформаў, то мы бачым, што гэтыя людзі вырасьлі на 1 сантымэтар карацейшымі. Гэта велізарная велічыня, насамрэч. Калі мы глядзім на тых, хто рос у краіне, дзе быў збройны канфлікт, гэта таксама 1 см страты росту. Такім чынам, сацыяльныя і эканамічныя выдаткі рэформаў былі велізарныя. Людзі, якія нарадзіліся падчас рэформаў, вырасьлі не такімі высокімі, як тыя, што нарадзіліся да іх і пасьля іх», — кажа Гурыеў.

6. Страцілі ў росьце, але ня ў шчасьці

«Пераход да рынку ня быў катастрофай з пункту гледжаньня сёньняшніх маладых людзей. Магчымасьці, якія адкрыліся для іх, магчымасьці для самарэалізацыі кампэнсуюць тыя сантымэтры, якія яны страцілі», — сказаў Гурыеў.

«Пераход да рынку быў вельмі балючы, і мы да гэтага часу бачым гэта, вымяраючы рост людзей, якія тады нарадзіліся. Гэта ня значыць, што гэтыя людзі нешчасьлівыя — хутчэй яны больш шчасьлівыя, чым нешчасьлівыя. Але той факт, што іх рост ніжэйшы, значыць, што іх семʼі 25 гадоў таму жылі цяжка, нашмат цяжэй за семʼі, якія нараджалі дзяцей да або пасьля рэформаў», — кажа ён.

7. Рэформы пераносіць лягчэй, калі твае бацькі маюць вышэйшую адукацыю

«Рэформы былі найбольш балючыя для людзей, якія нарадзіліся ў менш адукаваных семʼях. Гэта азначае, што такія семʼі пацярпелі ад рэформаў больш за ўсё. Калі мы будзем казаць пра людзей, у якіх абодва бацькі мелі вышэйшую адукацыю, то для іх гэты 1 см (страты росту. — РС) ператвараецца прыкладна ў 0,3 см», — кажа Гурыеў.

8. Жанчыны ў постсавецкіх краінах зарабляюць менш за мужчын

У большасьці постсавецкіх краін узровень няроўнасьці магчымасьцяў вышэйшы, чым у заходніх краінах.

«Галоўныя фактары, якія вызначаюць няроўнасьць магчымасьцяў, — гэта адукацыя бацькоў і пол. Калі чалавек нарадзіўся ў больш адукаванай сямʼі, у яго значна больш магчымасьцяў у жыцьці. Другі фактар — пол. Жанчыны маюць менш магчымасьцяў, чым мужчыны. Прычым гэта не зьвязана з адукацыяй (нярэдка ў нашым рэгіёне жанчыны больш адукаваныя, чым мужчыны). Але пры аднолькавым узроўні адукацыі жанчыны зарабляюць менш», — кажа Гурыеў.

9. Цяжкія рэформы могуць прывесьці да таго, што людзі прагаласуюць за папуліста

Гурыеў падкрэсьлівае, што пры правядзеньні рэформаў улада павінна думаць пра тое, як мінімізаваць іх сацыяльна-эканамічныя наступствы:

«Калі першыя гады рэформаў прыводзяць да значных сацыяльна-эканамічных выдаткаў, то ёсьць небясьпека таго, што папулісты прыйдуць да ўлады і разьвернуць рэформы назад. Хоць у цэлым нашы дасьледаваньні паказваюць, што рэформы працуюць, яны пасьпяховыя. Але той факт, што спачатку гэтыя рэформы прыводзяць да зьніжэньня ўзроўню жыцьця — гэта прыводзіць да павароту рэформаў назад. Калі мы думаем пра дызайн рэформаў, мы павінны думаць менавіта пра гэта. Вось гэты плян — давайце трохі пацерпім, а потым усё будзе добра — можа не спрацаваць. Таму што калі тыя, хто пацярпеў ад рэформаў, складаюць большасьць, вы можаце ня ўбачыць заканчэньня рэформаў — вас проста зьмятуць».

10. У нашым рэгіёне непрапарцыйна шмат мільярдэраў

У постсавецкіх краінах колькасьць мільярдэраў непрапарцыйная долі ВУП у сусьветнай эканоміцы. Гэтая сытуацыя тычыцца перш за ўсё Расеі, Украіны і Казахстану.

«У нашым рэгіёне непрапарцыйна шмат мільярдэраў. Прычым толькі ў нашым рэгіёне большасьць багацьцяў мільярдэраў тлумачыцца прыроднымі рэсурсамі. Гэта ня значыць, што прыродных рэсурсаў няма ў іншых рэгіёнах. Проста ў іншых рэгіёнах прыродная рэнта абкладаецца падаткам такім чынам, што мільярдныя капіталы ствараюцца ў іншых галінах», — кажа Гурыеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG