Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галяпагас: турыстычны кландайк на аскепках гішпанскай імпэрыі


Галяпагаскі марскі коцік
Галяпагаскі марскі коцік

Падзеі ў Каталёніі нагадалі, што гішпанская карона не ўпершыню стае перад фактам непадпарадкаваньня зьняволеных ці далучаных народаў. Ад пачатку ХІХ і да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя з-пад яе апекі адна за адной павыходзілі калёніі ў Эўропе, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыцы, Афрыцы, Азіі, Акіяніі.

Героі антыгішпанскага супраціву Сымон Балівар і Сан-Мартын (Гуаякіль)
Героі антыгішпанскага супраціву Сымон Балівар і Сан-Мартын (Гуаякіль)

Землі, якія канкістадоры мячом і крыжам калянізавалі сотні гадоў, вярталіся ў межы гістарычнай справядлівасьці.

Сёньня памяткай пра ўсясьветнае панаваньне колішняй імпэрыі засталіся толькі Канарскія астравы, яшчэ пара выспаў на воднай мяжы з Марока ды ўнутраныя рэгіёны на правах этнічных аўтаноміяў. Уздым нацыяналізму ў гэтых кутках — выглядае, пытаньне часу.

Як паказвае практыка, застаўшыся без апекі мэтраполіі, адноўленыя ў правах нацыі ня толькі не зьнікаюць, а дэманструюць зайздросную жывучасьць.

Галяпагаскія марскія коцікі на фоне маяка
Галяпагаскія марскія коцікі на фоне маяка

Лінія гарызонту архіпэлягу
Лінія гарызонту архіпэлягу

Ніжэй — расповед пра тое, як падчас глябальнага геападзелу адна з былых калёній эфэктыўна скарыстала зьнясіленасьць палітычных гульцоў. А менавіта: як Эквадор, адзін з аскепкаў Новай Гранады, сам прадэманстраваў адчуваньне каньюнктуры: без адзінага стрэлу завалодаў тэрыторыяй, якая вось ужо амаль 200 гадоў забясьпечвае мільённыя ўліваньні ў бюджэт, а мясцовыя эндэмікі ператварыліся ў брэнды ўсясьветнага значэньня.

Гаворка пра Галя́пагаскія астравы, названыя ў гонар мясцовых знакамітасьцяў, гіганцкіх слановых чарапахаў — Galápagos.

Прыпадак імпэрыялістычнага маразму

Ці паквапіўся б хто на купку застылай лавы пасярод Ціхага акіяну, якая некалькі стагодзьдзяў служыла прыстанкам для піратаў ды кітабояў (менавіта яны па-барбарску нішчылі чарапашыя калёніі дзеля мяса і тлушчу), каб не галоўны прамоўтэр гэтага нагрувашчаньня вульканічнай пароды? Ці ўяўлялі б сабой хоць што Галяпагаскія астравы без назіраньняў Чарльза Дарвіна?

Ад сярэдзіны XVI стагодзьдзя астравы Галяпагас, як і амаль усё навокал, фармальна належалі гішпанцам. Аднак ніякага практычнага інтарэсу да астравоў тыя не выяўлялі. Так доўжылася амаль 300 гадоў, пакуль хаосам на геаграфічнай мапе не скарыстаўся новы гулец.

Берагавая лінія вострава Сан-Крыстабаль
Берагавая лінія вострава Сан-Крыстабаль

Заход сонца над востравам Ізабэля
Заход сонца над востравам Ізабэля

Тры дзясяткі гадоў таму выбітны амэрыканскі празаік Курт Вонэгут у постапакаліптычным рамане, які так і называўся — «Galápagos» (1985), так апісваў статус тэрыторыі, закінутай за тысячу кілямэтраў ад берагавой лініі:

«...Толькі ў 1832 годзе адна з самых дробных і жабрацкіх краінаў на плянэце, Эквадор, папрасіла народы сьвету прыняць ідэю, што Галяпагас належаць Эквадору. Ніхто не пярэчыў. На той час гэта здавалася бясшкодным і нават камічным. Усё роўна як бы Эквадор у прыпадку імпэрыялістычнага маразму далучыў да сваёй тэрыторыі пралётнае воблака астэроідаў».

Наўрад ці трэба сумнявацца, што сёньня нашмат большыя і багацейшыя дзяржавы, якія не дадумаліся, як Эквадор, анэксаваць «залатую жылу», папракаюць сябе за недальнабачнасьць.

Паводле штогадовых турыстычных рэйтынгаў, астравы Галяпагас ўваходзяць у вялікую пяцёрку самых вядомых і прывабных астравоў сьвету. Масавае паломніцтва стрымліваюць толькі высокі кошт наведваньня Нацыянальнага парку ды надзвычайна строгі санітарны кантроль: занесьці нетутэйшае насеньне ці хваробу — злачынства з шэрагу асабліва небясьпечных.

Месца кладкі яек ігуанаў
Месца кладкі яек ігуанаў

Папераджальны знак у мангравых зарасьніках
Папераджальны знак у мангравых зарасьніках

Яшчэ 200 гадоў таму аб пэрспэктыве «прывабнасьці» астравоў нічога ня сьведчыла. Наадварот, у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя першымі насельнікамі эквадорскіх Галяпагас сталі асуджаныя да прымусовых працаў. Лепшай турмы без муроў не прыдумаць — катаржанам проста не было куды ўцякаць.

Засяленьне цывільнай публікай пачалося толькі ў сярэдзіне 1930-х, разам з закладаньнем Нацыянальнага парку. Першым быў дэсант з 2 тысяч навукоўцаў, будаўнікоў, добраахвотнікаў, якія забясьпечвалі функцыянаваньне запаведніку.

Праз паўстагодзьдзя колькасьць жыхароў дасягнула ўжо 15 тысяч чалавек, а сёньня перавышае гэтую лічбу амаль удвая. На гэты момант з розным паказьнікам шчыльнасьці на ўмоўны квадрат асвоеныя 5 астравоў з двух дзясяткаў — найбуйнейшыя ў архіпэлягу.

Каньён Ляс-Грэтас на Санта-Крус
Каньён Ляс-Грэтас на Санта-Крус

Крабы на вульканічных камянях
Крабы на вульканічных камянях

Найбольш заселеныя — Санта-Крус (звыш 15 тысяч жыхароў), Сан-Крыстабаль (блізу 10 тысяч), Ізабэля (каля 3 тысяч), Фэрнандына (меней за тысячу), Санта-Марыя (некалькі сотняў). Плюс рэгулярны кантынгент на Бальтры, дзе некалі стаялі вайскоўцы, а цяпер абсталяваны цывільны аэрапорт. Менавіта сюды прыбываюць самалёты зь вялікай зямлі. Дакладней, з эквадорскага Гуаякіля — зь іншых месцаў рэйсаў няма.

Яшчэ больш за сотню пунктаў на мапе — гэта невялікія купкі скалаў, вяршыні якіх нечакана «вынырваюць» пасярод акіяну. Яны абжытыя выключна птушкамі ды рэптыліямі.

Рэвалюцыйная місія аўтара тэорыі эвалюцыі

Пакуль архіпэляг прыстасоўваўся пад эквадорскія законы, у 1835 годзе каля берагоў Сан-Крыстабалю (пятага па плошчы вострава) кінуў катвігу брытанскі карабель «Бігль». У складзе дасьледчыцкай экспэдыцыі быў 26-гадовы Чарльз Дарвін.

Штамп астравоў Галяпагас у беларускім пашпарце
Штамп астравоў Галяпагас у беларускім пашпарце

Фрагмэнты палітызаванага жыцьця
Фрагмэнты палітызаванага жыцьця

Малады навуковец падчас кругасьветнага падарожжа зрабіў нямала адкрыцьцяў, але, бадай, якраз унікальны жывёльны сьвет Галяпагас стаў падмуркам для ягонай знакамітай тэорыі аб паходжаньні відаў шляхам натуральнага адбору. Ключавыя моманты — прыстасаваньне да навакольнага асяродзьдзя і, як гэта цяпер завецца, генэтычныя мутацыі.

Галяпагас — акіянічныя астравы, некаторыя дагэтуль у стадыі фармаваньня. Паколькі з марскіх глыбінь яны падняліся дзякуючы вульканічным працэсам, ніякага жыцьця на іх не было. Аддаленасьць ад бліжэйшай сушы азначала, што сухапутным жывёлам давялося б скараць тысячы кілямэтраў адкрытага акіяну. Менавіта таму тут пераважаюць птушкі, марскія сысуны і рэптыліі.

Адна зь мясцовых чапляў — вялікая блакітная
Адна зь мясцовых чапляў — вялікая блакітная

Малая прыбярэжная чапля
Малая прыбярэжная чапля

Перасяленцам трэба было прыстасавацца да новага асяродзьдзя, заняць сваю экалягічную нішу. Каму не ўдалося, тыя зьніклі. У выніку эвалюцыі паўсталі эндэмічныя віды, якія не існуюць нідзе, апроч гэтага архіпэлягу. Адметна, што выбраныя лёсам «прыстасаванцы» практычна ня маюць натуральных ворагаў і жывуць у гармоніі — ежы ў акіяне досыць усім.

Дзякуючы Дарвіну архіпэляг праславіўся як «лябараторыя натуральнага адбору» і стаў аб’ектам пільнай увагі навукоўцаў. Што сёньня выклікае трывогу, дык гэта ўсё большая актыўнасьць мясцовых пасяленцаў, наплыў турыстаў і намнажэньне завезеных сюды яшчэ піратамі, кітабоямі ды турэмнікамі сьвіней, козаў, сабакаў, катоў, пацукоў, курэй і г.д. Усе яны выдатна адаптаваліся ў камфортным экватарыяльным клімаце і пачалі пагражаць астраўной аўтэнтычнасьці.

Гэты ж тычыцца і расьліннай экспансіі. Раней чужароднае насеньне распаўсюджвалася з карабельнымі грузамі, у навейшы час — у заплечніках ды валізках авіяпасажыраў. Найболей шкоды нарабілася ў вільготных раёнах, дзе ў шэрагу выпадкаў цалкам выціснутыя мясцовыя віды. У пераліку «захопнікаў» — авакада, гуаява, хіннае дрэва, розныя віды цытрусавых.

Дрэва-кактус апунцыя на Санта-Крус
Дрэва-кактус апунцыя на Санта-Крус

Какосавая пальма
Какосавая пальма

У дзесяцітысячніку Пуэрта-Аёры на Санта-Крус сёньня ня толькі самая значная людзкая канцэнтрацыя (хоць жыхарам выдзелена меней за 3% вострава) — тут сэрца і мозак Нацыянальнага парку. Апошнія паўстагодзьдзя ў Пуэрта-Аёры вядзе сваю асьветніцкую дзейнасьць навукова-дасьледчая станцыя імя Чарльза Дарвіна.

Малады супрацоўнік цэнтру Джоэл, які прапаноўвае наведнікам паставіць памятны штамп пра наведваньне Галяпагасаў, пабачыўшы беларускі пашпарт, цікавіцца, ці разумеем па-расейску? Пачуўшы, што так, уздымае вялікі палец — маўляў, нагода папрактыкаваць мову. Расказаў, што скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці, зьвязанай з масавай камунікацыяй, цяпер вось набіраецца досьведу, валянтэрыць. Беларусаў на сваёй радзіме бачыць упершыню, калі-нікалі сустракаюцца расейцы.

Бюст Чарльзу Дарвіну на Санта Крусе
Бюст Чарльзу Дарвіну на Санта Крусе

Выява Дарвіна з мазаікі жывёлаў архіпэлягу
Выява Дарвіна з мазаікі жывёлаў архіпэлягу

Трыадзіная задача дарвінаўскай місіі — дасьледчая, выхаваўчая і экалягічная. Калі агулам, кантроль за людзкім умяшаньнем у дзікую прыроду. Посьпехі ўжо ёсьць: зьвялі да мінімуму пагалоўе бадзяжных сабак, катоў, сьвіней; зьліквідавалі калёніі чорных пацукоў; пазбавіліся ад 80 тысяч козаў і авечак.

Паводле суразмоўцы, палітыка гэтая непапулярная, але вымушаная: сабакі нападалі на маладых ігуан, каты палявалі на птушак і нішчылі іх гнёзды, сьвіньні вытоптвалі дэфіцытную траву, козы абскубалі лісьце з дрэў і кустоў, а ў выніку — цэлыя чарапашыя сем’і гінулі ад голаду.

Чужак супраць абарыгена: два коцікі, два лады жыцьця
Чужак супраць абарыгена: два коцікі, два лады жыцьця

Затарможаны час райскага месца

Мясцовыя людзі, як і ўся тутэйшая фаўна, розьняцца ад кантынэнтальных суродзічаў. У той час як Эквадор упэўнена крочыў за чарговым правадыром ад «левых» (сёлета прэзыдэнтам стаў сацыяліст з характэрным імем — Ленін Марэна), на архіпэлягу сам сабой усталяваўся капіталізм. Бальшыня аддавала галасы буйному бізнэсоўцу, банкіру, праваму рэфарматару Гільерма Ляса, гарластая меншасьць брала настырнасьцю.

«Дыктатары вучацца адзін у аднаго толькі аднаму — як захаваць уладу, — дзелавіта тлумачыць Джоэл, упрыгожваючы беларускія пашпарты галяпагаскай „візай“. — Вось і Рафаэль Карэа (экс-прэзыдэнт, насуперак двум канстытуцыйным тэрмінам адседзеў тры і толькі пад ціскам грамадзкасьці адмовіўся ад чацьвёртага. — РС) пазычыў тэхналёгіі выбараў у сваіх сяброў — Пуціна і Лукашэнкі. Зрабіў усё, каб прапхнуць на сваё месца Леніна. Але ў сацыялістаў няма будучыні, іх ідэалёгія мёртвая...»

Сэрфэр з Пуэрта-Аёры
Сэрфэр з Пуэрта-Аёры

Сямейная пара з Ізабэлі
Сямейная пара з Ізабэлі

Ізаляванасьць архіпэлягу і абмежаваньне на любую гаспадарчую дзейнасьць, якая ўплывае на навакольнае асяродзьдзе, пакідае толькі адзін шанец на выжываньне — гандаль паслугамі. Складаецца ўражаньне, што адна палова дарослых таксуе на водных катэрах, а другая прадае турыстычныя туры, каб заняць першых. Ну, і яшчэ тут працуюць у санітарных службах, афіцыянтамі ў рэстаранчыках ці за прылаўкамі сувэнірных крамаў.

Пры гэтым усё робіцца надзвычай нетаропка, як бы скрозь дрымоту. Можна зайсьці ў цесную канторку па квіток, каб пераплыць на іншы востраў, і нікога не знайсьці — пакуль не пачуеш салодкае пасопваньне з падсобкі. Гэтак жа доўга будзеш шукаць гандляра ў шапіку і нават сьвятара ў храме. Дарэчы, убранства аднаго з касьцёлаў уразіла да глыбіні душы — на маляўнічым палотнішчы за алтаром Хрыстос прапаведуе... чарапахам, ігуанам, олушам.

У храме на Ізабэлі Хрыстос прапаведуе братам меншым
У храме на Ізабэлі Хрыстос прапаведуе братам меншым

На мацерыку Балівар суседнічае з касьцёлам. Каталіцызм блаславіў калянізацыю
На мацерыку Балівар суседнічае з касьцёлам. Каталіцызм блаславіў калянізацыю

Паколькі практычна ўсё, ад харчоў і да абсталяваньня, раз на два тыдні завозіцца грузавымі караблямі з мацерыка, цэны тут завоблачныя. Паўлітра бутыляванай вады — 3 даляры, удвая меншая па аб’ёме бутэлька піва — 6–7 даляраў. Перакусіць у кавярні — ад 40 даляраў на дваіх. Як выжываюць мясцовыя — загадка.

Гэта пры тым, што галодным да прыгодаў турыстам немалыя грошы даводзіцца пакінуць яшчэ на подступах. Каб абмежаваць людзкі наплыў, цана квітка на гадзінны пералёт з Гуаякіля стартуе ад 350 даляраў на чалавека. На борт не дапусьцяць, пакуль дадаткова ня будзе сплачаны міграцыйны збор 20 даляраў.

Маленькі абарыген з Сан-Крыстабалю
Маленькі абарыген з Сан-Крыстабалю
Супрацоўнік транспартнага бюро
Супрацоўнік транспартнага бюро

Па прыбыцьці ў аэрапорт Бальтры мясцовыя службы спаганяюць па 100 даляраў з кожнага за права ступіць на тэрыторыю Нацпарку. Перадысьлякацыя на іншы востраў пачынаецца з навіны пра экалягічны збор па 10 даляраў з носу.

Вылет з Гуаякіля і ўнутраныя перамяшчэньні суправаджаюцца татальнай праверкай зьмесьціва багажу, у тым ліку з навучанымі на гэта сабакамі — іншародная флёра ўжо нарабіла тут бяды. Сплаціўшы штраф за наўмысную ці выпадковую кантрабанду, давядзецца пакінуць Бальтру першым жа зваротным рэйсам.

Для грамадзянаў Эквадору ўсе расцэнкі ўдвая меншыя. Але ўсе, з кім давялося гутарыць на кантынэнце, казалі, што ня могуць дазволіць сабе такіх выдаткаў. Або адкладаюць падарожжа на лепшыя часы: маўляў, нікуды тыя чарапахі не падзенуцца.

Ганаровы капітан катэра
Ганаровы капітан катэра
Вулічны гандаль на Сан-Крыстабалі
Вулічны гандаль на Сан-Крыстабалі

Зрэшты, патрачаныя грошы таго вартыя: на маленькіх Галяпагас проста неверагодная колькасьць эксклюзіўных прыродных артэфактаў. Кожны востраў архіпэлягу мае непаўторную атмасфэру, ляндшафт і, вядома ж, унікальны жывёльны сьвет. Толькі і застаецца задавацца пытаньнем: якім чынам фрагмэнты сушы пасярод акіяну сталі родным домам для такой колькасьці нагатых, крылатых ды плаўніковых?

Інтэр’ер заасаду ў натуральную велічыню

У «рэйтынгу пазнавальнасьці», які ранжыруе самыя славутыя віды Галяпагас, верхнюю пазыцыю ўпэўнена акупавалі гіганцкія слановыя чарапахі — амаль двухмэтровыя волаты з вагой да 400 кіляграмаў. Яны атабарыліся тут з дагістарычных часоў, іх продкі выйшлі з акіяну. Праз аднаго — доўгажыхары. Магчыма, і сёньня ёсьць экзэмпляры, якія бачылі самога Дарвіна. Адна з такіх падарожніц па імені Генрыета, якую навуковец прывёз з экспэдыцыі, у 2006-м сканала ў заапарку аўстралійскага Куінслэнду ва ўзросьце 175 гадоў.

Вялікая слановая чарапаха
Вялікая слановая чарапаха

Чарапахавыя «падлеткі»
Чарапахавыя «падлеткі»

Папуляцыя панцырных сур’ёзна пацярпела падчас пірацкіх ды кітабойных набегаў, калі караблі пад завязку затаварвалі «жывымі кансэрвамі» — чарапахі маглі месяцамі заставацца ў трумах без вады і харчаваньня. Сёньня аднаўленьнем пагалоўя займаюцца гадавальнікі на некалькіх астравах.

Вылучаюць зь дзясятак відаў і падвідаў чарапахаў, якія маюць візуальныя адрозьненьні — найперш у будове панцыра і даўжыні шыі. Самы вядомы прадстаўнік абінгдонскай слановай чарапахі — Самотны Джордж. На пачатку 1970-х яго аднаго знайшлі на Пінце, і наступныя 40 гадоў ён упарта ігнараваў самак, якіх яму сваталі. Так і памёр, не пакінуўшы патомства, але стаўшы сымбалем як астравоў Галяпагас, так і ўсіх перакананых халасьцякоў.

Водзяцца тут і марскія чарапахі, гістарычныя прататыпы сухаземных. Яны крыху меншыя ў памерах і вядомыя пад назвай «зялёных». Жывуць пераважна ў бухтах і курсуюць паміж пралівамі, якія падзяляюць астравы.

Ігуаны не баяцца людзкога суседзтва
Ігуаны не баяцца людзкога суседзтва
На архіпэлягу мясцовыя цмокі сустракаюцца паўсюль
На архіпэлягу мясцовыя цмокі сустракаюцца паўсюль

Ня меншы сымбаль астравоў Галяпагас — марская ігуана. Больш нідзе ў сьвеце гэтыя цмокі не жывуць. Затое ў мясцовай акваторыі сустракаюцца паўсюль — іх колькасьць ужо пераваліла за 300 тысяч. Па першым часе знаёмства пакідае даволі непрыемнае ўражаньне, але ўжо на другі дзень немагчыма ўявіць пэйзаж бяз чорнай ці цёмна-шэрай рэптыліі, якая грэецца на экватарыяльным пясочку. Ігуаны забаўна чхаюць, «выстрэльваючы» праз ноздры струмень марской вады.

Маюць яны і сухаземны аналяг — гэта так званыя вогненныя ігуаны. Адрозна ад аднатонных марскіх суродзічаў, іх колеравая гама нашмат больш разнастайная і мяняецца ў залежнасьці ад умоваў пражываньня. А на мацерыковым узьбярэжжы сустракаецца яшчэ адзін пародзісты монстар — з шыкоўным грэбнем, барадой і вялізным хвастом.

Колеры сухаземнай ігуаны нашмат весялейшыя
Колеры сухаземнай ігуаны нашмат весялейшыя

Так выглядаюць дрэўныя ігуаны на кантынэнце
Так выглядаюць дрэўныя ігуаны на кантынэнце

Іншы абарыгенны від, які ўпрыгожвае ўзьбярэжжа, — марскія коцікі. Увесь дзень у паветры вісіць гартанны перакліч самцоў і кормячых мамак. Як і ігуаны, коцікі практычна ўсюды. Абыякавыя да наяўнасьці людзей, могуць лёгка сагнаць з лаўкі ці ўклініцца ў чаргу, каб першым заскочыць у катэр. Але без паважнай прычыны чапаць жывёл на Галяпагас забаронена, таму, каб пераканаць ластаногіх «адваліць», у ход ідуць розныя хітрыкі — ад слоўнага пераконваньня да паліваньня трохдаляравай вадой.

Магчыма, пінгвіны і унікум для экватару, але не для Галяпагас. Маючы генэтычную повязь са сваімі антарктычнымі субратамі, яны селяцца ў заходняй частцы архіпэлягу, дзе працякае халодная акіянічная плынь. Яны выдатныя плыўцы, скараюць вялікія адлегласьці і трапляюць у поле зроку ў самых розных месцах. А вось размнажаюцца выключна на Фэрнандыне і Ізабэле. На жаль, ухапіць гэтых шустрых 50-сантымэтровых стварэньняў у фотааб’ектыў так і не ўдалося — хуткасьць іх неймаверная.

Лаўкі на ўзьбярэжжы пастаянна занятыя коцікамі
Лаўкі на ўзьбярэжжы пастаянна занятыя коцікамі

Малы коцік з маці
Малы коцік з маці

Людзі ў чарзе побач з пэліканамі

Да ўнікальных эндэмікаў, якіх немагчыма ўбачыць нідзе на плянэце, апроч мясцовых калёній, адносіцца цэлы шэраг відаў, у назвах якіх фігуруе азначэньне «галяпагаскі». Сярод іх земляны ўюрок, які стаў аб’ектам самай пільнай увагі Чарльза Дарвіна, а таксама марскі леў, чырвоны краб, альбатрос, блакітнаногая олуша, фрэгат, голуб з блакітнымі вачыма, нелятаючы баклан, тры сотні відаў маляўнічых рыб і г.д.

Выходзячы прайсьціся, трэба быць гатовым, што за паваротам паўстане неверагоднае відовішча — напрыклад, чарада ружова-памаранчавых флямінга, якія аблюбавалі салёнае возера Бальтазар на Ізабэлі. Уласна кажучы, рачкі, якімі харчуюцца гэтыя даўганогія з каленямі навыварат, і даюць такі незвычайны эфэкт апярэньню. Каб флямінга раптам даляталі да Беларусі, гнездаваліся б, няйначай, у раёне салігорскага «Беларуськалію».

Калёнія флямінга на салёным возеры Бальтазар
Калёнія флямінга на салёным возеры Бальтазар

Пелікан на Чарапахавай бухце Санта-Крус
Пелікан на Чарапахавай бухце Санта-Крус

Іншая істота, якая шумна прызямляецца пасярод ходніка, — пэлікан. У Пуэрта-Аёры гэтыя «цяжкавагавікі» дзясяткамі пляніруюць над рынкам, чакаючы прывозу сьвежай рыбы. І тады разам зь людзьмі стаяць у чарзе, каб паласавацца хвастамі, абрэзкамі плаўнікоў ды вантробамі. Таксама пэліканы ганарова сядзяць на парэнчах, стрэхах, слупах, неахвотна ўзьлятаючы пры набліжэньні чалавека.

Проста пры беразе, асабліва на зьмярканьні, можна паназіраць за касякамі галяпагаскіх шэрых акулаў, аднаго зь відаў гэтых драпежнікаў. У празрыстай вадзе добра відаць імклівыя, вытанчаныя постаці. Яны палююць на рыбку, якая зьбіраецца пад асьветленым ліхтарамі прычалам, ня грэбуюць нават ігуанамі. Кампанію нясьпешліва парушае малады скат — памахаўшы «крыламі», гэтак жа павольна зьнікае ў акіянічнай бездані.

Невялікі скат каля прычалу Пуэрта Аёры
Невялікі скат каля прычалу Пуэрта Аёры

Шэрая галяпагаская акула ля берагоў Санта-Крус
Шэрая галяпагаская акула ля берагоў Санта-Крус

Ня меней цікавая мясцовая расьліннасьць — разнавіднасьцяў эндэмікаў навукоўцы налічылі больш за паўтысячы. Чаго вартыя адны толькі «дрэвакактусы» апунцыі, якія сягаюць вышэй за 10 мэтраў, а ствалы некаторых не абхопіш. Дарэчы сказаць, кактусаў тут сотні дзьве відаў — рознай формы і калючасьці.

Пэліканы ў цярплівым чаканьні на рыбным рынку
Пэліканы ў цярплівым чаканьні на рыбным рынку

На розных астравах сустракаецца некалькі відаў мангравых дрэваў — у прыватнасьці, чорны, белы і чырвоны мангр. Таксама калярыстыкай розьніцца эндэмічная трава, здольная мяняць афарбоўку залежна ад сэзону — ад насычана-зялёнай да чырвонай. Наагул на астравах існуе дакладны падзел на зоны панаваньня той ці іншай культуры, бяз звыклага ў іншых шыротах паступовага пераходу.

На Галяпагас 9 месяцаў цягам году не бывае дажджу, таму тут марна чакаць «буяньня» прыроды — адрозна, напрыклад, ад эквадорскай Амазоніі. Перамагаюць найперш тыя, хто ўзбройваецца ня лісьцем, а шыпамі ды іголкамі. Але калі нябёсы даюць сабе волю, пачынаюць квітнець нават самыя прынцыповыя кактусы.

Від на Ціхі акіян, востраў Ізабэля
Від на Ціхі акіян, востраў Ізабэля

У 1978 годзе Галяпагаскі архіпэляг быў уключаны ў сьпіс Усясьветнай спадчыны UNESCO, а ў сярэдзіне 1980-х абвешчаны Біясфэрным запаведнікам плянэты Зямля.

«Прыпадак імпэрыялістычнага маразму Эквадору», як выказаўся клясык, стаў агульнапрызнаным фактам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG