Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі «Экспабела»: Ня выйшла на працу 50–70%


Якая сытуацыя на рэчавых рынках у Менску пасьля Новага году і Калядаў? Ці спраўдзіліся прагнозы пра тое, што большасьць прадпрымальнікаў ня выйдзе на працу з-за ўвядзеньня абавязковых сэртыфікатаў? Каб атрымаць адказы на гэтыя пытаньні, карэспандэнт Свабоды прайшоў дакладна тым самым маршрутам, якім хадзіў па «Экспабеле» перад каталіцкімі Калядамі.

Спачатку іду на адкрыты рынак. 23 сьнежня тут быў вір людзей, цяпер — адзінкі пакупнікоў і яшчэ меней прадаўцоў, якія большасьцю хаваюцца ў сваіх боксах ад холаду.

Падыходжу да спадарыні, якая гандлюе цацкамі, у тым ліку з Кітаю. Называцца гандлярка ня хоча, адмаўляецца і ад фота, але пагаварыць пагаджаецца. Кажа, у яе дакумэнты ў парадку, і таму яна выйшла на працу пасьля Новага году. А вось суседзяў, прызнае, кожнага другога няма, і калі зьявяцца на працу, ёй невядома.

«Людзі пазакрываліся, бо няма адпаведных дакумэнтаў на тавар. Шмат для каго гэта вялікая праблема. Ня кожны можа з такім гандлем, як цяпер, здабыць гэтыя сэртыфікаты, бо патрэбны і пэўныя страты. Зарабляем мы цяпер зусім няшмат, хапае толькі на аплату арэнды і падаткаў ды самім схадзіць у краму. Як было раней, што яшчэ нешта і адкладалі, — такога цяпер няма».

Людміла сказала, што напярэдадні Новага году і пасьля яго прадстаўнікі адміністрацыі рынку да гандляроў не прыходзілі, нічога не прапаноўвалі і на перамовы не ішлі. Пра ідэю стварыць незалежны прафсаюз дробных гандляроў Людміла ведае і лічыць яе слушнай, а вось да страйку ставіцца адмоўна.

«Я ўсё ж спадзяюся на Лукашэнку, што ён яшчэ прыме такое рашэньне, якое ўсіх задаволіць», — кажа на разьвітаньне Людміла і выходзіць з бокса з пачкам цыгарэтаў. «Пакупнікоў усё роўна няма», — усьміхаецца яна.

На адкрытым рынку працягваюць гандляваць дзіцячымі цацкамі, гульнямі, сувэнірамі, бытавымі сродкамі, нават усё яшчэ сьвяточнымі гірляндамі і мішурой. Што да адзежы, абутку, бялізны — гэтыя гандляры пазакрываліся. Не, вось бачу з кубачкам кавы гандлярку каля адчыненага кіёска з калготкамі і мужчынскімі майткамі.

Гандлярка Зоя
Гандлярка Зоя

Гандлярку завуць Зоя. Жанчына называе сваю лічбу суседзяў, якія пасьля сьвятаў ня выйшлі на працу, і гэтая лічба значна большая за папярэднюю — недзе 70%. Зоя непакоіцца, што гэтак і ёй прыйдзецца зачыняцца, бо на такім рынку зусім ня стане пакупнікоў.

«Вы ж паглядзіце: толькі адзін кіёск працуе праз 5–10, якія не працуюць. Бачыце, што творыцца! Калі ў гандляроў і ёсьць на нейкі тавар сэртыфікаты, дык няшмат, а значыць, гандляваць немагчыма. Тым больш у людзей цяпер няма грошай, і калі да Новага году яны і маглі набыць нейкі танны тавар, то цяпер яго ня будзе, а тавар фірмаў — у разы даражэйшы. Калі ўспомніць часы, што я тут гандлюю, дык акрамя 90-х, калі людзям не плацілі заробкі, гэтак цяжка ніколі не было. Але тады мы верылі, што ўсё будзе наперадзе добра. А цяпер, калі шчыра сказаць, ня ведаю, на што і спадзявацца. Зойдзеш у крамы, быццам бы ўсё ёсьць, але купіць людзям няма за што. Мы займалі такую нішу, што якраз забясьпечвалі таварамі тых, у каго грошай няшмат. А цяпер і за нас узяліся, і ня ведаю, што будзе. Шмат хто з тых, хто ня выйшаў на працу, пабралі адпачынкі ў спадзяваньні, што нешта ўсё ж зьменіцца. Але большасьць проста спынілі дамовы. А ў мяне сытуацыя такая: кіёск мы выкупілі, а плошчу пад ім наймаем, значыць, нават калі не працуем, арэнду трэба плаціць. А з чаго яе плаціць? Вось сёньня за дзень прадала толькі 2 пары калгот, сто тысяч у касе. Між іншым, мы тут плацім арэнду большую, чым там пад дахам, бо лічыцца, што тут больш пакупнікоў. Але цяпер дзе тыя пакупнікі?»

Пра ўвядзеньне сэртыфікатаў Зоя кажа, што гэтая мера балюча ўдарыла па бедных пакупніках. Паводле гандляркі, з латкоў рынкаў зьнік дробны тавар, як тыя ж шкарпэткі, якія забясьпечваць сэртыфікатамі немагчыма. «Прыйдзецца людзям па шкарпэткі ісьці ў краму — а гэта на некалькі тысяч даражэй», — кажа Зоя.

Ці дапамагае адміністрацыя рынку гандлярам неяк справіцца зь цяжкасьцямі пераходу на сэртыфікаты?

Паводле Зоі, нікога з адміністрацыі «Экспабела» яна даўно ня бачыла. «Вось калісьці задумалі над праходам дах пабудаваць, грошы з нас узялі, нейкую жалязяку паставілі, а даху так і няма. У выніку нашы ўмовы: мароз, холад, вялікая арэнда і невядомыя пэрспэктывы», — падсумоўвае гандлярка Зоя.

Два тыдні таму на другім паверсе «Экспабела» я размаўляў з гандлярамі спартовай вопраткай і абуткам, якія папярэджвалі, што пасьля Новага году могуць ня выйсьці на працу. Але не таму, што ня маюць сэртыфікатаў на тавар, а з прычыны «малой наведвальнасьці пакупнікоў і іх нізкай пакупніцкай здольнасьці». Каб падняцца на другі паверх ГЗЦ «Экспабел», праходжу першым паверхам, дзе разьмешчаныя крамы вядомых гандлёвых марак.

Дзьверы ва ўсе крамы расчыненыя, ва ўсіх — масавыя распродажы. У некаторых цэны на паасобныя групы тавараў зьніжаныя напалову, а то і на 70%.

Як вынік — пакупнікоў на першым паверсе поўна, аж локцямі расьпіхваюць, і гандаль ідзе бойка. Але варта падняцца на другі паверх, дзе гандлююць дробныя беларускія прадпрымальнікі — і сытуацыя кардынальна мяняецца. Больш за палову боксаў зачыненыя, у калідорах — рэдкія, хутчэй выпадковыя пакупнікі, гандляры стаяць самотныя і не па-сьвяточнаму сумныя.

«Ня буду нічога казаць, у мяне беларускі тавар», — адразу спыніла маю спробу завесьці размову жанчына, якая гандлюе моладзевымі паліто. Больш гаваркі аказаўся малады гандляр абуткам.

«Тут прыкладна 60% боксаў закрытыя, і што будзе празь месяц, невядома. Прычым пазакрываліся тут ня толькі з-за сэртыфікатаў. Некаторыя яшчэ і не спраўляюцца з арэндай, бо яна зусім не малая. Што будзе далей? Некаторыя чакаюць 11 студзеня, калі пройдзе форум прадпрымальнікаў, які зьбірае „Пэрспэктыва“. Але ня я. Бо што гэта будзе за мерапрыемства? Яно будзе сярод саміх прадпрымальнікаў, ані ад Мінгандлю, ані ад нейкай іншай установы, якія нешта вырашаюць, там нікога ня будзе. Дый увогуле сытуацыя паказвае, што гэтыя прадстаўнікі, гэты Мінгандлю самі нічога не вырашаюць. Ёсьць каманда зьверку — нешта будзе зроблена, ня будзе такой каманды — нічога нам насустрач ня зробяць», — падзяліўся меркаваньнем гандляр.

На маё пытаньне, ці могуць гандляры «Экспабела» пачаць агульны страйк за адмену сэртыфікацыі ці зь іншымі патрабаваньнямі, гандляр даў такі адказ:

«Страйк тут нічога ня дасьць. Бачна, што першапачаткова дзяржава была гатовая да таго, што гандляры нейкі час ня будуць плаціць падатак. Як доўга гэта працягнецца і як доўга дзяржава зможа гэта пратрымаць, ніхто ня ведае, гэта пакажа час».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG