Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі дзень моваў vs „русскій міръ“


Эўрапейскі дзень моваў. Застаўка па-валійску (edl.ecml.at)
Эўрапейскі дзень моваў. Застаўка па-валійску (edl.ecml.at)

26 верасьня — Эўрапейскі дзень моваў. Ажно два словы ў назьве сьвята робяць яго непрымальным для насельнікаў уладных палацаў у Менску: па-першае, Эўропа, а па-другое — „мовы“ ў множным ліку. У прасторы „русского міра“ мова, дакладней „язык“, толькі адзін.

Спокліч Эўрапейскага дня моваў„Цэнім усе мовы ў Эўропе“ . Гэта і ёсьць зьмест і мэта сьвяткаваньня, якое ўжо 22 гады ладзіцца пад эгідай Рады Эўропы. Яе генэральны сакратар Марыя Пэйчынавіч-Бурыч выпусьціла адмысловы зварот:

„Гэта ўшанаваньне сатканага з моваў багатага габэлену, які робіць наш кантынэнт такім асаблівым. Моўная разнастайнасьць наша культурная спадчына. Яна дапамагае нам цаніць адрозьненьні і разумець, што разнастайнасьць наша сіла. Шануйма ўсе мовы ў Эўропе“.

Афіцыйная старонка сьвята мае 42 моўныя вэрсіі, у тым ліку на эўрапейскіх мовах, якія ня маюць статусу агульнадзяржаўных. Беларускай вэрсіі — няма... У Радзе Эўропы 46 дзяржаваў, але статус „спэцыяльна запрошанай“ у Раду для Рэспублікі Беларусі быў прыпынены ў 1997 годзе пасьля чарады антыканстытуцыйных рэфэрэндумаў. А з 2022 году, пасьля шырокамаштабнага нападу на Ўкраіну, з Рады Эўропы была выключаная і Расея.

Таму сьвята і не адчуваецца ў Беларусі. Хоць па ўсім нашым кантынэнце ў гэты верасьнёўскі дзень праходзяць канцэрты і выставы, канфэрэнцыі выкладнікаў і тэматычныя школьныя заняткі. У аўстрыйскім Грацы, дзе месьціцца апорны для культываваньня эўрапейскай моўнай шматстайнасьці Эўрапейскі цэнтар сучасных моваў, моўны фэстываль доўжыцца некалькі дзён. Сеціва напоўненае гульнямі і забавамі для дзяцей і ня толькі: мяне, напрыклад, захапіў аўдыётэст на распазнаньне мовы, якою гавораць суседзі ў чарзе ці ў кавярні. Мэта — нястомна паказваць, што моўная шматстайнасьць — гэта супольнае багацьце эўрапейцаў, вучыць пашане да мовы суседняга народу, наагул да кожнай мовы, нават калі ёю размаўляе пара соцень чалавек.

А пуцінская ўлада канчаткова сарвала „ленінскія“ дэкарацыі з палітыкі моўнай русыфікацыі. У Расеі скасавалі абавязковае вывучэньне ў школах моваў мясцовых народаў, нават татарскай у Татарстане (дзе родная мова карэннага народу трымалася ці не наймацней сярод нерасейскіх у РФ), адну за адной скасоўваюць нацыянальныя аўтаноміі — якая ўжо тут моўная разнастайнасьць!

Гэтая моўная палітыка Масквы паслухмяным рэхам адгукаецца ў менскіх уладных палацах. Цяперашні іх распараднік невыпадкова пачаў сваю ўладную біяграфію менавіта з моўнага пытаньня, скасаваўшы ў 1995 годзе статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.

Вынік — у 2009 годзе UNESCO ўключыла беларускую мову ў „чырвоную кнігу“ моваў пад пагрозай зьнікненьня. Але мала таго. Згаданы распараднік і яго прапагандысты безупынна зьдзекліва цытуюць беларускія словы і ўжываюць іх — напрыклад „сьвядомы“, „змагар“ — для кляйменьня „ворагаў“. Гэтая палітыка мае ўсе прыкметы лінгвацыду.

Хоць антыдэмакратычная ўлада Беларусі была выстаўленая з Рады Эўропы ў „пачакальню“, тым ня менш РЭ ня раз працягвала руку афіцыйнаму Менску, прапаноўваючы далучацца да канкрэтных пагадненьняў пад сваёй эгідай, у тым ліку „Эўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў ці моваў меншасьцяў“. У 2017 годзе зь Менску нават паведамлялі, што гатовыя выконваць палажэньні Хартыі і ратыфікаваць яе.

Праўда, і тады ўзьнікала пытаньне, а як улады забясьпечваюць правы беларускамоўных — беларускую мову ў Беларусі не запішаш жа ў „рэгіянальныя“ ці „мовы меншасьцяў“? Ну а цяпер, пасьля закрыцьця Менскам школаў з польскай і літоўскай мовамі выкладаньня, і ўсе іншыя пытаньні праясьніліся. Часам бачыш у суседзкай прэсе рэплікі — маўляў, усюды на іх месцы цяпер будуць беларускамоўныя школы. Наіўнасьць!..

Моўная разнастайнасьць як костка ў горле „русского міра“. І гэта яшчэ адна стратэгічная чырвоная лінія, якая падзяляе „русскій міръ“ і Эўропу. Яны несумяшчальныя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG