Тыя, хто дамагаецца выкладаньня па-беларуску ва ўнівэрсытэтах Беларусі, натыкаюцца на контраргумэнт: у нас, маўляў, вучацца кітайцы й туркмэны, беларуская мова для іх лішняя. А таму яна лішняя і для беларусаў. Ці права носьбіта кітайскай ці расейскай мовы мацнейшае за такое самае права беларускамоўнага?
Унівэрсальныя праваабарончыя пакты згадваюць права асобы на свабоду ад дыскрымінацыі паводле мовы. Але доўгі час не было агульнапрынятай дактрыны й зводнага міжнароднага дакумэнту — асабліва не пра індывідуальныя, а пра калектыўныя моўныя правы.
Абаронцы моўнае шматстайнасьці імкнуцца замацаваць гэтае права народаў з 1980-х. Зрух адбыўся — прадказальна — у сталіцы Каталёніі Барсэлёне. 6–9 чэрвеня 1996 году пры ўдзеле UNESCO там прайшла Ўсясьветная канфэрэнцыя наконт моўных правоў, якая ўхваліла Ўсеагульную дэклярацыю моўных правоў (УДМП; анг. Universal Declaration of Linguistic Rights, кат. Declaració Universal dels Drets Lingüístics), або Барсэлёнскую дэклярацыю.
Рыхтавалі Дэклярацыю доўга. Ініцыятарамі былі людзі, зьвязаныя з адукацыяй: першы праект напісаў быў бразыльскі прафэсар-лінгвіст Франсішку Ґоміс дзі Матус для Міжнароднай фэдэрацыі выкладнікаў сучасных моваў. Справу падтрымаў Міжнародны ПЭН-Клюб — найстарэйшая ў сьвеце праваабарончая арганізацыя — і яго Камітэт перакладаў і моўных правоў. Гэты Камітэт разам зь міжнароднай асацыяцыяй CIEMEN (каталянская абрэвіятура — Цэнтар этнічных мяншыняў і нацыяў імя Эскарэ) і сталі арганізатарамі Барсэлёнскай канфэрэнцыі 1996 году. У ёй бралі ўдзел 102 нацыянальныя ПЭН-Цэнтры ды іншыя грамадзкія арганізацыі з розных краінаў, экспэрты (юрысты, лінгвісты), міжнародныя службоўцы. Дэклярацыю прынялі per acclamationem — супольным урачыстым ухваленьнем — і перадалі ў UNESCO для далейшай легалізацыі ў ААН.
Стратэгічная мэта Дэклярацыі — зьберагчы моўную шматстайнасьць чалавецтва:
«Усеагульная дэклярацыя моўных правоў неабходная дзеля выпраўленьня моўных перакосаў, забесьпячэньня павагi да ўсiх моваў ды iх поўнага росквiту, а таксама дзеля ўсталяваньня прынцыпаў справядлiвага i бесстароньняга мiру памiж мовамi ўсёй плянэты, што ёсьць ключавым фактарам гарманiчнага грамадзянскага суiснаваньня» (Уводзіны). |
Беларусь пачатку 1990-х гадоў інтэнсіўна далучылася да ўкладаньня міжнароднага моўнага права. Адным з галоўных заснавальнікаў Беларускага ПЭН-Цэнтру і яго віцэ-прэзыдэнтам (тады грамадзкім арганізацыям яшчэ не забаранялі мець сваіх прэзыдэнтаў) быў Карлас Шэрман, які нарадзіўся ва Ўругваі ў сям’і выхадца зь Беларусі і карэннай паўднёваамэрыканкі. Ад нараджэньня гішпанамоўны, трымаў кантакты з раманамоўным і наагул міжнародным літаратурным сьветам.
Калі пачалася праца над Усеагульнай дэклярацыяй моўных правоў, Карлас Шэрман усёй сваёй энэргіяй падтрымаў яе. Сабраў групу беларускіх экспэртаў для патрэбных менавіта нам дапаўненьняў і рэдакцыйных зьменаў (мне таксама выпала ўкласьці колькі прапановаў). А падпісаў ад Беларусі Дэклярацыю Васіль Быкаў.
|
|
У яго аказалася добрае таварыства. За Дэклярацыю выступілі 11 Нобэлеўскіх ляўрэатаў, сярод якіх пісьменьнікі Віслава Шымборска, Актавіё Пас, Шэймус Гіні, рэлігійныя, грамадзкія й дзяржаўныя дзеячы Яго Сьвятасьць Далай-Лама, архібіскуп Дэзманд Туту, Нэльсан Мандэла, Ясір Арафат, народжаны ў Беларусі прэзыдэнт Ізраілю Шымон Пэрэс (Пэрскі) ды іншыя. З навукоўцаў дакумэнт ухваліў, напрыклад, мовазнаўца й філёзаф, аўтар тэорыі ўнівэрсальнай граматыкі Ноам Хомскі (таксама карані зь Беларусі). З творцаў — славуты каталёнскі тэнар Жузэп (Хасэ) Карэрас і знакаміты брытанскі музыка, колішні лідэр Genesis, а цяпер папулярызатар World Music, носьбіт тытулу «Чалавек Міру» Пітэр Ґэйбрыел. Ён лічыць, што ў рок-музыцы зусім не павінна панаваць ангельская мова.
Мы павінны цаніць і аберагаць нашыя культурныя адрозьненьні. Генафонд ня ў стане спарадзіць трывалае і энэргічнае новае жыцьцё, калі няма шырокай геннай разнастайнасьці. Гэта слушна таксама для культуры і мовы. |
На беларускую тэкст пераклаў Зьміцер Колас. Між іншым, у беларускім перакладзе Дэклярацыі ўжыты тэрмін «лінгвістычныя правы»; мяркую, аднак, што прасьцей казаць «моўныя правы», каб нават недавучаны чыноўнік цяміў,
аб што ідзецца.
Дэклярацыя — плён дыскусіяў і кампрамісаў людзей розных культурных традыцыяў, носьбітаў моваў мажарытарных (носьбіты якіх у бальшыні) і мінарытарных. Трэ было вызначыць агульныя прынцыпы, а потым знайсьці формулы, прыдатныя для розных сытуацыяў. Таму дакумэнт доўгі — «багаталітараў», але амаль вычарпальны. Ягоныя параграфы можна разьбіраць на гатовыя артыкулы для нацыянальнага заканадаўства.
Акурат пасуе да нашай моўнай сытуацыі ўводнае палажэньне:
(...) беручы пад увагу, што захоп, калянiзацыя i акупацыя, а таксама iншыя вiды палiтычнага, эканамiчнага цi сацыяльнага падпарадкаваньня часта вядуць да простага навязваньня чужой мовы цi прынамсi да перакосаў у ацэнцы каштоўнасьцi моваў i ўзьнiкненьня герархiчнага стаўленьня да iх, што ўплывае на моўныя прыхiльнасьцi тых, хто на iх гаворыць;
беручы такiм чынам пад увагу, што з гэтай прычыны мовы некаторых народаў, якiя набылi незалежнасьць, па-ранейшаму перажываюць працэс іх выцясьненьня i падмены, выклiканы палiтыкаю, якая ставiць у прывiлеяванае становiшча мовы былых калянiяльных цi iмпэрскiх дзяржаваў; (...)
Найцяжэйшаю задачаю ўкладальнікаў Дэклярацыі было гарманізаваць індывідуальныя і калектыўныя моўныя правы. Дэклярацыя ўводзіць паняцьце гістарычнай моўнай супольнасьці на яе ўласнай тэрытарыяльнай прасторы і адмяжоўвае ад яго проста моўную групу:
1. Гэтая Дэклярацыя разумее пад моўнай супольнасьцю любое чалавечае грамадзтва, якое, гiстарычна асталяваўшыся на пэўнай, прызнанай цi непрызнанай, тэрытарыяльнай прасторы, усьведамляе сябе як народнасьць i разьвiла агульную для сваiх чальцоў мову як натуральны сродак iх дачыненьняў i культурнай згуртаванасьцi.
Тэрмiн уласьцiвая тэрыторыi мова азначае мову супольнасьцi, якая гiстарычна асталявалася на гэтай самай прасторы.
2. Гэтая Дэклярацыя зыходзiць з прынцыпу, што моўныя правы зьяўляюцца адначасова iндывiдуальнымi i калектыўнымi, i прымае за аснову паўнаты моўных правоў выпадак гiстарычнай моўнай супольнасьцi на яе ўласнай тэрытарыяльнай прасторы [вылучэньне маё. — В.В.], якая разумеецца ня толькi як геаграфiчная мясцовасьць, на якой жыве гэтая супольнасьць, але i як сацыяльная i функцыянальная прастора, неабходная для паўнацэннага разьвiцьця яе мовы.
З гэтай асновы, як яе паступовая градацыя цi яе кантынуум, вынікаюць i правы моўных групаў (...), i правы асобных людзей, што жывуць па-за тэрыторыяй сваёй супольнасьцi.
(Арт. 1)
Вось такі фундамэнтальны падыход — прыярытэт правам гістарычнай моўнай супольнасьці ды зьберажэньню ўласьцівай тэрыторыі мовы. (Дэклярацыя імкнецца апісаць усе выпадкі: моўныя супольнасьці таксама маюць вандроўныя або расьсеяныя народы.)
Дыскрымінацыя моўных супольнасьцяў недапушчальная. Гістарычныя моўныя супольнасьці, што зазнавалі моўную дыскрымінацыю, «дзеля ўсталяваньня дастатковай сацыялiнгвiстычнай раўнавагi» маюць дадатковае права на «кампэнсацыйныя захады» (арт. 2). Інакш зьберагчы моўную разнастайнасьць чалавецтва няма як. Бо мова мае варункі захаваньня й разьвіцьця, а значыць, і пэрспэктыву толькі ў моўных супольнасьцях, што ўзьніклі натуральна:
«Гэтая Дэклярацыя выключае, каб мова магла разглядацца як уласьцiвая тэрыторыi на падставе таго, што яна зьяўляецца афiцыйнаю моваю дзяржавы або традыцыйна выкарыстоўвалася на гэтай тэрыторыi ў якасьцi мовы адмiнiстрацыi цi ў рамках пэўных вiдаў культурнай дзейнасьцi» (Арт. 6).
Адсюль вынікае, што расейскамоўныя ў Беларусі (як і ва Ўкраіне) не складаюць гістарычнай моўнай супольнасьці. Хоць індывідуальныя моўныя правы, натуральна, маюць. Мой добры знаёмы, юрыст (які, між іншым, памяняў грамадзянства ЗША на ўкраінскае) Іван Лазавы цяпер «на Ўсходзе», і ў інтэрвію для Радыё Свабода пасьля чарговай апэрацыі на Луганшчыне ён эмацыйна кажа:
...Нам трэба павялічыць на расейскай мове трансьляцыі ў Луганскай вобласьці? Трэба, наадварот, людзей прывучаць да таго, што гэта Ўкраіна, што існуе ўкраінская мова, трэба яе разумець. Хочаце сумовіцца на расейскай — калі ласка, ці на іншай мове, але гэта Ўкраіна! Каб людзі не засталіся ў гэтым падвешаным стане, калі яны самі не ведаюць і ня дбаюць, Украіна там ці Расея, хто там ваюе, абы яно ўсё спынілася... |
Іван Лазавы
Менавіта моўная супольнасьць, паводле Дэклярацыі, мае на сваёй тэрыторыі неад’емнае права «...валодаць любымi сродкамi, неабходнымi дзеля забесьпячэньня пераемнасьцi сваёй мовы i яе перадачы ў будучыню» (арт. 8). А мове групы або індывіда такія гарантыі пэрспэктывы павінна даваць свая моўная супольнасьць на яе гістарычнай тэрыторыі. Расейская мова выжыве і без заканадаўчай падтрымкі ў Беларусі ці Ўкраіне, дзеля гэтага ёсьць Расея і фэдэральная праграма «Русский язык» у ёй.
Так вырашаецца складанае пытаньне стасункаў паміж індывідуальнымі і супольнымі моўнымі правамі.
Цэнтральны разьдзел Дэклярацыі «Агульны моўны рэжым» мае тэматычныя часткі:
Афіцыйныя дзяржаўныя і адміністрацыйныя органы
Адукацыя
Уласныя імёны
Сродкі камунікацыі і новыя тэхналёгіі
Культура Сацыяльна-эканамічная сфэра
Для кожнай галіны прапісваюцца канкрэтныя правы моўных супольнасьцяў. Кожны, прыкладам, у Беларусі павінен мець права і магчымасьць ужываць беларускую мову ў любой сфэры і сытуацыі.
Ёсьць і адказ на «кітайскі аргумэнт» супраць беларускай мовы ва ўнівэрсытэтах. Індывідуальнае права чужамоўнага ня можа парушаць правы гістарычнай моўнай супольнасьці:
«Кожны мае права ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць у грамадзтве на сваёй уласнай мове ў той меры, у якой гэтая мова зьяўляецца таксама моваю, уласьцiваю тэрыторыi, на якой ён жыве» (Арт. 12); «Кожны мае права атрымлiваць адукацыю на мове, уласьцiвай тэрыторыi, дзе ён жыве» (Арт. 29). Далей не дэталізую і адсылаю цікаўных да тэксту.
* * *
Брашура з Дэклярацыяй па-беларуску (інтэрнэту яшчэ не было) у 1990-я гады хадзіла па руках; мацнела ўражаньне, што неўзабаве Дэклярацыю ўхваліць ААН і афіцыйны Менск хоцькі-няхоцькі будзе вымушаны яе выконваць.
Пасьля зацьверджаньня УДМП павінна была стаць у шэраг асноватворных міжнародных пагадненьняў — Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, Міжнароднага пакту «Аб грамадзянскіх і палітычных правах» і г.д. — і легчы ў аснову дзейнасьці Рады Моваў пры ААН ды кансультацыйнай Усясьветнай камісіі моўных правоў.
Але ўсё пайшло ня так гладка.
Гаворка ў гнезьдзішчы
Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі вяртаецца да важнай місіі — прыярытэтна падтрымліваць ініцыятывы дзеля зьберажэньня беларускай ідэнтычнасьці. Сама тое — аднавіць беларускі ўдзел у лёсе Ўсеагульнай дэклярацыі моўных правоў. Пад дахам Асамблеі сабраліся прадстаўнікі профільных беларускіх арганізацыяў і даверылі мне высьветліць міжнародны статус Дэклярацыі цяпер.
Я даручэньне выканаў: пры бліжэйшай нагодзе сустрэўся зь лідэрамі міжнароднай арганізацыі CIEMEN, якая разам з моўна-перакладніцкай камісіяй Міжнароднага ПЭН-Цэнтру адказвае за Дэклярацыю.
У сустрэчы ўдзельнічаў Аўрэлі Аржэмі, сустаршыня Кіроўнага камітэту Усеагульнай дэклярацыі моўных правоў, заснавальнік і ганаровы старшыня CIEMEN, колішні сакратар каталёнскага абата і незалежніка А. М. Эскарэ. Аўтар «Поклічу салідарнасьці ў абароне мовы, культуры і каталёнскай нацыі», стваральнік Фундацыі за калектыўныя правы народаў, дырэктар міжнароднага Цэнтру моўных правоў і заканадаўства «Мэркатар» і г.д. — патрыярх моўнага змаганьня.
Другім суразмоўцам быў маладзейшы Давід Фарньес — кіраўнік дасьледніцкага дэпартамэнту CIEMEN.
Вось што распавялі мне каталёнскія калегі.
Ідэі Дэклярацыі у выглядзе гатовых формулаў ужо рэалізуюцца ў канстытуцыйнай і заканадаўчай практыцы асобных дзяржаваў. Паўднёваамэрыканцы цытуюць УДМП у канстытуцыях; урад Гішпаніі выкарыстоўвае Дэклярацыю ў афіцыйных дакумэнтах моўнага права.
Гэта добра. Але што адбываецца на глябальным роўні? — пытаюся я.
У канцы 1990-х моўная структура UNESCO (Адукацыйная, навуковая і культурная арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў) LinguaPax ухваліла Дэклярацыю ў цэлым, хоць парэкамэндавала скараціць. Старшынём UNESCO быў каталёнец — Фэдэрыка Маёр Сарагоса. Але, на жаль, ён асабіста ня змог удзельнічаць у сэсіі UNESCO ў Парыжы, дзе Дэклярацыю мелі ўключыць у парадак дня Генэральнай Асамблеі ААН. Іншы спавяшчальнік ставіўся да Дэклярацыі ня надта прыхільна, і ў выніку наконт яе нават не галасавалі.
Стратэгія была зьмененая. CIEMEN i PEN спрабавалі давесьці Дэклярацыю моўных правоў наўпрост да Генэральнай Асамблеі ААН. На розных этапах гэтыя намаганьні асабіста падтрымлівалі прадстаўнікі ў ААН Францыі, Мэксыкі, Румыніі, Армэніі, Нарвэгіі, Этыёпіі (як бачым, зусім розных дзяржаваў). Урэшце надарыўся шанец — прадстаўніца Балівіі, прызначаная Эва Маралесам (аўтахтонным амэрыканцам з паходжаньня), узялася паставіць пытаньне ў парадак дня. Але справу здыскрэдытаваў сам Маралес — сваёй антыдэмакратычнай палітыкай; Балівію слухаць не схацелі.
Ёсьць пытаньне клясыфікацыі права на мову. Абаронцы Дэклярацыі дамагаюцца залічэньня моўных правоў да падставовых, жыцьцёва важных правоў чалавека. У 2008 г. на Радзе правоў чалавека ААН у Жэнэве Аўрэлі Аржэмі падкрэсьліў, што моўная разнастайнасьць мае абараняцца ў рамках правоў чалавека, а не культурных правоў. «Мовы ня маюць правоў, а вось людзі маюць моўныя правы. Менавіта з гэтай прычыны мы звычайна праводзім адрозьненьне паміж мовамі і культурамі», — сказаў ён і зноў заклікаў ухваліць Дэклярацыю моўных правоў ААН, якая б дапоўніла дзейную Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. Але, на жаль, выніку не было.
Мяркую, адна з прычынаў — ніводная з буйных дзяржаваў або, прыкладам, Эўразьвяз не ўзяліся падтрымаць такі прарыў у міжнародным праве. Натуральна, я спытаў, як сябе паводзілі ў ААНаўскіх структурах прадстаўнікі Рэспублікі Беларусі, аднак каталёнцы іх проста не заўважылі.
Калегі запэўнілі мяне, што CIEMEN ня спыніць спробаў дзейнічаць праз Камітэт правоў чалавека ААН. Тымчасам Камітэт перакладу і моўных правоў Міжнароднага ПЭН-Клюбу ўзначаліў Жузэп Марыя Тэрыкаўрас (Josep Maria Terricabras) з Жыроны, і ён жа нядаўна стаў дэпутатам Эўрапейскага Парлямэнту ад Каталёніі. Ён бярэцца правесьці ідэі Дэклярацыі праз Эўрапарлямэнт. Але, зноў жа мяркую я, іх мае падтрымаць якая-небудзь вялікая фракцыяй ЭП, вялікія дзяржаўніцкія партыі.
Суразмоўцы разумелі гэта. Давід Фарньес зазначыў, што CIEMEN каардынуе вырашэньне моўных праблемаў ня толькі з прадстаўнікамі несувэрэнных народаў, але, напрыклад, з ірляндцамі. (Але ж іншых прыкладаў у Эўропе і няма, акрамя беларускага, — падумаў сабе я...)
Менскі амон і франкісцкая паліцыя
Спыталі, ці гаворыць па-беларуску Лукашэнка. Прыйшла пара мне распавесьці пра нашае моўнае становішча — з гістарычным экскурсам, статыстыкай і прыкладамі з жыцьця. Пачуўшы, што ў нас падчас абвастрэньня палітычнае сытуацыі міліцыя «бярэ» беларускамоўных (мова як прыкмета неляяльнасьці), ягомасьць Аўрэлі тут жа адрэагаваў: як у нас у Каталёніі за часы генэрала Франка.
Я сказаў, што пасьля перамогі Незалежнасьці у 1991 годзе хто-ніхто супакоіўся і думаў, што працэс адраджэньня незваротны, але аказалася, што нібыта незалежная дзяржава можа стаць варожаю беларускай мове. А потым, падрыхтаваўшы такім чынам глебу, прыходзіць Пуцін з «Русскім міром». Значыць, грамадзтва не павінна спадзявацца толькі на дзяржаву нават у самых спрыяльных умовах. Каталёнцаў гэта зацікавіла, распытваліся, думаючы пра свой ужо блізкі рэфэрэндум пра незалежнасьць. Выслухаўшы мяне, Аўрэлі Аржэмі папрасіў: «Напішыце, калі ласка, пра моўную сытуацыю ў Беларусі ў наш бюлетэнь. І абавязкова патлумачце, што „Русскій мір“ Пуціна — гэта не аднаўленьне мадэлі СССР з роўнасьцю народаў і моваў...». Старыя міты жывуць — ва ўсякім разе, на процілеглым канцы Эўропы.
Жыронскі маніфэст моўных правоў
Барацьбу за моўную разнастайнасьць сьвету вядзе цэлы архіпэляг арганізацыяў.
Гэта EBLUL — Эўрапейскае бюро менш ужываных моваў; Інстытут Linguapax, які заснавалі экспэрты UNESCO (і які асеў у Барсэлёне); Абсэрваторыя моўных правоў (стварылі баскі) і г.д. Гэта пераважна меншынёвыя арганізацыі. Пэўна, негалосна лічыцца, што калектыўныя правы моваў дзяржаватворчых народаў і так абароненыя іхнымі дзяржавамі.
Але разьмешчаны ў Лёндане Міжнародны ПЭН-Клюб і яго Камітэт перакладаў і моўных правоў ня мае кляйма «мінарытарнае» структуры.
У верасьні 2011 году 77-ы Кангрэс Міжнароднага ПЭН-Клюбу ў каталёнскай Жыроне ўхваліў Жыронскі маніфэст моўных правоў , які ўжывае паняцьці й сьцісла паўтарае ідэі Ўсеагульнай дэклярацыі лінгвістычных правоў — з акцэнтам на патэнцыял мовы як творчага інструмэнту.
1. Моўная разнастайнасьць— гэта ўсясьветная спадчына, якую трэба шанаваць і берагчы.
2. Павага да ўсіх моваў і культураў — гэта аснова для выбудоўваньня і падтрыманьня міжкультурнага дыялёгу і міру ў сьвеце.
3. Усе людзі вучацца гаварыць у той супольнасьці, якая дае ім жыцьцё, мову, культуру ды ідэнтычнасьць.
4. Розныя мовы і розныя спосабы выказваньня— гэта ня толькі сродкі сувязі, але і асяродзьдзе, у якім выхоўваюцца людзі і будуецца культура.
5. Кожная моўная супольнасьць мае права выкарыстоўваць на сваёй тэрыторыі сваю мову як афіцыйную.
6. Школьнае навучаньне мусіць умацоўваць прэстыж мовы, якою карыстаецца моўная супольнасьць на сваёй тэрыторыі.
7. Пажадана, каб грамадзяне мелі ўяўленьне пра моўную разнастайнасьць, бо гэта спрыяе ўзаемаразуменьню ды інтэлектуальнай адкрытасьці, а таксама дапамагае лепш зразумець уласную мову.
8. Пераклад тэкстаў, асабліва вялікіх твораў розных культураў, надзвычай важны для глыбейшага разуменьня і ўзаемнай павагі людзей.
9. СМІ адыгрываюць важную ролю ў папулярызацыі моўнай разнастайнасьці ды ў кампэтэнтным і няўхільным падвышэньні яе прэстыжу.
10. ААН мусіць прызнаць права выкарыстоўваць і абараняць уласную мову адным з асноўных правоў чалавека.
Навошта?
Стомлены чытач спытае: а навошта нам усе гэтыя параграфы, акты міжнароднага права, а пагатоў дэклярацыі, якія пакуль ня маюць юрыдычнае сілы, калі законнасьці ў дзяржаве няма ў прынцыпе.
Права на мову — і як індывідуальнае права чалавека, і пагатоў як калектыўнае права народу — па-за ўвагаю бальшыні міжнародных праваабарончых арганізацыяў. У міжнародных судах з правоў чалавека справы ў абарону лінгвістычных правоў практычна не разглядаюцца. І ў нас зрух у бок праваабарончага трактаваньня стану беларускае мовы пачаўся толькі нядаўна. Усеагульная дэклярацыя моўных правоў сёньня найбольш вывераны з гледзішча канцэпцыі ды адпаведнасьці прынцыпам міжнароднага права дакумэнт на тэму. Гэта значыць, не давядзецца вынаходзіць ровар, калі ў Беларусь вернецца ўлада закону і давядзецца разграбаць аўгіевыя стайні дыскрымінацыі. А грамадзкія і палітычныя структуры Беларусі, якія называюць сябе дэмакратычнымі, і сёньня могуць заяўляць пры міжнародных кантактах, што падзяляюць прынцыпы Дэклярацыі.
Пуцінская канцэпцыя «рускага міру» (тэрыторыі, дзе хоць як бытуе расейская мова) як абгрунтаваньне ўзброенай агрэсіі ды імпэрскага рэваншызму Расеі павінна паказаць нават самым упартым, што пэрспэктывы ўкраінскай і беларускай моваў, міжнародна зафіксаваныя правы гістарычных моўных супольнасьцяў — ня клопат купкі філёлягаў, а вызначальны для існаваньня дзяржаваў чыньнік.