Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў: На прэзыдэнцкіх выбарах Севярынец ня можа быць «кандыдатам за мірныя перамены»


Андрэй Дзьмітрыеў і Павал Севярынец
Андрэй Дзьмітрыеў і Павал Севярынец

Лідэр грамадзкага абʼяднаньня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў назваў на Facebook палітыкаў, якія маюць намер стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты на наступных выбарах (мяркуецца, у 2020 годзе).

У ліку такіх ён назваў Алега Гайдукевіча (ЛДПБ, ужо намінаваны ад партыі), Алеся Янукевіча або Юрася Зянковіча (БНФ), а таксама кандыдата ад Правацэнтрысцкай кааліцыі (АГП, БХД і «За свабоду»). Апошняга зьбіраюцца выбраць праз праймэрыз — і пад «наш падыход», піша Дзьмітрыеў, падыходзяць Юрась Губарэвіч («За свабоду»), Анатоль Лябедзька і Ганна Канапацкая (АГП), але не Павал Севярынец (БХД).

Што ня так зь Севярынцам паводле Дзьмітрыева?

«Пытаньне ня ў тым, падабаецца ці не падабаецца мне Севярынец, — кажа Свабодзе Андрэй Дзьмітрыеў. — Я казаў пра тых людзей, якія цяпер зьбіраюцца ісьці на тыя праймэрыз. Але я магу назваць таксама Міколу Статкевіча ў ліку тых людзей, якія сёньня, што б яны ні казалі, выступаюць за вулічны, рэвалюцыйны шлях зьменаў, у якім галоўная мэта — кагосьці пакараць, знайсьці вінаватых.

Наш падыход іншы: найперш разумець, што мы хочам зьмяніць, шукаць саюзьнікаў сярод розных групаў грамадзтва, у тым ліку ва ўладзе, каб зьмены адбыліся. Таму так, я лічу, што Павал Севярынец — не пра наш падыход, не пра мірныя перамены, не пра дыялёг. Павал — той чалавек, які можа весьці дыялёг з Богам і з тымі, каго сам прызначыць абранымі для дыялёгу».

Павал — той чалавек, які можа весьці дыялёг з Богам і з тымі, каго сам прызначыць абранымі для дыялёгу

Што да іншых прадстаўнікоў БХД, у тым ліку другога сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, Дзьмітрыеў кажа, што ня ведае іхнай адпаведнасьці «шляху мірных пераменаў». Таксама Дзьмітрыеў дапускае, што, як і ў 2010 годзе, ЛДПБ можа зьняць намінаванага кандыдата ў прэзыдэнты, а таксама згадвае, што цяперашняя дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім некалі зьбіралася балятавацца ў прэзыдэнты, а цяпер Анісім шчыльна супрацоўнічае з БНФ і мае памочнікам кіраўніка БНФ Рыгора Кастусёва. Таксама вылучыць кандыдата ў прэзыдэнты могуць левыя — напрыклад, ім можа стаць Сяргей Калякін («Справядлівы сьвет»).

А хто ад «Гавары праўду»?

Дзьмітрыеў пакуль не называе магчымым кандыдатам у прэзыдэнты ні сябе, ні Тацяну Караткевіч — кандыдатку ў прэзыдэнты на выбарах-2015.

Ён тлумачыць: у адрозьненьне ад большасьці дэмакратычных сілаў, «Гавары праўду» ня бачыць мясцовыя выбары толькі «падмуркам пад прэзыдэнцкія», нейкай няважнай кампаніяй. Паводле яго, мясцовыя выбары могуць даць дарогу новым лідэрам, «новым тварам на месцах», і гэтыя новыя твары павінны зьявіцца ў мясцовых саветах, «каб улада нарэшце павярнулася тварам да людзей».

Кандыдат ад „Гавары праўду“ на прэзыдэнцкіх выбарах абавязкова будзе. Кропка

«Кандыдат ад „Гавары праўду“ на прэзыдэнцкіх выбарах абавязкова будзе. Кропка, — заявіў Дзьмітрыеў. — А хто гэта будзе, Тацяна Караткевіч ці новы лідэр, які цяпер ідзе ў райсавет, ці ўвогуле чалавек, пра якога мы сёньня ня можам падумаць — гэта мы будзем вырашаць тады, калі прыйдзе час вырашаць. У нас наперадзе, хутчэй за ўсё, яшчэ датэрміновыя парлямэнцкія выбары, а толькі потым прэзыдэнцкія».

Ці можа сам Дзьмітрыеў быць кандыдатам у прэзыдэнты, ён «і думаць ня хоча», бо гэта «адцягвае сілы і час на тое, што важна»: ён зьбіраецца ісьці кандыдатам у Менскі абласны савет.

«Мне здаецца, што пасьля 2015 году ўсе засвоілі ўрок, што калі ты ня ўдзельнічаеш паўнавартасна ў выбарах, ты дакладна прайграеш, — дадае Дзьмітрыеў. — Я маю на ўвазе павагу з боку грамадзтва, яго давер, падтрымку. Для палітыка гэта галоўны рэсурс. Ты гэта проста страчваеш, а навярстаць гэта о-го-го як складана».

Севярынец: «Дай Бог, каб удалося зьмяніць уладу мірным шляхам»

Павал Севярынец кажа Свабодзе, што камэнтаваць заявы Дзьмітрыева — «няўдзячная справа», бо той мае «адпаведную рэпутацыю». Але ня кажа, што ён супраць мірных пераменаў:

«Дай Бог, каб беларусам удалося зьмяніць уладу мірным шляхам. Я малюся за гэта ўвесь час, каб атрымалася без крыві. Разам з тым я ведаю, што ў гісторыі бывае па-рознаму.

Беларусам трэба рыхтавацца ў першую чаргу да таго, каб абараняць незалежнасьць і права на годнае жыцьцё. Часам гэта даводзіцца рабіць на вуліцы, на плошчы. Мы ўсе павінны рабіць так, каб гэта адбылося мірным шляхам, але пакуль нам на гэта не дае шанцаў ні імпэрыя, ні сёньняшні рэжым.

Гасподзь Бог дасьць нам уладу ў Беларусі толькі тады, калі мы будзем гатовыя ўзяць адказнасьць за краіну

Каб былі выбары, гэта быў бы галоўны шлях, але, на жаль, выбараў няма. Ёсьць варыянты палацавых пераваротаў, масавых кампаніяў, якія мяняюць грамадзтва, вулічных рэвалюцыяў... Гэта ўсё ёсьць у гісторыі, было ў суседніх краінах. Але хацелася б, каб у Беларусі ўсё было, як закладзена ў нашай сьвядомасьці: культурна, цывілізавана і годна.

Гасподзь Бог дасьць нам уладу ў Беларусі толькі тады, калі мы будзем гатовыя ўзяць адказнасьць за краіну. Калі мы будзем падрыхтаваныя, спосабаў узяць уладу шмат. Тое, што мы пакуль жывём пры Лукашэнку, азначае толькі адно: мы як асобы, як апазыцыя, як дэмакратычныя сілы да гэтага пакуль не гатовыя».

Севярынец згадвае, што і ў 2010 годзе, калі БХД выстаўляла кандыдатам у прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, «выбараў не было» (і тады ні БХД, ні апазыцыя не былі гатовыя да Плошчы, таму ўсё скончылася трагічна), і цяпер «выбараў няма — гэта зьдзек зь людзей, гэта фарс». Удзел у кампаніях, тым ня менш, можа мець месца як элемэнт альтэрнатыўнай стратэгіі, і частка сяброў БХД гатовая ўзяць удзел і ў мясцовай кампаніі, і ў прэзыдэнцкай. Севярынец кажа, што адказы пра стратэгію і пляны на наступныя гады будуць атрыманыя 23 сьнежня на зьезьдзе хрысьціянскіх дэмакратаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG