На 81-м годзе ад паўторнага інсульту пайшоў з жыцьця Ўладзімер Дзіско — заслужаны настаўнік, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, аўтар вучэбных дапаможнікаў, выкладчык беларускай мовы ў Коласаўскім ліцэі. Як адзначаюць сябры і калегі, — пэдагог паводле пакліканьня.
Ягоная настаўніцкая дзейнасьць няспынна доўжылася 55 гадоў — ад 1961-га і да гэтага году, калі здарыўся інсульт. Гэты пэрыяд ахапіў і выкладаньне ў пэдагагічнай вучэльні, і працу ў Міністэрстве асьветы, і Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.
Уладзімер Дзіско нарадзіўся 6 верасьня 1936 году ў вёсцы Брольнікі Наваградзкага ваяводзтва тагачаснай Другой Рэчы Паспалітай. У гады гітлераўскай акупацыі хлопчыку давялося перажыць нямала: расстрэл мясцовых рамесьнікаў-габрэяў, адпраўку ў Нямеччыну на прымусовыя працы старэйшых аднавяскоўцаў, сярод якіх была і яго стрыечная сястра Вольга. Толькі цуд уратаваў Уладзю і яго бацьку Антона Аляксандравіча, калі аднаго разу карнікі ўварваліся ў вёску, шукаючы партызанаў. Валодзева маці была арыштаваная, толькі высілкамі яе старэйшай сястры, якая аддала ў якасьці хабару свой заручальны пярсьцёнак наваградзкаму камэнданту, яе ўдалося вызваліць.
У школу пайшоў пераросткам, і ўсё жыцьцё з удзячнасьцю ўзгадваў сваіх першых настаўнікаў — Аляксандра Лазарэвіча, Ганну Кіклевіч, Валянціну Лістападаву, якая, прыехаўшы з Расеі, за некалькі месяцаў засвоіла беларускую мову і пасьпяхова на ёй выкладала.
Сам Уладзімер Дзіско вучыўся на выдатна і ў 1952 годзе абраў прафэсію пэдагога — паступіў у Наваградзкую пэдагагічную вучэльню, пасьля заканчэньня якой падаў дакумэнты ў Менскі пэдінстытут імя Максіма Горкага. Сярод яго сяброў-аднакашнікаў былі не абы-якія асобы — будучы гісторык і краязнаўца Анатоль Валахановіч (на жаль, таксама нядаўна пайшоў з жыцьця), будучы паэт Раман Тармола-Мірскі. Пасьля быў разьмеркаваны выкладаць беларускую мову і літаратуру ў Аршанскую індустрыяльна-пэдагагічную вучэльню, дзе адпрацаваў амаль два дзясяткі гадоў. Аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў.
Дарэчы, сёлета да 80-годзьдзя з дня нараджэньня, калегі-пэдагогі ў складчыну прафінансавалі выданьне выбраных твораў Уладзімера Дзіско, што з прадмовай Анатоля Валахановіча выйшла пад назвай «Хвіліны радасьці і смутку».
Ад 1961-га і да пачатку цяжкой хваробы ў студзені гэтага году, спадар Уладзімер прысьвяціў сябе працы настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Сёньня ягоны пэдагагічны талент узгадваюць шматлікія выпускнікі Аршанскага пэдагагічнага каледжа, Беларускага гуманітарнага ліцэя:
«У 1980 годзе лёс Уладзімера Дзіско крута памяняўся: яго запрасілі працаваць у Рэспубліканскі вучэбна-мэтадычны кабінэт пры Міністэрстве асьветы БССР, — расказвае намесьнік дырэктара Коласаўскага ліцэя Лявон Баршчэўскі. — Цяжка нават пералічыць, колькі ўсяго ён зрабіў, каб падтрымаць творчых настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, колькі разнастайных мэтадычных напрацовак падрыхтаваў са сваімі калегамі! Уладзімер Антонавіч шчырай душой падтрымаў абвяшчэньне незалежнасьці краіны, уступіў у Беларускі народны фронт. Першае пакаленьне падручнікаў па беларускай літаратуры і мове ў Беларусі выходзіла пад яго непасрэднай апекай, на яго рахунку больш за дзясятак зборнікаў экзамэнацыйных матэрыялаў для 9-х і 11-х клясаў. На працягу 27 гадоў Уладзімер Дзіско быў нязьменным сакратаром рэспубліканскіх алімпіядаў па беларускай мове для школьнікаў».
Лявон Баршчэўскі кажа, што ў 1997 годзе пасьля чарговай зьмены кіраўніцтва ў Інстытуце адукацыі, зь ініцыятывы новай улады Ўладзімер Дзіско быў звольнены з тагачаснага Навукова-мэтадычнага цэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучаньня. Дарога яго прывяла ў Беларускі гуманітарны ліцэй, дзе ён стаў выкладчыкам беларускай мовы. Усе гады працы ён заставаўся ўзорам прафэсіяналізму і бездакорнай адказнасьці: немагчыма было нават уявіць, каб нешта своечасова ня выканаў, недзе ў нечым недапрацаваў. Калі ліцэй намаганьнямі рэжыму быў пазбаўлены афіцыйнага статусу, ён застаўся верны ліцэістам і іх бацькам: рэгулярна, нягледзячы на немаладыя ногі, праблемы з сэрцам, дабіраўся на заняткі і аніколі не спазьняўся!
Калі праз год пасьля афіцыйнага закрыцьця ліцэя ў Менск прыехаў здымаць фільм, які атрымаў потым назву «Партызанская школа», беластоцкі тэлежурналіст Юрый Каліна, ён зрабіў Уладзімера Дзіско адным з галоўных герояў сваёй стужкі.
«Страта тым больш вялікая, што менавіта такіх адданых справе выкладчыкаў сёньня не хапае», — гаворыць Ягор Сурскі, малады калега Уладзімера Дзіско па Коласаўскім ліцэі. «Сто разоў будуць перапісвацца падручнікі, мяняцца школьныя праграмы, але асоба сумленнага і адказнага настаўніка застанецца. Менавіта такой асобай у памяці сваіх навучэнцаў ёсьць і заўсёды будзе заставацца Ўладзімір Антонавіч Дзіско».
Выпускніца ліцэя, спартоўка Ганна Прохарава, наведвалася да любімага настаўніка ў кожную хатнюю пабыўку. У часе апошняй сустрэчы пры канцы лістапада спадар Уладзімер падпісаў і падарыў ёй нядаўна выдадзеную кніжку «Хвіліны радасьці і смутку»:
«Размаўляў вельмі цяжка, даводзілася здагадвацца пра сэнс, дапамагаць складаць сказы. Адчувалася, вельмі перажываў, што ня зможа больш выкладаць у ліцэі, для яго гэта была сапраўдная трагедыя. Хачу шчыра падзякаваць яму за дапамогу. Калі аднойчы не было дзе ў Менску пераначаваць, ён вызваліў для мяне свой ложак, а сам праседзеў цэлую ноч у іншым пакоі. На кожны дзень нараджэньня ад яго прыходзіла паштоўка з добрымі і сьветлымі віншаваньнямі. Пасьля ліцэю мы падтрымлівалі сяброўскія адносіны, кожная сустрэча пачыналася зь вячэры. Чалавек чысьцейшай душы і думак, прыклад адданага рупліўца беларушчыны...»
У маёй старэйшай дачкі Паліны за чатыры гады навучаньня ў Коласаўскім ліцэі сабралася цэлая калекцыя твораў беларускіх клясыкаў — Уладзімер Дзіско ахвотна дзяліўся з выхаванцамі асобнікамі са сваёй хатняй бібліятэкі. Гэта было і своеасаблівае стымуляваньне найбольш старанных вучняў, і спроба зацікавіць жывым словам маладое пакаленьне, у якога вымалёўваліся зусім іншыя прыярытэты:
«Са спадаром Уладзімерам зьвязаныя вельмі вясёлыя і радасныя ўспаміны — на занятках з нашай групай заўсёды здаралася нешта сьмешнае, — згадвае Паліна. — Ён, бадай, быў адзіным настаўнікам, які меў сшытак з датамі народзінаў ліцэістаў, тэлефанаваў і абавязкова віншаваў. А яшчэ ў яго быў сьпіс вершаў, якія павінен быў ведаць кожны вучань — напрыклад, „Беларуская мова“ Пімена Панчанкі. Паміж сабой ліцэісты называлі яго Дзіско-супэрстар, бо ён сапраўды быў супэр — мала людзей у ягоным узросьце ўзімку адважыліся б хадзіць у ліцэй, сьлізгаючы па лёдзе... Чалавек зь неверагодным пачуцьцём гумару і шчырым жаданьнем дзяліцца любоўю да роднай мовы — такой асобай быў спадар Уладзімер, Настаўнік зь вялікай літары».
А яшчэ ў спадара Ўладзімера была мянушка «танцор Дзіско» — па аналёгіі са старым індыйскім кінафільмам. І ён яе цалкам апраўдваў, з задавальненьнем бавячы час у кампаніі падлеткаў падчас ліцэйскіх сьвяткаваньняў. Згадвае былая навучэнка Ліда Альхіменка:
«Без перабольшаньня, Беларусь страціла вялікага чалавека. Вельмі шкада, што такія добрыя і чульлівыя людзі пакідаюць нас назаўсёды. Застаецца толькі падзякаваць лёсу за сустрэчу з такой выдатнай асобай. Гэта быў сапраўдны беларус, патрыёт сваёй Радзімы. Вечная памяць».
Колішняя вучаніца ліцэя, а цяпер выкладчыца міжнароднага каледжа ў басьнійскім Мостары, Настасься Рудак так ацэньвае некалькі гадоў поруч з Ўладзімерам Дзіско:
«Уладзімер Антонавіч быў першы настаўнік, які пастаянна падтрымліваў мае памкненьні дасканала засвоіць мову ня толькі сваімі неацэннымі высілкамі як пэдагог, але і ўласным прыкладам у любых жыцьцёвых сытуацыях. Таму пасьля двух гадоў навучаньня ў ліцэі, падчас якіх, дарэчы, я даведалася больш, чым за ўсе папярэднія школьныя гады, я атрымала найвышэйшую адзнаку...»
Пакінуў успамін пра старэйшага сябра доктар гістарычных навук, выкладчык Валянцін Голубеў:
«Шкада, вельмі шкада. Літаральна толькі адзначылі юбілей Уладзіміра Антонавіча. Яны, аказваецца, вучыліся і здаўна сябравалі з гісторыкам, краязнаўцам Анатолем Валахановічам. Столькі расказалі на сьвяце пра сваё змаганьне за беларушчыну! І неяк вельмі хутка, амаль разам, пайшлі ад нас. Царства нябеснае, спадар Уладзімер. Дзякуй за зробленае, за жыцьцё дзеля Беларусі да апошніх дзён. Ведаю, што „Жыве Беларусь!“ для Вас найлепшыя і найпрыемнейшыя словы ў сьвеце. Жыве Беларусь!»
Сёлета Ўладзімер Дзіско традыцыйна сядзеў у першых шэрагах на ліцэйскай выпуской вечарыне, хоць пасьля перанесенай хваробы амаль што ня мог размаўляць. Але ўздымаў келіх і шчыра радаваўся за сваіх вучняў:
«У яго былі самыя сьветлыя заняткі», кажа былы ліцэіст Франак Вячорка. «Асабліва падабаўся ягоны падыход — абавязковае вывучэньне вершаў „Бульба“ і „Беларуская мова“ Пімена Панчанкі. Мы працягвалі сябраваць шмат гадоў і пасьля заканчэньня ліцэю. Цяжка ўявіць больш спагадлівага і мудрага чалавека. Кожнае сьвята дашле паштоўку, пацікавіцца справамі, нікога не праміне сваёй увагай».
Напачатку гэтага году, калі Уладзімер Дзіско страціў магчымасьць размаўляць і ўжо ня змог далей выкладаць у ліцэі, ягоны фактычны пэдагагічны стаж перавышаў 63 гады. Як кажа Лявон Баршчэўскі, гэта факт, які заслугоўвае ўнясеньня ў любыя кнігі рэкордаў, але галоўнае іншае: жыцьцёвы шлях Уладзімера Антонавіча — прыклад таго, як можна, не прыцягваючы залішняй увагі да сябе, рабіць галоўную справу свайго жыцьця.
***
Разьвітацца з Уладзімерам Дзіско можна будзе ў нядзелю 11 сьнежня. Збор ля ягонай менскай кватэры па адрасе Надзеждзінская, 1, ад’езд аўтобуса а 10:45.