Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гімн пад сьценамі Цэнтральнага суду: вучні Коласаўскага ліцэю распачалі навучальны год


Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас выступае перад вучнямі
Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас выступае перад вучнямі

Некалькі дзясяткаў вучняў, якія абралі цалкам беларускамоўную адукацыю паводле аўтарскіх праграмаў, сабраліся 1 верасьня ў дворыку каля будынку на Кірава, 21.

Закрыты ўладамі, але нязломны, Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа распачаў навучальны год урачыстай лінейкай і сьпяваньнем гімна пад сьценамі свайго колішняга будынку, у якім цяпер суд Цэнтральнага раёну.

«Самая галоўная навіна — гэта нашы новыя вучні, — распавядае дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас. — Ліцэй — структура, якая пастаянна абнаўляецца. Сыходзяць тыя, з кім ужо парадніўся і неяк не ўяўляеш сабе існаваньня бязь іх. Але яны сыходзяць у сваё дарослае жыцьцё. Прыходзяць новыя. У гэтым годзе вельмі цікавыя ў нас навічкі... Як ніколі вялікі набор у нас у гэтым годзе. І, бачыце, мы расьцем, нягледзячы ні на якія неспрыяльныя ўмовы, і трымаем марку, узровень, тонус. Гэта галоўнае».

Вучні сабраліся пад сьценамі свайго колішняга будынку, у якім цяпер суд Цэнтральнага раёну.
Вучні сабраліся пад сьценамі свайго колішняга будынку, у якім цяпер суд Цэнтральнага раёну.

Штогод Уладзімер Колас тлумачыць першакурсьнікам, што адбылося з навучальнай установай, утворанай у 1990-м і зьліквідаванай у 2003 годзе рашэньнем Міністэрства адукацыі:

«Каштоўнасьці, дзеля якіх ствараўся ліцэй, — навучаньне на беларускай мове, навучаньне на дэмакратычных стандартах, на грунце эўрапейскіх традыцыяў, — гэтыя каштоўнасьці шанаваліся і прызнаваліся. Таму ліцэй займаў такое прэстыжнае месца ў цэнтры гораду. Раней з усім гэтым былі праблемы, і мы існавалі як нефармальная нядзельная школа пры Таварыстве беларускай мовы.

Сёньня мы ізноў існуем як нефармальная пляцоўка, як грамадзянская ініцыятыва».

Адзін з заснавальнікаў ліцэю, намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі згадвае, што 1 верасьня 2003 году заняткі распачыналі проста на вуліцы насупраць будынку суду. Цяпер навучэнцы ліцэю легалізаваныя пры Гданьскай міжнароднай школе, атрымліваюць дакумэнт аб адукацыі польскага ўзору і маюць права паступаць у любую эўрапейскую ВНУ, а таксама ў навучальныя ўстановы Беларусі.

(Зьлева) Лявон Баршчэўскі
(Зьлева) Лявон Баршчэўскі

«Мы чакаем, што нашы вучні праявяць сябе яшчэ лепш. У нас сёлета значны конкурс, гэта павінна паўплываць на якасьць, — кажа Лявон Баршчэўскі. — І мы чакаем, што агульная сытуацыя ў краіне будзе мяняцца ў бок спрыяньня беларушчыне і беларускай адукацыі і ўсяму, што з гэтым зьвязана. Нягледзячы на ўсе пэсымістычныя размовы і прагнозы».

«Не саромеюся паўтараць, што гады, праведзеныя ў ліцэі, я лічу самымі лепшымі, самымі шчырымі, самымі сяброўскімі, — прызнаўся на лінейцы заслужаны настаўнік Беларусі Ўладзімер Дзіско. — Жадаю, каб вы пражылі гэты чарговы навучальны год плённа, шчодра, з карысьцю для саміх сябе, сваіх бацькоў і будучыні Беларусі».

У дворыку каля будынку на Кірава, 21
У дворыку каля будынку на Кірава, 21

Вучні толькі што вярнуліся зь летняй сэсіі ў Варшаве, дзе, як кажа Ўладзімер Колас, мелі магчымасьць праводзіць заняткі «ў нармальных умовах і нармальных клясах». Новым наборам першакурсьнікаў ліцэйскія выкладчыкі надзвычай задаволеныя.

«Мы перажывалі фантастычныя моманты, калі немагчымае рабілася магчымым, — зьвярнуўся Ўладзімер Колас да ліцэістаў на лінейцы. — Мы спадзяемся, што такія моманты яшчэ ня раз будзем перажываць у нашым жыцьці. І да гэтых момантаў трэба быць гатовым, што мы і робім. Мы даем вам нашы веды... Мы спадзяемся, што на падставе аб’ектыўнай інфармацыі і выдатнай падрыхтоўкі, якую вы атрымліваеце, вы зможаце правільна і адэкватна зарыентавацца ў гэтым жыцьці і ў гэтым грамадзтве і мець годную грамадзянскую пазыцыю».

Вучні ліцэя
Вучні ліцэя

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG