Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коласаўскі ліцэй увабраў функцыі міністэрства і інстытуту адукацыі


Намесьнік дырэктара ліцэю Лявон Баршчэўскі
Намесьнік дырэктара ліцэю Лявон Баршчэўскі

У сярэдніх навучальных установах пачаў свой адлік апошні тыдзень перад летнімі вакацыямі. Да завяршэньня чарговага сэзону рыхтуецца і Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, які вось ужо 12 гадоў працуе ва ўмовах падпольля.

У 2003 годзе Міністэрства адукацыі зьліквідавала Коласаўскі ліцэй за адыход ад дзяржаўных навучальных праграмаў. Аднак самаліквідоўвацца калектыў не захацеў і ад таго часу працуе ў рэжыме «партызанскай школы» — дарэчы, дагэтуль застаючыся адзінай у краіне беларускамоўнай установай перадунівэрсытэцкага тыпу.

Адзін з заснавальнікаў ліцэю, намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі раскладае на стале аб’ёмісты стос падручнікаў, да зьяўленьня якіх спрычыніліся былыя і цяперашнія выкладчыкі. На асобных — ужо рарытэтны адрас выдавецтва: «Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар»:

«Гэта ўсё зроблена нашымі выкладчыкамі яшчэ ад пачатку ліцэю, ад першай паловы 1990-х гадоў. У сярэдніх школах, зразумела, з гэтых мэтадычных распрацовак не захавалася ўжо нічога. Іншая справа, што некаторыя нашы выкладчыкі ўдзельнічаюць у напісаньні дзяржаўных падручнікаў, якія выдаюцца цяпер, то бок датычныя да цяперашняга пакаленьня. Але вось першыя пакаленьні пачатку 1990-х, асабліва што тычыцца гуманітарных навук — хрэстаматыі па літаратуры, падручнікі па беларускай мове, па гісторыі — ствараліся менавіта нашымі выкладчыкамі».

Падручнікі, распрацаваныя ліцэйскімі выкладчыкамі
Падручнікі, распрацаваныя ліцэйскімі выкладчыкамі

Татальная русыфікацыя адукацыйнага працэсу вымушае калектыў клапаціцца пра беларускамоўную базу без аглядкі на дзяржаву — спадзявацца на навінкі ад ведамасных выдавецтваў не выпадае. Літаратар, перакладчык Лявон Баршчэўскі дэманструе, якімі кнігамі ўдалося папоўніць ліцэйскую бібліятэку апошнім часам:

«Самыя апошнія — вось яны. У мінулым годзе ў санкт-пецярбурскіх выдавецтвах выйшлі падручнікі „Гісторыя Беларусі“ прафэсара Голубева і дацэнта Кітуркі, „Усясьветнае мастацтва ХХ стагодзьдзя“ Ягора Сурскага і „Словы ў часе“, дзе адным з аўтараў я, а таксама Пятро Васючэнка і Міхась Тычына. Зараз пішацца працяг гэтых кніжак, у прыватнасьці — „Словы ў часе“ па літаратуры ХХ стагодзьдзя і „Гісторыя Беларусі“ да 1945 году. Спадзяюся, што да канца году яны выйдуць з друку».

Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці здольны пэдагагічны актыў забясьпечыць навучальны працэс уласнымі сіламі? Спадар Баршчэўскі ня бачыць у тым нічога фантастычнага, бо ў свой час менавіта ліцэйскія выкладчыкі распрацоўвалі канцэпцыі навучаньня ў гімназічных і ліцэйскіх установах:

«Маглі б — з улікам нашага актыву, які цяпер з розных прычынаў у нас не працуе, але з кім мы падтрымліваем кантакты. Па вялікім рахунку, адпаведны працэс рэальна забясьпечыць па ўсіх прадметах. А што да гуманітарных навук — дык стопрацэнтна».

Карэспандэнт: «Напаўжартам, але можна казаць, што ліцэй асобнай установай уступіў у Балёнскі працэс задоўга да астатняй Беларусі?»

«Хутчэй можна казаць такім чынам: паколькі цяперашняе Міністэрства адукацыі не да канца выконвае свае функцыі, асабліва што тычыцца прафэсійна зробленых беларускіх вэрсіяў кніг, то нічога не застаецца, як гэтыя хібы выпраўляць самастойна. Я ўжо неяк казаў, што даводзіцца ў пэўных разьдзелах браць на сябе функцыі як Мінадукацыі, так і Нацыянальнага інстытуту адукацыі. Зрэшты, тут нічога дзіўнага: калі мы працавалі афіцыйна, то для згаданага інстытуту пісалі цэлую канцэпцыю выкладаньня гуманітарных дысцыплінаў у гімназіях і ліцэях. Тая канцэпцыя для 12-гадовых школаў была зацьверджаная, прынятая, але потым экспэрымэнт скасавалі, і дзесьці яна там цяпер ляжыць у архівах. Так што гэта толькі частка нашага плёну за прамінулыя гады».

Кніжная спадчына адукацыйнага культурнага цэнтру
Кніжная спадчына адукацыйнага культурнага цэнтру

Выглядае, што кнігі, якія дзеля ўласных патрэбаў у ліцэі выпускаюць па-беларуску, ці не перасягаюць аб’ёмамі тое заданьне на беларускамоўную навучальную літаратуру, якое Міністэрства адукацыі дае на год усёй падведамаснай яму галіне. Спадар Баршчэўскі лічыць, што ў гэтым і ёсьць адзін з парадоксаў нацыянальнай асьветы:

«Бясспрэчна, гэта парадокс, бо амаль усе беларускамоўныя падручнікі — гэта, на жаль, проста пераклады з расейскай мовы. Дарэчы, часта вельмі няякасныя, з мноствам артаграфічных памылак. Часам нам даводзіцца выпраўляць ад рукі, каб ня ганьбіцца перад дзецьмі. Вось, прыкладам, дзяржаўны падручнік біялёгіі, які прайшоў усе камісіі, усіх вялікіх і малых рэдактараў. А на выхадзе чытаем — „сердзечна-сасудзістыя захворваньні“. То бок, вельмі шмат элемэнтарных памылак, але нешта вырашыць надзвычай складана. Я асабіста пісаў наконт гэтага, але практычнага выніку няма, і астатнія падручнікі ў большасьці выдаюцца на кепскай беларускай мове. Фармальна яны беларускія, але мову даводзіцца правіць настаўнікам».

Як канстатуе суразмоўца, агульная сытуацыя сьведчыць пра дэградацыю дзяржаўнай адукацыйнай сыстэмы, якую апошнія два дзясяткі гадоў бязьлітасна «прэсавалі» пад ідэалягічныя лякалы:

«Безумоўна, гэта мае месца. Сама па сабе сыстэма, пры якой няма адкрытага конкурсу, іншага варыянту і не прадугледжвае. У нас конкурс існуе фармальна, а насамрэч рашэньні прымае так званая „камісія па цэнзуры“, якая цэнзуруе ўсе кніжкі — гэта я пра Дзяржаўную камісію па прадметах гуманітарнага профілю. Дык вось гэтая камісія ў літаральным сэнсе „прэпарыруе“ падручнікі гісторыі, падручнікі літаратуры, выкідвае непажаданых аўтараў. Гэта ўсё існуе яшчэ ад канца 1990-х гадоў і, на жаль, чым далей — тым горш».

Пра стаўленьне дзяржавы да іншадумства ў адукацыі сьведчыць адзін красамоўны факт: пасьля ліквідацыі Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа ягоны будынак заняў суд Цэнтральнага раёну Менску. За прамінулыя гады нямала былых ліцэістаў зноў прайшлі праз былыя кабінэты альма-матэр, але ўжо ў якасьці падсудных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG