На Дзень Расеі, які адзначаўся 12 чэрвеня, прыхільнікі апазыцыянэра Аляксея Навальнага правялі акцыі супраць карупцыі ў сотні гарадоў Расеі. Паводле падлікаў «Настоящего времени», па ўсёй Расеі затрымалі больш за 1500 чалавек.
Найбольшая колькасьць затрыманых у Маскве і Санкт-Пецярбургу, дзе пачаўся хапун — паліцыя затрымлівала ўсіх, каго прылічыла да пратэстоўцаў.
Масква: хапун пад гімн Расеі сярод вікінгаў і НКВД
У Маскве Навальны першапачаткова заплянаваў акцыю на праспэкце Сахарава, яе ўзгаднілі мясцовыя ўлады. Але ў дзень акцыі Навальны заявіў, што ўсе кампаніі адмаўлялі яму ва ўстаноўцы сцэны, таму ён перанёс акцыю на Цьвярскую, дзе адбываліся афіцыйныя ўрачыстасьці на Дзень Расеі.
Прадстаўнік маскоўскай паліцыі заявіў, што паліцыя ня будзе затрымліваць людзей, якія «гуляюць» па вуліцы без плякатаў і выкрыкваньня лёзунгаў, але калі людзі «будуць праяўляць асаблівыя пачуцьці», паліцыя іх «можа заўважыць». Фактычна, у Маскве дазволілі «маўклівы пратэст» паводле беларускага сцэнару.
Навальнага «заўважылі» яшчэ на выхадзе з дому. Ён быў затрыманы, а пазьней асуджаны на 30 сутак за парушэньне парадку арганізацыі мітынгу і непадпарадкаваньне паліцыянтам.
Але ягоныя прыхільнікі ўсё адно выйшлі на Цьвярскую, дзе «зьліліся» зь «вікінгамі» і «НКВДшнікамі» з афіцыйных урачыстасьцяў. Да пратэстаў далучыліся праціўнікі «рэнавацыі» (зносу старых жылых дамоў). Ды паліцыя пачала хапун проста на ўрачыстасьцях, нямала людзей затрымалі проста пад гукі гімну Расеі, некаторых зьбівалі. Затрымліваць пратэстоўцаў дапамагалі ў тым ліку ўдзельнікі маскараду.
На раніцу 13 чэрвеня было вядома пра 866 затрыманых у 42 маскоўскіх УУС.
Піцер: затрыманая надзіманая жоўтая качка будзе сьведчыць супраць пратэстоўцаў
У Санкт-Пецярбурзе людзі (паводле розных падлікаў, да 10 тысяч чалавек) выйшлі на недазволеную акцыю на Марсавым полі, некаторыя трымалі плякаты, сьцягі і балёнікі колеру зялёнкі. Паліцыя затрымлівала людзей у некалькі «заходаў»: пакуль «пакавалі» адных, іншых трымалі ў атачэньні.
У перапынку між хапунамі нехта запусьціў у неба надзіманую жоўтую качку — адзін з сымбаляў антыкарупцыйнага пратэсту. Гумовая качка стала інтэрнэт-мэмам пасьля таго, як у адным з расьсьледаваньняў «Фонду барацьбы з карупцыяй» Навальнага быў паказаны катэджны комплекс, што меркавана належыць прэм’ер-міністру Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву, дзе асобна быў пазначаны буйны «домік для качкі» на возеры.
Ды качка пратрымалася ў небе ня болей за 5 хвілін, пасьля чаго была «затрыманая» паліцыянтамі. Цяпер яна будзе рэчавым доказам у судзе — затрыманыя сьцьвярджалі, што выйшлі на шпацыр, а не на палітычную акцыю, качка мае даказаць адваротнае. Разам з качкай затрымалі 548 чалавек.
Ад Калінінграду да Ўладзівастоку «сьвята не сапсавалі»
Акцыі пратэсту і затрыманьні адбываліся 12 чэрвеня хіба ня ў кожным буйным горадзе Расеі (акрамя Каўказу). У Калінінградзе затрымалі 36 чалавек, у Сочы — 27, у Туле —19, у Вялікім Ноўгарадзе — 13, ва Ўладзівастоку — ад 11 да 20, у Казані і Нарыльску — каля 10...
Злучаныя Штаты рэзка асудзілі масавыя затрыманьні ў Расеі, заклікалі вызваліць затрыманых. Афіцыйны прадстаўнік Белага дома Шон Спайсэр заявіў, што «грамадзяне Расеі, як і ўсе людзі, заслугоўваюць урад, які падтрымлівае адкрытасьць выяўленьня думкі».
Расейскія ж афіцыйныя асобы неахвотна згадвалі мітынгі і хапуны. Савет у пытаньнях правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі мяркуе, што мітынгоўцы ў Маскве «выбралі правакацыйны шлях» і самі напрасіліся на затрыманьні. Сакратарка Савету Яна Лантратава заявіла «Интерфаксу», што «ўсё прайшло мірна», а характарызаваць тое, што адбылося, яна можа толькі як «няўдалую спробу сарваць сьвята».