Беларусам могуць даць права на пералічэньне аплаты за няякасныя камунальныя паслугі — такую прапанову агучыў міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандар Церахаў у перадачы «Галоўны эфір» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1».
Як адзначаюць Naviny.by, Аляксандар Церахаў асобна адзначыў справу зь пітной вадой: у Палаце прадстаўнікоў разглядаюць законапраект аб пітным водазабесьпячэньні, у межах якога прапануюць збудаваць 1200 станцыяў абезжалезваньня.
Цяпер Беларусь выходзіць на 100% кампэнсацыі кошту камунальных паслуг насельніцтву — ад 2018 году 100% плоцяць за ўсё, акрамя цеплазабесьпячэньня, а 100% за ацяпленьне маюць спаганяць пасьля 2020-2025 гадоў.
Лукашэнка пра паслугі ЖКГ у кастрычніку 2017-га: «Ніякага росту без майго ведама, гэта пытаньне ў тым ліку і палітычнае»
Для зьніжэньня платы за камунальныя паслугі «ёсьць розныя мэханізмы», сьцьвярджае міністар.
«У цяперашні час ініцыятыва заключаецца ў тым, каб за няякасную паслугу чалавеку даваць зьніжку [...], каб чалавек меў права на пераразьлік за няякасна аказаную паслугу, — расказаў Церахаў. — Такім чынам мы будзем стымуляваць арганізацыі да павышэньня эфэктыўнасьці і аказаньня якасных жыльлёва-камунальных паслуг».
Таксама, паводле міністра ЖКГ, для зьніжэньня платы за камунальныя паслугі «ёсьць зачын» у цеплазабесьпячэньні як у самай дарагой паслузе «ня толькі для насельніцтва, але і для краіны». Ці гэты «зачын» будзе дастатковым, каб кампэнсаваць заплянаваны рост платы за цеплазабесьпячэньне, невядома.