У Беларусі плянуецца ўвесьці адміністрацыйную адказнасьць за лішнія сумы ў жыроўках, паведаміла карэспандэнту БелТА старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Натальля Гуйвік.
Законапраект «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях» ужо прыняты ў першым чытаньні. У працэсе падрыхтоўкі да другога чытаньня адміністрацыя прэзыдэнта прапанавала ўключыць у адзін з артыкулаў КаАП адказнасьць за выстаўленьне платы за асноўныя паслугі, якая перавышае іх рэальна аказаны аб’ём, паведамляе БелТА.
Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі падтрымлівае ініцыятыву дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў увесьці адміністрацыйную адказнасьць за налічэньне неабгрунтаваных плацяжоў за жыльлёва-камунальныя паслугі.
«Мы падтрымліваем дэпутатаў у гэтым пытаньні. Сапраўды, у таварыствах уласьнікаў былі выпадкі неабгрунтаванага налічэньня платы за дадатковыя жыльлёва-камунальныя паслугі без заключэньня дамовы. Паступалі скаргі ад насельніцтва, асабліва ў Менску. Далей гэта кампэтэнцыя мясцовага выканаўчага і распарадчага органу», — сказаў намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзь Трубіла карэспандэнту БелТА.
Намесьнік міністра таксама падтрымаў магчымасьць увядзеньня прыкметы паўторнасьці пры прыцягненьні да адказнасьці работніка ЖКГ за неабгрунтаваныя плацяжы. «Калі чалавек першы раз спатыкнуўся, памыліўся, яму выносіцца папярэджаньне», — дадаў ён.
Як камунальнікі на Гомельшчыне «раскінулі» перарасход электраэнэргіі па «жыроўках» людзей
Адным з прыкладаў лішніх сумах у «жыроўках» сталі нядаўнія вынікі праверкі камунальнікаў «Гомельскага райжылкамгасу», у выніку якой стала вядома, што ў 2015–2016 гадах і ў студзені–чэрвені 2017 году райжылкамгас перавысіў нормы расходу электраэнэргіі пры цепла- і водазабеспячэньні больш як на 350 тысяч КВт/г. Выдаткі (87 тысяч рублёў) уключылі ў кошт жыльлёва-камунальных паслуг, паведамляе БелаПАН.
Таксама ў камуналку грамадзян раскінулі яшчэ 7,4 тысячы рублёў, выдаткаваных на амартызацыю артэзіянскіх сьвідравін, якiя ўжо доўгі час не выкарыстоўваюцца прадпрыемствам, і суму 259 тысяч рублёў, выдаткаваную на перапампоўку і ачыстку падземных водаў ад грунтовых, якія трапілі у каналізацыйную сетку прадпрыемства празь яе дрэнны стан. Камунальнікі аднесьлі гэтую суму да кошту паслуг водаадвядзеньня.
Пасля ўмяшаньня Камітэту дзяржкантролю прадпрыемства вярнула ў бюджэт 80 тысяч рублёў. Разглядаецца пытаньне аб пакараньні датычных службовых асобаў.