Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры працы і аховы здароўя завочна паспрачаліся, ці будуць дармаеды плаціць за паслугі ў памеры 100% 


Адна з антыдармаедзкіх акцый у Магілёве, 2017 год
Адна з антыдармаедзкіх акцый у Магілёве, 2017 год

Міністар аховы здароўя Валеры Малашка зьняпраўдзіў інфармацыю пра 100-працэнтную кампэнсацыю насельніцтвам мэдычных паслугаў для так званых «дармаедаў».

Гэта разыходзіцца з заявамі іншых чыноўнікаў, якія сьцьвярджалі адваротнае. Так, адзін з распрацоўнікаў дэкрэту нумар 1, дырэктар Інстытуту эканомікі НАН Валеры Бельскі казаў у камэнтары парталу TUT.by, што ад наступнага году візыт да тэрапэўта будзе каштаваць 13,8 рубля.

25 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». Прыняты ў ім падыход накіраваны на «стымуляваньне працаздольных непрацуючых грамадзянаў да легальнай занятасьці».

Паводле дэкрэту, ад 1 студзеня 2019 году згаданыя асобы будуць у поўным аб’ёме аплочваць паслугі, якія субсыдуюцца дзяржавай. Поўны пералік вызначыць урад.

Раней міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч казала, што для тых, хто знаходзіцца ў працаздольным узросьце і ня хоча працаваць, прадугледжана поўнае пакрыцьцё выдаткаў на паслугі, якія льгатуюцца дзяржавай.

«Гэта і транспарт, і адукацыя, і ахова здароўя, і паслугі ЖКГ», — заявіла яна. Але якія канкрэтна гэта будуць паслугі і якім чынам будзе спаганяцца аплата за іх, яна не сказала. Урад мае вызначыць гэта да 1 красавіка.

Сёньня ж, як запэўніў міністар аховы здароўя Валеры Малашка, ні пра якія кампэнсацыі выдаткаў на мэдычную дапамогу гаворка не ідзе.

«Задача сацыяльнай палітыкі дзяржавы — абавязак забясьпечыць роўны доступ усіх грамадзян нашай краіны да мэдычных паслугаў і аказаньня неабходнай дапамогі», — цытуе міністра БелаПАН.

Пры гэтым ён дадаў, што ў сельскай мясцовасьці аказаньне платнай дапамогі наагул павінна быць зьведзена да мінімуму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG