Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для Захаду стабільны аўтарытарны рэжым у Беларусі значна больш камфортны, чым рэвалюцыя»


Хто атрымае найбольш палітычных дывідэндаў ад сустрэчы ў Менску кіраўнікоў Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі? Ці вырасьце міжнародны імідж Аляксандра Лукашэнкі на фоне «менскага мірнага працэсу»? Наколькі істотна зьмянілася апошнім часам пазыцыя Захаду адносна афіцыйнага Менску?

Удзельнікі: зь Менску — кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, з Варшавы — палітоляг Павал Вусаў.

Слухаць перадачу цалкам:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:13:24 0:00
Наўпроставы лінк

«Рэжым тут перамагае 10:0»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Нельга сказаць, што Лукашэнка проста «падносіць каву» ці «здае ў арэнду памяшканьне», як любяць кпіць ягоныя нядобразычліўцы. На самой справе афіцыйны Менск відавочна здымае густыя піяраўскія вяршкі. Ён выйграе́ ўжо таму, што гэта дазваляе манэўраваць ва ўкраінскім пытаньні, шырэй — у геапалітычным сэнсе, і ствараць глебу для паляпшэньня дачыненьняў з Захадам.

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Вусаў: Пагаджуся, што ёсьць пэўныя іміджавыя бонусы для Менску. Мы бачым зьмяншэньне ціску, фактычна ніхто не прыгадвае пра палітычных вязьняў. Рэжым тут перамагае 10:0.

Што тычыцца Беларусі, то, на жаль, нельга казаць, што краіна здабыла нейкія для сябе выгоды, падтрымку на міжнароднай арэне, зьмены ў геапалітычнай арыентацыі. Лукашэнка працягвае імітаваць ролю незалежнага гульца, але гэта не адбіваецца на рэальнай сытуацыі ў Беларусі. Краіна застаецца цалкам ва ўсіх кірунках пад уплывам Масквы, ніякіх рэальных крокаў, каб Беларусь дыстанцыяавалася ад Расеі, не было зроблена. Я ўпэўнены, што ў пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнка нічога ня будзе рабіць, каб раздражніць Маскву. Ён не жадае, каб Крэмль пачаў рэалізоўваць у Беларусі сцэнар, падобны да ўкраінскага.

Цыганкоў: А хіба «менскі працэс» хаця б ускосна не ўмацоўвае незалежнасьць Беларусі?

Вусаў: Менск у дадзеным выпадку — трэці бок. Парашэнка нізавошта не паедзе ў Маскву. Эўропе патрэбнае нэўтральнае месца. І нягледзячы на тое, што Беларусь — геапалітычны сатэліт Расеі (гэта для ўсіх відавочна) — тым ня менш пазыцыя Лукашэнкі, які намагаецца захаваць добрыя адносіны з усімі, задавальняе Захад, якому патрэбная пляцоўка.

Мірны працэс працуе на беларускую незалежнасьць

Класкоўскі: Апошнія паўтара года ўзровень кантактаў Менску з эўрапейскімі чыноўнікамі спакваля падвышаўся. Працэс нармалізацыі дачыненьняў ідзе даўно, і гэты трэнд у рэчышчы міратворчых намаганьняў беларускага кіраўніцтва замацоўваецца.

Аднак пазыцыя Менску як пасярэдніка спрыяе і тым чыньнікам, якія працуюць на беларускую незалежнасьць. Беларускае кіраўніцтва ўвесь час адкручваецца ад таго, каб ня быць уцягнутым у нейкія непасрэдныя ваенныя дзеяньні. І цяпер Лукашэнка можа адказваць — «нам жа трэба і з Парашэнкам кантактаваць, і з заходнікамі, мы ж камунікатары, мэдыятары». Таму гэта дазваляе ў пэўным сэнсе дыстанцыявацца ад Масквы.

Вусаў: Фактычна паўтараецца сцэнар 2008–2010 году, калі Захад цалкам зьмяніў і зьмякчыў стаўленьне да Лукашэнкі. На сёньняшні момант Захад цалкам здымае з парадку дня магчымасьць нейкіх рэвалюцыяў у Беларусі. Для іх стабільны аўтарытарны рэжым значна больш камфортны, чым рэвалюцыя ці дзяржаўны пераварот зь нечаканымі вынікамі, што адбылося ва Ўкраіне. Таму тут ужо грае ролю псыхалёгія і палітычны камфорт Эўропы, а не каштоўнасьці.

Другі момант — аднаўленьне старога міту, што Лукашэнка — гарант незалежнасьці. Гэта добра купляе Захад. Маўляў, Лукашэнка ня здасьць незалежнасьць, будзе яе бараніць, бо гэта гарантыя ягонай улады. Таму гэтыя два чыньнікі ствараюць перадумовы для пашырэньня дыялёгу паміж Захадам і Менскам.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG