Аляксандар Лукашэнка падпісаў 9 красавіка ўказ «Аб аказаньні дапамогі Рэспубліцы Малдова».
Паводле ўказу, «дзеля ўмацаваньня беларуска-малдоўскай супрацы і далейшага разьвіцьця стасункаў між дзьвюма краінамі ў духу традыцыяў сяброўства і ўзаемадапамогі» Малдове дашлюць пяць трактароў МТС-82 і дзьве камунальныя машыны МАЗ.
Вельмі падобная навіна ўжо была дзевяць месяцаў таму — 24 ліпеня 2017 году. Тады 5 трактароў МТЗ-82 і 2 камунальныя машыны прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон прывёз зь Беларусі ў якасьці «гуманітарнай дапамогі» ад Аляксандра Лукашэнкі. Тады дапамогай быў таксама адпачынак для дзяцей з малдаўскіх праблемных сем’яў у цэнтры адпачынку «Зубраня» на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі».
Трактары на складзе каля Менскага трактарнага заводу
У мінулым сьнежні Дадон прыняў прапанову Лукашэнкі разам пракаціцца на трактары ў Малдове. За месяц да таго Дадон пазьбег імпічмэнту.
Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Аляксандар Лукашэнка і Ігар Дадон
Дадон — прыхільнік палітыкі Лукашэнкі. У Віцебску ён казаў, што хоча, «каб Малдова была, як Беларусь». Лукашэнка пацьвердзіў Дадону, што трымаецца зь ім «практычна аднолькавых поглядаў».
Крыху іншыя стасункі ў беларускіх уладаў з прэм’ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам, які разыходзіцца ў поглядах з «прарасейскім» Дадонам. Філіп на мінулым тыдні прыяжджаў на саміт ЦЭІ ў Менск (быў там адзіным замежным прэм’ерам – іншыя прыслалі чыноўнікаў ніжэйшых рангаў), сустракаўся з Лукашэнкам, але размаўляў больш пра эканамічную супрацу і толькі стрымана выказаў удзячнасьць за падтрымку Малдовы «ў самыя цяжкія часы, калі ўзьнікалі цяжкасьці на міжнародным узроўні».