Аляксандар Лукашэнка 29 сакавіка на сустрэчы зь беларускімі алімпійскімі і паралімпійскімі чэмпіёнамі даручыў наладзіць у Беларусі выпуск лыжаролераў («лыжаў на колах»), лыжных ботаў і ратракаў (гусенічныя апараты для падрыхтоўкі лыжных трасаў), піша БЕЛТА.
Займацца гэтым Аляксандар Лукашэнка даручыў Валеру Вакульчыку — старшыню Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і па сумяшчальніцтве старшыню Назіральнай рады Беларускай фэдэрацыі біятлёну. Сам Лукашэнка ня толькі кіраўнік Беларусі, але і старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэту.
«Трэба, каб зрабілі ўсё. Калі ня могуць адразу зрабіць, закупім. Але неабходна рабіць гэта ўсё ў сябе», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што цягам лета ў трэнавальныя цэнтры лыжнікаў і біятляністаў маюць паставіць сьнегавыя гарматы, ратракі і спартовы рыштунак— пытаньне пад кантролем кіраўніцы Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай.
Вытворчасьцю лыжных чаравікаў мае заняцца дзяржаўная абуткавая кампанія «Марка», ратракаў — МТЗ. Хто зоймецца лыжаролерамі, не ўдакладняецца. На фабрыцы «Тэлеханы» маюць наладзіць выпуск «больш сучасных і якасных лыжаў».
Мінулым летам Лукашэнка падтрымаў ідэю міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча наладзіць выпуск хакейнага рыштунку і канькоў у калёніях. Сам Лукашэнка нярэдка катаецца на лыжаролерах.