Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да пошукаў зьніклага ў Беларусі Паўла Грыба далучылася гомельская міліцыя


Паўло Грыб
Паўло Грыб

Бацька зьніклага пры невядомых абставінах у Гомлі ўкраінца Ігар Грыб заяўляе, што дагэтуль ня мае ніякай інфармацыі пра тое, дзе ягоны сын Паўло.

«З Расеі няма ніводнага адказу. Ад Гомельскай абласной міліцыі мы атрымалі паведамленьне, што яны ўзялі гэтую заяву да вытворчасьці і перадалі яе ў раённае аддзяленьне міліцыі па меркаваным месцы зьнікненьня», — кажа Ігар Грыб.

Чарнігаўскія сьледчыя, якія расьсьледуюць справу аб зьнікненьні Паўла Грыба паводле артыкула аб наўмысным забойстве, па выніках першачарговых сьледчых захадаў не змаглі вызначыць месца ягонага знаходжаньня. У той жа час яны атрымалі дазвол суду на вывучэньне камунікацыйных дадзеных мабільных апэратараў Расеі ды Беларусі пра камунікацыйныя паслугі, прадстаўленыя на тры тэлефонныя нумары, якімі карыстаўся Павал.

У прыватнасьці, сьледчыя маюць намер прааналізаваць усе тыпы злучэньняў з прывязкай да мясцовасьці і азымуту базавых станцый у пэрыяд з 1 ліпеня па 31 жніўня.

28 жніўня сябра грамадзкай рады Дзяржпагранслужбы Ўкраіны Ігар Грыб заявіў пра зьнікненьне свайго 19-гадовага сына Паўла Грыба. Ён сказаў, што 24 жніўня сын паехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой пазнаёміўся і меў кантакты толькі ў сацыяльных сетках. Дзяўчына, паводле Паўла, павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі.

Паўло Грыб меўся вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька паехаў на пошукі ў Гомель, дзе высьветліў, што ягоны сын знаходзіцца ў вышуку на падставе арт. 205 Крымінальнага кодэксу РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятар вышуку — ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).

Шэраг СМІ паведамілі, што Паўла Грыба перахапілі ў Беларусі і могуць утрымліваць у Краснадары, у мясцовым аддзяленьні ФСБ РФ. Але гэтую інфармацыю пакуль немагчыма пацьвердзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG