Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька зьніклага ў Гомлі ўкраінца папрасіў праваахоўнікаў Беларусі дапамагчы ў пошуку сына


Паўло Грыб, архіўнае фота
Паўло Грыб, архіўнае фота

Украінскі афіцэр запасу Ігар Грыб, сын якога зьнік 24 жніўня ў Гомлі пры невядомых абставінах, зьвярнуўся да пракуратуры Беларусі і органаў Міністэрства ўнутраных спраў у Гомельскай вобласьці з афіцыйнымі заявамі пра спрыяньне ў вышуку і вяртаньні Паўла Грыба на бацькаўшчыну.

«Аналягічная заява таксама накіраваная ў Сьледчы камітэт Расейскай Фэдэрацыі», — паведаміў Свабодзе Ігар Грыб.

Бацька зьніклага ўкраінца таксама пацьвердзіў атрыманьне адказу беларускіх памежнікаў пра перасячэньне ягоным сынам мяжы ў Новай Гуце.

«У адказе паведамляецца, што падчас перасячэньня мяжы да сына не было ніякіх пытаньняў, і таму яго прапусьцілі ў Беларусь. Напэўна, такім чынам Беларусь спрабуе дыстанцыявацца ад далейшых дзеяньняў», — дадаў Ігар Грыб.

Паводле яго, прадстаўнікі Генэральнага консульства Ўкраіны ў Растове-на-Доне (Расея) сёньня зноў спрабуюць высьветліць магчымае знаходжаньне Паўла Грыба ў сьледчым ізалятары на расейскай тэрыторыі.

«Учора яны не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі, і сёньня другі дзень будуць там працаваць», — патлумачыў ён.

Ігар Грыб таксама падзякаваў праваахоўнікам Гомельскай вобласьці за інфармацыю пра тое, што ягоны сын знаходзіцца ў расейскім вышуку.

«Я не выключаю, што ў дачыненьні іх цяпер могуць быць накладзеныя пэўныя спагнаньні за гэта», — адзначыў ён.

Напярэдадні, 31 жніўня, у Будапэшце на палях міністэрскай сустрэчы краінаў Вышаградзкай групы і Ўсходняга партнэрства адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Ўкраіны Ўладзімера Макея і Паўла Клімкіна, які абяцаў абмеркаваць са сваім беларускім калегам справу зьніклага Паўла Грыба. Аднак ніякія падрабязнасьці гэтай сустрэчы не паведамляюцца. Паўло Клімкін у сваім Twitter разьмясьціў толькі адпаведны здымак з Уладзімерам Макеем, падпісаўшы яго наступным чынам: «З маім сябрам Макеем заўсёды ёсьць што абмеркаваць».

Гэтая размова Паўла Клімкіна з Уладзімерам Макеем адбылася пасьля таго, як замежнапалітычныя ведамствы дзьвюх краінаў абмяняліся рэзкімі заявамі з ўзаемнымі абвінавачаньнямі ў «непартнэрскіх паводзінах» у сувязі са справай зьніклага Паўла Грыба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG