Падляскі сайт podlasie24.pl распавёў, што паліцыя гораду Седльцэ, што на паўдарогі ад Берасьця да Варшавы, правярае паведамленьне пра невядомага хлопчыка, які ў 20-ых чыслах верасьня схаваўся ў фуры дальнабойшчыка, нічога пра сябе не распавёў і ўцёк з машыны ў вёсцы Бялкі. Хлопец, пра якога ідзе гаворка, пасуе да апісаньня Максіма Мархалюка, якога з 16-га верасьня шукаюць у Белавескай пушчы.
Мяркуецца, што хлопчык забраўся ў кабіну машыны на стаянцы ў Любартаўскім павеце Люблінскага ваяводзтва. Ад Новага двара да Любартава — каля 250 км дарогі на машыне або каля 195 км наўпрост.
У паліцыі ў Седльцах Свабодзе адмовілі ў афіцыйным камэнтары і параілі зьвяртацца да міліцыі ў Беларусі, якая займаецца пошукам зьніклага хлопца.
Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па Гарадзенскай вобласьці Сяргей Шэршэневіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што ніякай інфармацыі адносна зьніклага Максіма Мархалюка польскі бок не перадаваў.
«Інфармацыю, якая была ў СМІ мы прачыталі, яна будзе прынятая да ўвагі», — дадаў ён.
Крыніца ў польскай паліцыі, якая пажадала застацца ананімнай, расказала карэспандэнту Свабоды, што паліцыянты выяжджалі на месца, дзе хлопчык уцёк з фуры, апытвалі сьведку, але няма ані прамых, ані ўскосных доказаў таго, што гаворка ідзе пра Максіма Мархалюка.
«Тая інфармацыя, якой мы валодаем, схіляе нас да думкі, што гэта не хлопчык зь Беларусі, якога шукаюць у Белавескай пушчы», — дадала крыніца.
У Беларусі працягваюць пошукі ўжо 18-ы дзень
Па факце зьнікненьня Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК. Разглядаецца і крымінальная вэрсія зьнікненьня, але асноўная вэрсія па-ранейшаму застаецца нязьменнай: Максім заблукаў у лесе.
Першыя паведамленьні ў СМІ пра зьнікненьне Максіма Мархалюка зьявіліся 18 верасьня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю зьвярнулася маці 10-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасьня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і зьнік. Ужо а 22 гадзіне 16 верасьня Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС.
У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх сьлядоў. Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацый, цягам 2017 году ў лясах Беларусі згубіліся 26 дзяцей, ня знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк. У большасьці выпадкаў пошукавыя апэрацыі завяршаліся посьпехам у першыя ж суткі.
Раней хлопчыка шукалі з удзелам соцень валянтэраў, але ў мінулую пятніцу супрацоўнікі МЧС і МУС вырашылі, што цяпер вялікай колькасьці шукальнікаў не патрэбна, у далейшых пошуках возьмуць удзел адмыслоўцы.