Паводле зьвестак Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, цягам 2017 году ў лясах згубіліся 26 дзяцей, ня знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк, які зьнік у Белавескай пушчы.
Таксама ў лясах згубіліся 302 дарослыя жыхары краіны, дагэтуль не знайшліся 14.
«Гэта статыстыка толькі па тых выпадках, калі МНС брала ўдзел у пошуках. Магчыма, у МУС будуць большыя лічбы», — сказаў карэспандэнту Свабоды афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.
Як доўга шукалі дзяцей у лесе?
«Часьцей за ўсё гаворка ідзе пра тэрмін да сутак. Гэта якраз тычыцца лясных пошукаў, дзе былі задзейнічаныя ратавальнікі».
Наконт таго, ці знойдуць Максіма Мархалюка, Віталь Навіцкі сказаў:
«У мяне няма адказу на гэтае пытаньне. Але там учора працавалі нашы ратавальнікі, у тым ліку на пошуках, і заўтра будуць працаваць».
Ужо 12 дзён запар у Белавескай пушчы ратавальнікі, супрацоўнікі міліцыі і валянтэры шукаюць 10-гадовага Максіма Мархалюка зь вёскі Новы Двор Сьвіслацкага раёну. Паводле кіраўніка Сьвіслацкага раённага аддзелу міліцыі Валерыя Раманчука, за гэтыя дні ўжо абсьледавана тэрыторыя ў радыюсе ня менш як 15 кілямэтраў.
26 верасьня Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу аб зьнікненьні дзіцяці.