Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошукі Максіма Мархалюка працягнуць адмыслоўцы


Пасьля 13 дзён безвыніковых пошукаў зьніклага ў Белавескай пушчы 10-гадовага Максіма Мархалюка пошукі хлопчыка будуць працягвацца толькі спэцыяльна падрыхтаванымі групамі.

Такое рашэньне прынялі супрацоўнікі МЧС і МУС. У пошуках надалей возьмуць удзел адмыслоўцы пошукава-выратавальных атрадаў «ЦэнтраСпас», «Анёл» пры дапамозе мясцовых жыхароў.

Кіраўнік атрада «Анёл» Сяргей Коўган сказаў Свабодзе, што цяпер вялікай колькасьці шукальнікаў ня трэба. Паводле яго, будуць камплектавацца групы па 50-60 чалавек са спэцыялістаў, перад якімі паставяць канкрэтныя задачы.

«Цяпер дасьледуюцца балоцістыя мясьціны, куды непадрыхтаваных людзей пускаць нельга, — кажа Сяргей Коўган. — Дарэчы, іх ніхто не пускаў і ў мінулыя выходныя на такія месцы, каб пазьбегнуць няшчасных выпадкаў. Адмыслоўцы будуць працаваць на канкрэтных тэрыторыях. Мы па-ранейшаму прытрымліваемся вэрсіі, што хлопчык заблукаў».

Пошукі Максіма Мархалюка
Пошукі Максіма Мархалюка

Шукальнікі па-ранейшаму ня выявілі ніякіх сьлядоў Максіма. За 13 дзён, паводле афіцыйнай інфармацыі, валянтэры і супрацоўнікі МНС абшукалі радыюс у 25 кілямэтраў ад вёскі, верталёты ратавальнікаў выляталі на адлегласьць да 100 кілямэтраў. Па факце зьнікненьня Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК.

Зьнікненьне Максіма Мархалюка: 4 вэрсіі сьледзтва

Першыя паведамленьні ў СМІ пра зьнікненьне Максіма Мархалюка зьявіліся 18 верасьня. У зводцы гаварылася, што ў міліцыю зьвярнулася маці 10-гадовага хлопчыка і паведаміла, што каля 20.00 увечары 16 верасьня ён паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і зьнік. Ужо а 22 гадзіне 16 верасьня Максіма пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС. У лесе знайшлі ровар хлопчыка, пакет з грыбамі, але болей ніякіх сьлядоў.

10 галоўных фактаў пра зьнікненьне Максіма Мархалюка

Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацый, цягам 2017 году ў лясах Беларусі згубіліся 26 дзяцей, ня знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк. У большасьці выпадкаў пошукавыя апэрацыі завяршаліся посьпехам у першыя ж суткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG