Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cёньня — прысуд Уладу Казакевічу, які летась напаў з бэнзапілой на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Эўропа»


Абнаўленьне: Нападніку з бэнзапілой прысудзілі 15 год калёніі

Прысуд Уладу Казакевічу маюць абвясьціць у 10:00 у будынку суду Маскоўскага раёну. Яго абвінавачваюць у забойстве, замаху на забойства і хуліганстве. Пракурор патрабуе для яго 15 гадоў зьняволеньня.

8 кастрычніка 2016 году Казакевіч учыніў напад з бэнзапілой на менскі гандлёвы цэнтар «Эўропа», забіў адну жанчыну і параніў дзьвюх.

Сам абвінавачаны прызнаў віну цалкам, але пры гэтым не павініўся, а ў апошнім слове нават заявіў пра жаль, што ня цалкам зьдзейсьніў задуманае. Паводле прызнаньняў у судзе, Улад Казакевіч, якому толькі пасьля злачынства споўнілася 18 гадоў, плянаваў забіць бэнзапілой некалькі чалавек, каб у выніку яго застрэлілі міліцыянты.

У судзе стала вядома, што раней Улад Казакевіч двойчы рабіў няўдалыя спробы суіцыду. Жаданьне пайсьці з жыцьця падсудны тлумачыў расчараванасьцю ў сабе і людзях. Дасудовая экспэртыза прызнала Ўлада Казакевіча псыхічна здаровым у момант зьдзяйсьненьня дзеяньняў, якія яму інкрымінавала сьледзтва. Між тым да нападу на ГЦ «Эўропа» малады чалавек лячыўся ў псыхіятрычным шпіталі і прымаў адмысловыя лекі.

На працэсе высьветлілася, што з 14 гадоў Улад Казакевіч фактычна жыў адзін, без бацькоў. Ягоныя бацькі разьвяліся, маці зьехала жыць у Нямеччыну, бацька, які жыве ў Менску, таксама ня жыў з сынам. На працэсе бацькі Ўлада Казакевіча прысутнічалі на судовых дэбатах, якія адбываліся 27 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG