Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка і Доўгель паслалі дэлегатам УНС альтэрнатыўную праграму


Віктар Цярэшчанка — дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня і ўдзельнік некалькіх прэзыдэнцкіх кампаніяў сумесна з эканамістам Яўгенам Доўгелем зьвярнуліся з адкрытым лістом да дэлегатаў пятага Ўсебеларускага народнага сходу. Яны выклалі сваё бачаньне прычыны праблем у эканоміцы Беларусі і прапановы па іх вырашэньні.

Поўны тэкст ліста складае сем старонак. Навукоўцы лічаць, што іхняе вывучэньне досьведу розных краін і эфэкту прыватызацыі ў былых рэспубліках Савецкага Саюза (у тым ліку і на прыкладах «Камунаркі», «Спартака», «Мотавела», шклозавода «Ялізава» і іншых) паказвае, што для вырашэньня эканамічных праблем у нашай краіне неабходныя не «структурныя рэформы», якія навязваюцца з-за мяжы, а сыстэмная аптымізацыя грашова-валютнай і падатковай сыстэмы, а таксама ўмоў матывацыі кіраўнікоў і работнікаў прадпрыемстваў да эфэктыўнай працы і разьвіцьця сродкаў вытворчасьці.

На думку Цярэшчанкі і Доўгеля, галоўнай праблемай беларускіх прадпрыемстваў стала пастаянная недастача сродкаў як для разьвіцьця, так і для актуальнай дзейнасьці. У Беларусі гэтую праблему часьцей за ўсё вырашаюць крэдытаваньнем. Пры гэтым кошт крэдытаў для нацыянальных вытворцаў аказваецца на парадак вышэйшы, чым у іншых краінах сьвету: у 4 разы вышэйшы, чым у Казахстане і ў 2 разы вышэйшы, чым у Расіі. Гэта значна зьніжае канкурэнтаздольнасьць нашай прадукцыі на рынках, у тым ліку ў краінах Эўразійскага Зьвязу і на ўнутраным рынку.

Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота
Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

Аўтары адкрытага ліста да дэлегатаў УНС выкладаюць і канкрэтныя прапановы па паляпшэньні сытуацыі.

На пытаньне Свабоды, наколькі рэальныя пляны ўладаў на гэтую пяцігодку, Віктар Цярэшчанка адказаў так:

«Прагнозныя паказьнікі праекту Праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2016-2020 гады, якія сёньня выносяцца для абмеркаваньня на пятым Усебеларускім народным сходзе, на мой погляд, могуць быць шматкроць павышаныя. Але ня тымі мерамі, якія намечаны ў гэтым праекце.

Асабліва засмучае тое, што бадай адзінай, як бы нейкай чароўнай мерай, якая павінна забясьпечыць праграме выкананьне і краіне росквіт, у праекце прадстаўлена толькі прыцягваньне замежных інвэстыцыяў. У праекце праграмы запісана: „Прыярытэтнай крыніцай мадэрнізацыі эканомікі ў бягучай пяцігодцы зьяўляюцца прамыя замежныя інвэстыцыі. Задачам іх актыўнага прыцягненьня і эфэктыўнага выкарыстаньня будуць падпарадкаваныя ўсе прылады эканамічнай палітыкі“.

Гэты напрамак зьяўляецца прынцыпова памылковым. Яго рэалізацыя незваротна адвядзе Беларусь на шлях стратэгіі адсталых дзяржаў, якія ня ставяць задачу стварыць сваю моцную і рацыянальную валюту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG