Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца ўладзе і бізнэсу паразумецца? Спадзевы на Трэці тыдзень беларускага прадпрымальніцтва


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Стартаваў Трэці тыдзень беларускага прадпрымальніцтва, які будзе доўжыцца да 3 сакавіка. Сёлета на ім абмяркуюць палажэньні дэкрэту № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які закліканы «разьняволіць» сярэдні і малы бізнэс.

Арганізатарамі выступілі Рэспубліканская фэдэрацыя прадпрымальнікаў, Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, Міністэрства эканомікі Беларусі.

Улада: Самазаняцца зь мінімальнымі высілкамі

На адмысловай прэс-канфэрэнцыі кіраўнікі прадпрымальніцкіх структур і Міністэрства эканомікі расказалі, чаго чакаюць ад форуму, які ахопіць усе рэгіёны Беларусі.

Як нагадаў дырэктар Дэпартамэнту прадпрымальніцтва Мінэканомікі Пётар Арушаньянц, такія форумы ладзяцца ў Беларусі з 2016 году. Узорам для іх стаў Усясьветны тыдзень прадпрымальніцтва. Першым разам прайшло блізу паўсотні мерапрыемстваў рознай скіраванасьці. Летась іх колькасьць падвоілася, а сёлета мае наблізіцца да тысячы.

Пётар Арушаньянц
Пётар Арушаньянц

«Ініцыятывай будзе ахоплена ўся краіна, — сказаў Пётар Арушаньянц. — Тыдзень прадпрымальніцтва адпачатку арыентаваны на беларускія рэаліі, ягоная мэта — актывізаваць дыялёг паміж бізнэсам і ўладай, прысьпешыць каапэрацыю на ўсіх узроўнях, даць штуршок дзейнасьці кансультацыйных радаў. Дзеля гэтага будуць арганізаваныя практычныя сэмінары для прадпрымальнікаў з удзелам банкіраў, кіраўнікоў выканаўчых камітэтаў».

Галоўнай імпрэзай у межах форуму стане ХІХ асамблея дзелавых колаў 1 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы. Яна будзе складаецца з двух пленарных паседжаньняў, прысьвечаных, як сказаў старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін, двум «рэвалюцыйным дакумэнтам». Першы, ужо згаданы дэкрэт № 7, пачынае дзейнічаць 26 лютага і закліканы «аптымізаваць» дзелавы клімат у краіне. Другі, дэкрэт № 8, тычыцца лічбавай трансфармацыі бізнэсу і эканомікі Беларусі.

Уладзімер Карагін
Уладзімер Карагін

«Мінулы год стаў, без перабольшаньня, пераломным у пераасэнсаваньні дзелавога клімату, — лічыць Уладзімер Карагін. — Улада нарэшце прызнала, што дзелавую ініцыятыву трэба вітаць, а ня стрымліваць. Сёньня замест звыклай канфрантацыі на парадак дня выходзіць супраца. А паколькі 2018-ы абвешчаны Годам малой радзімы, гэта будзе тычыцца кожнага населенага пункту краіны, бо ўсюды людзям хочацца жыць годна і заможна».

Летась 23 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва». Гэта ключавы дакумэнт пакету нарматыўных прававых актаў па паляпшэньні бізнэс-клімату. Дэкрэт прадугледжвае «кардынальную зьмену мэханізмаў узаемадзеяньня дзяржаўных органаў і бізнэсу, мінімізуе ўмяшаньне службовых асобаў у працу суб’ектаў гаспадараньня і ўзмацняе мэханізмы самарэгуляваньня бізнэсу, яго адказнасьць за сваю працу перад грамадзтвам».

Прадпрымальнікі: Дэкрыміналізацыя эканамічных артыкулаў

Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Дзьмітры Матусевіч перакананы, што ў сувязі з уступленьнем у сілу «лёсавызначальнага дэкрэту» падобная пляцоўка для камунікацый будзе мець рэальны эфэкт для ўсіх зацікаўленых бакоў.

«Дэкрэт № 7, які набудзе моц 26 лютага, акажа магутны ўплыў на ўсе сфэры жыцьця і суб’екты гаспадараньня, — кажа чыноўнік. — Таму наш тыдзень, у тым ліку, прызваны даць грунтоўнае тлумачэньне яго палажэньням. І гэта будзе адной з галоўных задач форуму, дзе зьбярэцца мэтавая аўдыторыя, — давесьці да кожнага патэнцыйнага прадпрымальніка, што існуе рэальная магчымасьць самазаняцца зь мінімальнымі высілкамі і ўкладаньнямі».

Згодна са згаданым дэкрэтам, уводзіцца паведамляльны парадак ажыцьцяўленьня найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасьці. Гэта бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі; у сфэры гандлю і грамадзкага харчаваньня; перавозак пасажыраў і багажу; вытворчасьці будматэрыялаў ды іншыя. Такім чынам, дзеяньне дакумэнту ахоплівае сфэры, у якіх засяроджана прыкладна 95% малога і сярэдняга бізнэсу.

Пры гэтым старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Калінін зьвяртае ўвагу на тое, што яшчэ ня ўсе заканадаўчыя пытаньні вырашаныя канчаткова, а таму сустрэча на палях форуму бізнэсоўцаў і ўладаў — найлепшы спосаб прыйсьці да агульнага разуменьня.

Аляксандар Калінін
Аляксандар Калінін

«Ня вырашана пытаньне працэдуры ліцэнзаваньня, указ у распрацоўцы, — кажа спадар Калінін. — Мы не канкурэнтныя з гледзішча падатковай нагрузкі, вось чаму інвэстары ня хочуць пачынаць тут вытворчыя праекты. Насьпела дэкрыміналізацыя эканамічных артыкулаў — няма ў сьвеце такіх санкцый супраць бізнэсу, як у Беларусі. Патрэбны закон аб акцыянэрных таварыствах: сёньня дзяржава кантралюе капіталу на 150 мільярдаў даляраў, але мэханізм акцыянаваньня незразумелы ня толькі замежнікам, а нават мясцовым».

Паводле Аляксандра Калініна, пра недавер да беларускай эканамічнай мадэлі сьведчыць красамоўны факт. Ва ўмовах заходніх санкцый супраць Расеі тамтэйшыя бізнэсоўцы масава выводзяць свае актывы ў Вялікую Брытанію, на Кіпр, але не разглядаюць у якасьці такой «фінансавай гавані» суседнюю Беларусь.

З поўнай праграмай Трэцяга тыдня беларускага прадпрымальніцтва можна пазнаёміцца на сайце Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва.

Замежныя інвэстыцыі і помнікі Леніну. Блог Валера Карбалевіча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG