Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбныя вайсковыя парады? Шпакоўскі супраць Матолькі


У інтэрнэце, у сацыяльных сетках разгарнулася вострая палеміка наконт мэтазгоднасьці правядзеньня парадаў. Ці патрэбныя народу відовішчы? Парад — гэта культ мілітарызму ці дэманстрацыя сілы дзяржавы? Ці варта зважаць на кошт падобных мерапрыемстваў?

Удзельнікі: вядомы блогер, кіраўнік праекту «Матолька, дапамажы» Антон Матолька і дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы «Актуальная канцэпцыя» Аляксандар Шпакоўскі.

Парады — на палігон за горадам

Валер Карбалевіч: «29 траўня Аляксандар Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб правядзеньні вайсковага параду да Дня Незалежнасьці, сказаў: «Сродкаў на гэта шкадаваць ня трэба». Сп. Матолька арганізаваў зьбіраньне подпісаў пад пэтыцыяй супраць парадаў. Сп Матолька, ваша пярэчаньне супраць парадаў грунтуецца толькі на тым, што дарэмна марнуюцца дзяржаўныя сродкі. Ці ёсьць пярэчаньні нейкія іншыя, каштоўнасныя?

Антон Матолька: «Насамрэч, акрамя пэтыцыі супраць парадаў, я стварыў і пэтыцыю за парады. Бо часта выкарыстоўваецца аргумэнт, што вялікая колькасьць людзей выступае за правядзеньне парадаў. Дык вось калі паглядзець на актыўнасьць, то колькасьць праціўнікаў парадаў у сотні разоў большая за колькасьць прыхільнікаў. І дзе ж тыя людзі, якія хочуць бачыць парады?»

Антон Матолька
Антон Матолька

Карбалевіч: «Можа, гэтыя людзі не жывуць у інтэрнэце?»

Матолька: «Хачу зьвярнуць увагу, што колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі — самая высокая ў СНД. Таму лічу, што інтэрнэт — гэта аб’ектыўны паказьнік народных настрояў.

Але я цяпер акцэнтую ўвагу ня столькі на забароне парадаў увогуле, колькі на забароне парадаў у цэнтры гораду. Акрамя фінансавага складніку, неабходнасьці потым рамантаваць дарогу, рэпэтыцыі парадаў ствараюць шмат нязручнасьцяў жыхарам Менску. І такіх людзей дзясяткі тысяч. З прычыны перакрытых вуліц людзі спазьняюцца, ня могуць трапіць у патрэбнае месца.

Гэтым разам падчас рэпэтыцыі здарылася дарожна-транспартнае здарэньне — з танкам каля станцыі мэтро „Маскоўская“. А калі б гэты танк уляцеў у натоўп?

Такія парады павінны праводзіцца на спэцыяльных палігонах. Гэта было б таньней і для гораду, і для вайскоўцаў. А для гледачоў арганізаваць транспартную дастаўку. Гэта было б нашмат таньней».

Шпакоўскі: «У некаторых краінах праводзяцца гей-парады, і там не ўздымаюць пытаньне пра перашкоды грамадзянам»

Аляксандар Шпакоўскі
Аляксандар Шпакоўскі

Аляксандар Шпакоўскі: «Я актыўна карыстаюся інтэрнэтам, але ўпершыню чую, што ёсьць пэтыцыя ў падтрымку параду. Пра наяўнасьць пэтыцыі супраць параду я прачытаў на сайтах, блізкіх да апазыцыі. Вось я бачу 3,5 тысячы подпісаў супраць парадаў. Нават у параўнаньні з колькасьцю карыстальнікаў інтэрнэту — гэта мізэр.

Варта мець на ўвазе, што вайсковы парад праводзіцца з нагоды галоўнага дзяржаўнага сьвята Беларусі — Дня Незалежнасьці. Гэта пытаньне і іміджу краіны, і патрыятычнай асьветы, і грамадзянскага выхаваньня. Яго будзе глядзець шмат людзей, як ужывую, так і па ТБ. Парад у галоўнае сьвята дзяржавы павінен праводзіцца не на палігоне, а ў цэнтры гораду. Гэта пытаньне палітычнае. Зразумела, трэба зважаць на эканамічнае становішча.

Але ў некаторых краінах праводзяцца гей-парады зь вялікімі выдаткамі, з прыцягненьнем усіх сіл паліцыі. І ніхто там не ўздымае пытаньне, што гэта перашкаджае грамадзянам, транспартнаму руху, а таксама пабуджае іх праціўнікаў нападаць на такія шэсьці.

Што тычыцца інцыдэнту з танкам, дык кожны дзень адбываюцца дзясяткі дарожных аварый. І гэта не пабуджае забараніць выкарыстоўваньне аўтамабільнага транспарту. Дарэчы, падчас падобных масавых мерапрыемстваў, напрыклад, у Францыі, адбываюцца тэракты, гінуць дзясяткі людзей. Але гэта ня ставіць пад сумнеў правядзеньне такіх сьвятаў.

Думка людзей, якія супраць парадаў, усё ж павінна быць улічана. Магчыма, сп. Матольку і іншых можна было б запрасіць у гарвыканкам і патлумачыць мэты параду».

Карбалевіч: «Ці згодны вы, сп. Матолька, з думкай, што парады — гэта пытаньне іміджу і патрыятычнага выхаваньня?»

Матолька: «Ад самага пачатку ў сваіх пастах я пісаў пра дзьве пэтыцыі: за і супраць. Вы кажаце, што супраць выступаюць апазыцыйныя мэдыі. А што перашкаджае дзяржаўным мэдыям арганізаваць кампанію за парады? Бо супраць парадаў пэтыцыі ёсьць, а за — няма ўвогуле. Бо пэтыцыі — гэта такі лякальны рэфэрэндум.

Супраць парадаў пэтыцыі ёсьць, а за — няма ўвогуле. Бо пэтыцыі — гэта такі лякальны рэфэрэндум

Я не лічу, што дэманстрацыя зброі для забойства павялічвае патрыятычнае выхаваньне. Я хацеў бы ганарыцца ня зброяй, а дасягненьнямі краіны ў іншых сфэрах, у эканоміцы, інавацыях, культуры. Я больш ганаруся электроннай гульнёй у танкі, якую прыдумалі нашы айцішнікі».

Шпакоўскі: «Гэта вайскоўцы, у іх своеасаблівы стыль мысьленьня»

Карбалевіч: «Афіцыйнаму прадстаўніку Міністэрства абароны Беларусі палкоўніку Ўладзімеру Макараву задалі пытаньне, ці зьбіраецца Мінабароны прыслухацца да гэтых людзей. Макараў адказаў, што „вайсковыя парады ў Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня праводзяцца і будуць праводзіцца... Але гэтае сьвята ня стала сьвятам беларускіх радыкалаў, тых, хто ёсьць ідэйнымі нашчадкамі Вільгельма фон Кубэ“.

Лёгіка „хто думае ня так, як я, той фашыст“ — гэта звычайная лёгіка беларускіх чыноўнікаў у палеміцы з апанэнтамі. Па-іншаму чыноўнікі размаўляць з народам ня могуць?»

Шпакоўскі: «Ня бачу сэнсу прыхільнікам параду зьбіраць подпісы. Людзі галасуюць нагамі, дзясяткі тысяч чалавек прыходзяць яго глядзець.

Людзі галасуюць нагамі, дзясяткі тысяч чалавек прыходзяць глядзець парад

Інавацыі — гэта частка вайсковай прамысловасьці і вайсковых тэхналёгій. Бо краіны, якія лідзіруюць у сьвеце па інавацыях, маюць і самыя вялікія вайсковыя бюджэты. Напрыклад, ЗША, Паўднёвая Карэя, Японія.

Хацелася б жыць у сьвеце, у якім ня трэба дэманстраваць сродкі забойства. Але гэта такі ідэалістычны погляд. Сёньняшні рэальны сьвет вельмі далёкі ад такога ідэальнага. Мы назіраем лякальныя збройныя канфлікты ва ўсіх рэгіёнах, у тым ліку недалёка ад нас (Украіна).

Што тычыцца выказваньня сп. Макарава. Як сп. Матолька мае права на ўласную думку, так і сп. Макараў. Я асабіста не лічу ўсіх праціўнікаў параду ідэйнымі нашчадкамі Кубэ. У гэтым руху шмат розных плыняў, там і пацыфісты, і іншыя. Але там ёсьць і іншы складнік. Дарэчы, на вашым радыё прамаўлялі „навукоўцы“, якія выступаюць за рэабілітацыю асобных беларускіх калябарацыяністаў.

Пратэсты супраць парадаў ініцыююць сілы, якія змагаюцца зь дзейнай уладай. Думаю, калі б ва ўладзе быў не Лукашэнка, а яго апанэнты, і парад праводзіўся ня ў дзень вызваленьня Менску ад фашыстаў 3 ліпеня, а, напрыклад, 8 верасьня, у гадавіну бітвы пад Воршай, то нацыяналістычныя колы віталі б такі парад.

Думаю, агітаваць за парад трэба ня так катэгарычна, як гэта робіць Міністэрства абароны. Але, нагадаю, гэта вайскоўцы, у іх своеасаблівы стыль мысьленьня. І мне вельмі шкада, калі Макараў каго-небудзь пакрыўдзіў. Мне б хацелася, каб быў дыялёг».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG