Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Віншую зь перамогай апазыцыйных кандыдатаў: байкот і „супраць усіх“»


Зьміцер Дашкевіч на акцыі «Патрабуем сапраўдных выбараў», 12.09.2016
Зьміцер Дашкевіч на акцыі «Патрабуем сапраўдных выбараў», 12.09.2016

Якія вынікі акцыі пратэсту ў Менску «Патрабуем сапраўдных выбараў»?

Дракахруст: Учора ўвечары ў Менску на Кастрычніцкай плошчы прайшла акцыя — «Патрабуем справядлівых выбараў». Яе арганізатары — Мікола Статкевіч і Ўладзімер Някляеў — заклікалі людзей прыходзіць на плошчу на мінулым тыдні, яны падкрэсьлена не падавалі заяўку на правядзеньне акцыі, спасылаючыся на канстытуцыйнае права на свабоду сходаў.

Удзельнікі акцыі правялі мітынг на Кастрычніцкай, потым прайшлі шэсьцем да плошчы Незалежнасьці, пасьля чаго разышліся.

Міліцыі і АМАПу нагналі шмат, адбыліся невялікія сутыкненьні паміж мітынгоўцамі і апранутымі ў цывільнае міліцыянтамі, былі складзеныя пратаколы, паводле практыкі апошняга году затрыманы ніхто ня быў.

Блізкі да ўлады палітоляг Юры Царык перасьцерагаўся паўтарэньня 19 сьнежня 2010 году, нехта, напэўна, марыў пра паўтарэньне. У выніку прыйшло па самых шчодрых падліках чалавек 500.

Пры гэтым варта не забываць, што акцыя падавалася яе арганізатарамі як у пэўным сэнсе альтэрнатыва ўдзелу ў выбарах большай часткі апазыцыі. Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч ня быў зарэгістраваны ў якасьці кандыдата, іншыя прадстаўнікі гэтага руху сьвядома не пайшлі на выбары, робячы стаўку на вулічны пратэст.

Падставы для пратэсту, безумоўна, былі і ёсьць. І фальсыфікацыяў было багата, і ў выбарчых камісіях апазыцыі было кот наплакаў, ну і жыцьцё цяпер у беларусаў няпростае. Прыйдзі на плошчу некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек, дык рэвалюцыю яны можа і не зрабілі б, але гэта было б важнай, яскравай дэманстрацыяй моцы гэтай плыні апазыцыі.

Прыйдзі на плошчу некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек, гэта было б важнай, яскравай дэманстрацыяй моцы гэтай плыні апазыцыі.

Зьміцер Дашкевіч сказаў на ўчорашнім мітынгу: у нас два пераможцы — байкот і «супраць усіх». Намёк на тое, што Анісім і Канапацкая, якія прайшлі (ці якіх пусьцілі) ў парлямэнт, гэта, маўляў, не пераможцы ад апазыцыі. Але палітык добра адчуў сытуацыю, адрозную ад сытуацыі папярэдніх парлямэнцкіх выбараў: тады і байкатысты мелі нуль, але і тыя, хто ўдзельнічаў, мелі нуль.

А цяпер — не. Ужо якія там подзьвігі зьдзейсьняць у парлямэнце Анісім і Канапацкая — невядома, але поўнай, аднолькавай з прыхільнікамі байкоту, паразы прыхільнікі ўдзелу не атрымалі.

Формула наконт пераможцаў байкоту і «супраць усіх» прыгожая, але варта адзначыць, што ні ў што асабліва значнае гэтыя «пераможцы» не ўвасобіліся, увасобіліся ў звыклую, канстантную колькасьць удзельнікаў падобных акцыяў з тымі самымі арганізатарамі і прамоўцамі на працягу ўсяго мінулага году, ад вызваленьня Статкевіча.

Між тым момант быў калі не вырашальны, то зручны і істотны. Наступныя парлямэнцкія выбары — праз 4 гады, недзе гэтак жа і прэзыдэнцкія. Зразумела, нагодай, якая выводзіць масы людзей на вуліцу, можа быць што заўгодна, але сфальсыфікаваныя парлямэнцкія выбары — нагода важкая, і хутка сувымерная нагода не надарыцца.

Загадваць на будучыню не выпадае, але так выглядае, што роля, вага сілаў, якія аб’яднаныя ў Нацыянальны кангрэс, прынамсі, на пэўны час яшчэ больш зьменшыцца. Ужо як там у байкоту і ў «супраць усіх», але Нацыянальны кангрэс пэўна не перамог.

Карбалевіч: Найперш зьвяртае на сябе ўвагу сам час правядзеньня апазыцыйнай акцыі пратэсту — на другі дзень пасьля выбараў. Раней цягам усіх гадоў існаваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі апазыцыя заклікала народ прыйсьці на Плошчу ў дзень выбараў. Лёгіка была зразумелай — народ на Плошчы мусіў паўплываць на выбарчыя камісіі, каб яны справядліва лічылі галасы, не фальсыфікавалі. Так рабілася і ў іншых недэмакратычных краінах. І нават стратэгія «каляровых» рэвалюцый будавалася на гэтым.

Выключэньне было зроблена летась падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Нагадаю, што прэзыдэнцкія выбары адбыліся 11 кастрычніка 2015 году, а апазыцыйныя лідэры заклікалі народ прыйсьці на Плошчу 10 кастрычніка. Праўда, стыхійнае шэсьце было і 11 кастрычніка, у дзень выбараў, але яно было менавіта стыхійным, яго не ўзначальвалі лідэры.

Гэта быў чыста маральны пратэст, які ня ставіў канкрэтных палітычных мэтаў.

Вось і цяпер акцыя была праведзеная на другі дзень пасьля галасаваньня, калі ўсе вынікі былі падведзеныя. То бок, паўплываць на выбарчыя камісіі пратэстоўцы ўжо не маглі. Гэта быў чыста маральны пратэст, які ня ставіў канкрэтных палітычных мэтаў.

Чаму памяняўся час пратэсту? На гэта ёсьць дзьве прычыны. Па-першае, траўма, атрыманая 19 сьнежня 2010 году. Тую траўму атрымалі ўсе: і ўлада, і апазыцыя, і грамадзтва.

Па-другое, трагічныя вынікі кіеўскага Майдану, якія таксама траўмавалі беларускае грамадзтва.

Таму апазыцыя, прызначаючы дату пратэсту ня ў дзень галасаваньня, а за дзень ці пасьля асноўнага дня выбараў, нібыта кажа ўладам: мы не зьбіраемся ладзіць рэвалюцыю, штурмаваць нейкія ўстановы. І ўлада гэта чуе, таму не разганяе акцыю.

Што тычыцца акцыі ў панядзелак. Зьвяртае на сябе ўвагу звычайная стабільная колькасьць удзельнікаў. Яна не расьце і ня падае. Сапраўды нейкая канстанта. І тут выяўляецца беларуская стабільнасьць.

Але гэта значна больш, чым на мітынгу Партыі БНФ з нагоды Дня вайсковай славы. Бо ў гэтай справе, мусіць, Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, якія заклікалі людзей сабрацца на Плошчы, большыя аўтарытэты для актыўнай апазыцыйнай часткі грамадзтва.

Цыганкоў: Пад любым дэвізам, любымі арганізатарамі сёньня ня можа быць арганізаваная шматлюдная масавая акцыя. Тыя, хто крытыкуе арганізатараў за малую колькасьць, недастатковую крэатыўнасьць і гэтак далей, могуць атрымаць адказ такі: хто б ні арганізоўваў сёньня акцыю пад якімі заўгодна лёзунгамі, яна не набярэ нашмат большай колькасьці ўдзельнікаў.

Умоўная лічба 500 чалавек на сёньня выглядае канстантай.

Умоўная лічба 500 чалавек на сёньня выглядае канстантай. Гэта тыя людзі, якія лічаць сваім маральным абавязкам выйсьці на акцыю, паказаць сваё стаўленьне. Колькасьць незадаволеных і ў цэлым уладай, і канкрэтнымі палітычнымі падзеямі, напрыклад, выбарчай кампаніяй, нашмат большая. Колькі людзей прачыталі палымяны артыкул на Хартыі, у якім іх заклікалі прыйсьці на акцыю, колькі лайкнулі, ухвалілі ? Гэтая колькасьць намнога большая за колькасьць тых, хто прыйшоў.

Гэта пытаньне апошніх гадоў: чаму людзі прыходзяць на канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні, некалькі тысячаў крычаць там «Жыве Беларусь», і тыя самыя людзі не прыходзяць на мітынгі? Хоць там трэба і заплаціць грошы, і прыехаць. Перш за ўсё, яны не адчуваюць патрэбы. Не адчуваюць неабходнасьці, пэрспэктывы і сэнсу, а галоўнае — надзеі ў гэтай акцыі.

Невядома ў выніку чаго, але калі зьявіцца сэнс і надзея — тыя самыя людзі могуць выйсьці. Колькасьць зьменіцца, калі зьменіцца пэрспэктыва і ўсьведамленьне неабходнасьці ўдзелу ў такой акцыі. Як гэта было 19 сьнежня 2010 году, калі нават многія апазыцыйныя лідэры не разьлічвалі і не спадзяваліся, што выйдзе так шмат людзей. Паводле розных ацэнак, тады было каля 50 тысячаў. І тады шмат у каго былі пэсымістычныя настроі, але гэтыя людзі вырашылі, што ім выйсьці трэба. Пакуль такой патрэбы ў масавых акцыях людзі не адчуваюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG