Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Анісім распавяла, хто блякуе беларусізацыю заканадаўства

абноўлена

Алена Анісім
Алена Анісім

На шляху дэпутата Палаты прадстаўнікоў, які хоча праявіць заканадаўчую ініцыятыву, паўстае шмат перашкодаў. У тым ліку і ад сваіх калегаў па парлямэнту. Пра гэта Свабодзе кажа дэпутатка, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

«Відаць, калегі збаяліся»

Дэпутатка намагаецца стварыць у Палаце прадстаўнікоў юрыдычны прэцэдэнт: прыняць закон аб нарматыўна-прававых актах адначасова і на беларускай, і на расейскай мове. Паводле яе, у прыватных размовах ніхто з калегаў не выступаў супраць такой ініцыятывы.

«Я зь вялікімі спадзяваньнямі адаслала законапраект у парлямэнцкую камісію па заканадаўстве. Аднак старшыня камісіі Натальля Гуйвік паведаміла мне афіцыйным лістом, што ня будзе дасылаць дакумэнты ў Нацыянальны цэнтар заканадаўчых і прававых дасьледаваньняў для атрыманьня юрыдычнага заключэньня. Яна спасылаецца на адсутнасьць мэханізму прыняцьця закону адразу на дзьвюх мовах. Відаць, калегі збаяліся ўзяць на сябе адказнасьць. А абмінуць камісію я не магу паводле рэглямэнту парлямэнцкай працы», — кажа старшыня Таварыства беларускай мовы.

Яна канстатуе, што «праца застопарылася», але дадае, што не зьбіраецца «ствараць рэвалюцыю ў заканадаўстве».

«20 з гакам гадоў нашы чыноўнікі па лініі АБСЭ езьдзілі па Эўропе, вывучаючы, як там вырашаюць падобныя пытаньні. Я сама выяжджала ў Фінляндыю як прадстаўніца ТБМ, дзе разам з дэпутатамі вывучала досьвед прыняцьця законаў на некалькіх дзяржаўных мовах адначасова. А ў нас дагэтуль нічога ня зроблена», — кажа дэпутатка.

Праблема ў адказнасьці, а не ў фінансах

Яна перакананая, што галоўная праблема — у асабістай адказнасьці.

«У нас баяцца самой ініцыятывы, баяцца ўзяць на сябе адказнасьць. Паглядзіце, як піша спадарыня Гуйвік: „Пры прыняцьці Палатай прадстаўнікоў усіх законапраектаў на дзьвюх дзяржаўных мовах пры адсутнасьці рэгулюючага мэханізму могуць узьнікнуць арганізацыйныя складанасьці“. Альбо яна піша пра магчымасьць выбару мовы пры прыняцьці законаў. Але ў Беларусі ёсьць дзьве дзяржаўныя мовы. Гэта — канстытуцыйная норма. І яна павінна быць праведзеная ў заканадаўстве», — кажа спадарыня Анісім.

Яна лічыць, што новая ініцыятыва не запатрабуе і істотных дзяржаўных сродкаў, чаго баяцца некаторыя чыноўнікі.

«Законапраект аб нарматыўна-прававых актах цалкам падрыхтаваны грамадзкай ініцыятывай. На яго не патрацілі ні капейкі дзяржаўных сродкаў. Далей можна стварыць міжведамасную працоўную групу экспэртаў зь Міністэрства юстыцыі, Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых і прававых дасьледаваньняў, дэпутатаў, навукоўцаў з Акадэміі навук і БДУ. І яны дзеля эканоміі грошай будуць на этапе другога чытаньня ўзаконьваць варыянт на адной ці другой дзяржаўных мовах. То бок будзе засьведчана, што гэтыя тэксты ідэнтычныя і маюць аднолькавую юрыдычную моц у выпадку іх прыняцьця», — кажа дэпутатка.

Яна запэўнівае, што ня трэба галасаваць двойчы за кожны тэкст: «Галасуецца адзін раз за тэкст на дзьвюх дзяржаўных мовах. І тады будуць абсалютна мінімізаваныя бюджэтныя сродкі».

Дзе выйсьце і чаму гэта так важна?

Алена Анісім плянуе арганізаваць грамадзкія слуханьні.

«З прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі, Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых і прававых дасьледаваньняў, усімі зацікаўленымі асобамі. Іншага выйсьця я пакуль ня бачу», — кажа яна, дадаючы, што правесьці іх рэальна ў першай палове студзеня 2018 году.

Адсутнасьць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэньне Канстытуцыі і немагчымасьць грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку на падставе юрыдычна правамоцных законаў, лічыць Алена Анісім. А паколькі законаў на беларускай мове няма, то пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы.

Дэпутатка Анісім тлумачыць, што гаворка вядзецца пра базавы закон, які рэгулюе «ўсё заканадаўства, усе прававыя акты».

«Пасьля прыняцьця Закону аб нарматыўна-прававых актах можна будзе казаць, што мэханізм прыняцьця законаў на дзьвюх мовах гатовы да запуску. Наша задача — вярнуць Беларусь у прававое поле ў справе прыняцьця законаў», — кажа яна.

***

Як паведамляецца на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў, дэпутатка Натальля Гуйвіч нарадзілася ў Расеі, у горадзе Кіраве. Скончыла Ўсесаюзны юрыдычны завочны інстытут, працавала старшым юрысконсультам у Полацкім вытворчым лесанарыхтоўчай аб’яднаньні; юрысконсультам вайсковай часьці; судзьдзёй суду Полацкага раёна і гораду Полацка; старшынёй Полацкага гарадзкога савету дэпутатаў. Гэта ўжо яе другая кадэнцыя ў Палаце прадстаўнікоў.

Вось як Натальля Гуйвіч раней адказала на зварот у верасьні 2014 году грамадзкага актывіста Ігара Случака аб зварот аб неабходнасьці разьвіцьця беларускай мовы і культуры?

«На мой погляд, Ваша прапанова на сёньняшні дзень не зьяўляецца для краіны найбольш важнай і патрабуючай першачарговага вырашэньня ў Палаце прадстаўнікоў, таму я лічу немэтазгодным у дадзены час выступаць з прапанаванай Вамі заканадаўчай ініцыятывай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG