Амаль у кожнай вёсцы я сустракаю крыжы на ростанях. Але часам трапляюцца сапраўдныя шэдэўры. Альбо з адмысловай разьбой, альбо зь нейкімі каванымі карункамі. Гэта ўсё аўтарскія работы. Невядомыя мастакі ахвяруюць сваім часам, сваімі сіламі, сваімі матэрыяламі. І, каб зрабіць прыгажосьць, ім ня трэба ні пастановаў сельсавету, ні якой рэспубліканскай кампаніі добраўпарадкаваньня. Трэба толькі час і натхненьне. І большасьць тых мастакоў адыходзяць у вечнасьць, так і застаючыся невядомымі.
Ёсьць такі незвычайны крыж і ў Хрыстове, вёсцы на Пастаўшчыне. На тым месцы калісьці стаяла старая карчма. Пасьля побач з карчмой паўстаў драўляны крыж. Які падчас хрушчоўскай барацьбы з рэлігіяй быў сьпілаваны трактарыстам, чалавекам нетутэйшым. Пакуль у 90-я на месцы карчмы не паставілі новы крыж. Высокі, драўляны, упрыгожаны карункамі з алюмініевых палосаў. Аднавіў гістарычную справядлівасьць жыхар Хрыстова Міхась Татарэнка. Мужчына сур’ёзны, невысокі, нясьпешны, зь цікаўным прышчурам вачэй і ледзь улоўнай усьмешкай на твары.
Тое, што ты трапіў да сапраўднага гаспадара, разумееш адразу. Такую колькасьць тэхнічных артэфактаў мінулага стагодзьдзя я бачыў толькі ў музэях. У татарэнкаўскіх павецях складзеная тэхнічная гісторыя краю. Вось стаіць такарны нямецкі станок. З таго самага заводу «Даймлер Бэнц», які пабудавалі немцы ў акупаванай сталіцы і які па вайне стаў МАЗам. А нямецкі станок быў упрыгожаны савецкай шыльдай — як сёньня ўпрыгожваюць сваімі этыкеткамі любыя замежныя вырабы ў КНДР. А вось нешта зусім малазразумелае для сучаснага чалавека. Конная малатарня, якой ужо сто гадоў. А вось паваенны горкаўскі грузавік.
Ёсьць у калекцыі Татарэнкі чым захапіцца і аматарам аўтарэтра. Два 401-я «масквічы». Дакладней, «опэлі-кадэты». Бо савецкія канструктары сканструявалі трафэйнаму аўтамабілю толькі назву.
Але ў трэцяй павеці мяне чакаў сапраўдны музэй. Штук дваццаць матацыклаў. Нямецкія, вугорскія, чэскія, савецкія. І яшчэ нехта кажа, што сындром Плюшкіна — гэта нешта кепскае? Ды «Беларусьфільм», калі на ногі ўстане, яшчэ прыйдзе да Татарэнкі, каб падзяліўся чым.
— Вось гэта матацыкл нямецкі. Фірмы «Сімсан».
— Часоў акупацыі?
— Пазьнейшы. Бо яго прывёз нейкі афіцэр з Паставаў, які служыў у Нямеччыне. А вось на гэтым мая маладосьць прайшла. «ІЖ-49». Дзьве «Паноніі».
— Проста нейкі музэй старой тэхнікі.
— Хочацца зрабіць нешта такое. Калі дапамогуць дзеці.
Сёньня Міхаіл Татарэнка працуе над новым праектам. Ён хоча ўвекавечыць памяць тых вёсак, якія зьніклі за апошнія гады з твару зямлі. Ад якіх не засталося нават хат, толькі падмуркі. Міхаіл робіць невялікія зашклёныя каплічкі з абразамі. Зь дзьвюма лямпадкамі, якія будуць гарэць уначы там, дзе яшчэ нядаўна гарэлі вокны вясковых хат. І з прыгожымі шыльдамі, на якіх беларускія тапонімы, што ўжо ня знойдзеш на геаграфічных мапах.
— Хочацца хоць нейкі знак, памяць пакінуць. Невядома, колькі жыцьця засталося. Калі не зраблю, дык ці зробіць хто? Бо гэта ўсё на нашым пакаленьні і завяршыцца. Вось хутар Дзергунова. Тут маё дзяцінства прайшло. Пакуль не пайшоў у школу. Цяпер там нічога няма. Адзін дуб пасярод поля расьцець. Усё сапхнёна, зруйнавана. А гэтыя вёскі былі побач з Хрыстовым. У Турчыне ў 1917 годзе было 23 гаспадары. У фальварку Міхалова жыў пан. А пасьля пана ў сядзібе зрабілі клюб, краму, сельсавет. Сумны канец у Міхалова атрымаўся. Тады гарэлка была бочкавая. Яе прадавалі на разьліў. Ну і гэтую гарэлку патроху пілі, разбаўлялі. Карацей, тую гарэлку прапілі і падпалілі. Усё згарэла. І прадукцыя, і дакумэнты, і пячатка. Людзям толькі адна засталася карысьць — у падвале было шмат солі. Тую соль мужыкі расьцягнулі.
Пра паваенны пажар у Міхалове я ўжо аднойчы чуў. Краязнаўца Зьміцер Лупач распавядаў, што той падпал мясцовыя ўлады звалілі на Аўгена Жыхара, паваеннага антысавецкага змагара. Аказваецца, усё значна прасьцей. Між тым спадар Міхаіл бярэ ў рукі чарговую шыльду. Для мяне гэтыя назвы — толькі прыгожыя словы. А для яго — частка жыцьця.
— А Запаляне, там якое сьвята, мужыкі сабяруцца. Па сто грам зробяць. Бутэлечкі самагону на цэлы дзень хапала. Называлі адзін аднаго — пан Ждановіч, пан Каралёнак. Пра што гаварылі? Я раскажу пра сваю бабулю. Зь Дзергунова. Яна памерла ў 98 гадоў. А апошнія тры-чатыры гады яна ідзець і шукаець: «Дзе мае конікі? Дзе кароўкі? Дзе хамуты?» Апошнія тры гады. Якая выснова? Яна ўжо была хворая. А што яна думала, калі была здаровая?.. Пра тое самае і мужыкі гаварылі за бяседаю. Так прайшлася калектывізацыя.
— Ці шмат вёсак зьнікла за апошні час?
— Зьнікла Гараватка. Ад «гора» назва. Там людзі бедна жылі. Вараноўка. А Турчын і Запаляне зьніклі праз дарогі. А як дзяржаўную праграму прынялі дарогі зрабіць, дык і жыхароў не засталося. Як на той час далі б зямлю, людзі б засталіся. Рабілі б нешта. А цяпер зямля — гэта як пакараньне. Ужо пасьля рэвалюцыі сто гадоў жывём, а ўсё коньмі аром.
Паводле Татарэнкі, калі б у свой час зямля была аддадзеная ў прыватную ўласнасьць нашчадкам былых гаспадароў, дык, можа, сёньня і не прыйшлося б спраўляць хаўтуры па тых вёсках. Зрэшты, можа быць, вёскі, пазначаныя Татарэнкам, яшчэ і ажывуць. Людзі часам вяртаюцца на абжытыя месцы. Калі пануюць людзкія законы...