Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назвалі «Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці» (+імёны ляўрэатаў)

абноўлена

«Крэатывам году» прызнаная акцыя салідарнасьці футбольных фанатаў на матчы Беларусь — Украіна, а «Кампаніяй году» — «Пазнач сябе беларусам».

Асамблея няўрадавых арганізацыяў 13 студзеня назвала пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» 2014 году.

Пераможцамі ў намінацыі «Грамадзкі лідэр году» прызнаныя вядоўцы моўных шоў: Алесь Залеўскі, Алеся Літвіноўская, Аляксей Шэін, Валярына Кустава, Глеб Лабадзенка, Франак Вячорка, Алёна Андрэева ды іншыя.

У намінацыі «Кампанія году» перамагла кампанія «Пазнач сябе беларусам», якую ладзіла «Арт-сядзіба».​

У намінацыі «Новая ініцыятыва» перамаглі «Экспэрты ў абарону Курапатаў».

Рэгіянальнай падзеяй прызнаны Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы.

«Крэатывам году» прызнаная акцыя салідарнасьці футбольных фанатаў на матчы Беларусь — Украіна.

У намінацыі «Мэдыя ці журналіст году» перамог Марат Гаравы за сэрыю публікацый пра абарону Курапатаў у газэце «Новы час».

Найлепшым сайтам НДА прызнаны інфармацыйна-мэтадычны партал для настаўнікаў nastaunik.info.

Каманда Nastaunik.info
Каманда Nastaunik.info

Антыпрэмія «Гарбуз году» за нэгатыўныя дзеяньні да арганізацый грамадзянскай супольнасьці прысуджана Ўпраўленьню па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканкаму і Аддзелу па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС Менску. Антыпрэмію гэтыя ўстановы атрымалі за высылку зь Беларусі праваабаронцы Алены Танкачовай.

Прэміяй ужо шосты раз уганароўваюць выбітных асобаў, арганізацыі ды падзеі, якія летась былі знакавымі для разьвіцьця беларускага трэцяга сэктару.

Сяргей Мацкевіч
Сяргей Мацкевіч

Старшыня асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч у інтэрвію карэспандэнту Свабоды адзначыў:

«Сёлета адбыўся скачок у бок каштоўнасных кампаніяў і акцыяў, якія ладзілі грамадзкія арганізацыі. Такая зьмена ў пэўным сэнсе набліжае іх дзейнасьць да палітычнай сфэры. Разам з тым я б не казаў, што ў 2014 годзе адбыўся нейкі пік грамадзкай дзейнасьці. Але быў моцны ўхіл у бок каштоўнасна арыентаваных кампаніяў. Нас гэта радуе. Раней мы падкрэсьлівалі недахоп каштоўнаснага складніка ў дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў».

Сяргей Мацкевіч патлумачыў, што ў 2014 годзе было шмат кампаніяў, скіраваных на тое, каб дапамагчы беларусам зрабіць свой каштоўнасны і цывілізацыйны выбар.

Пераможцы вызначаюцца па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі працоўнай групы Асамблеі, а таксама спэцыяльна запрошанымі экспэртамі.

Фота Андрэя Шаўлюгі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG