Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкачова будзе дэпартаваная зь Беларусі


Суд не задаволіў скаргу Алены Танкачовай на рашэньне Першамайскага РУУС аб высылцы яе зь Беларусі

Суд Першамайскага раёну Менску адмовіў праваабаронцы Алене Танкачовай у задавальненьні скаргі на міліцыю ў справе высылкі яе зь Беларусі.

Такое рашэньне агучыла 13 студзеня судзьдзя Натальля Петух, перадае Белапан.

5 лістапада мінулага году УУС Першамайскага раёну Менску прадпісала Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь і забараніла ёй наведваць краіну тры бліжэйшыя гады. Падставай для такога рашэньня сталі зафіксаваныя відэакамэрамі факты нязначнага перавышэньня хуткасьці аўтамабілем, які належыць Танкачовай.

Праваабаронца гэта рашэньне абскардзіла. Працэс абскарджваньня прадугледжвае прыпыненьне загаду аб высылцы на тры месяцы — па месяцы на абскарджаньне ў кожнай з прадугледжаных інстанцыяў. 12 сьнежня праваабаронцы адмовілі ў задавальненьні скаргі ў першай інстанцыі — ГУУС Менгарвыканкаму.

Грамадзянка Расеі Алена Танкачова пражывае ў Беларусі каля 30 гадоў. На працягу 20 гадоў Танкачова і ўзначалены ёю Цэнтар прававой трансфармацыі аказваюць прафэсійную юрыдычную і экспэртную падтрымку некамэрцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама дапамагаюць у выпадках, калі парушаюцца правы чалавека.

На папярэднім пасяджэньні, 12 студзеня, Танкачова папрасіла суд адмяніць рашэньне аб яе высылцы з краіны як прынятае на падставе ўяўных пагрозаў. Па словах праваабаронцы, органы ўнутраных спраў зыходзяць з таго, што яна раней «кіравала сродкам падвышанай небясьпекі, парушыўшы правілы дарожнага руху, што магло прывесьці да прычыненьня грамадзянам цялеснага пашкоджаньня ці пацягнуць за сабой іх сьмерць».

Але я за ўсё сваё жыцьцё ні разу не рабіла дзеяньняў, якія пацягнулі б за сабой прычыненьне шкоды здароўю грамадзян.

«Але я за ўсё сваё жыцьцё ні разу не рабіла дзеяньняў, якія пацягнулі б за сабой прычыненьне шкоды здароўю грамадзян. Таму абгрунтаваньне органаў унутраных спраў заснавана на ўяўнай пагрозе, якую нельга лічыць дакладнай», — сказала Танкачова.

Акрамя таго, адзначыла Танкачова, у міліцыі няма дастатковых доказаў таго, што менавіта яна кіравала аўтамабілем, калі камэры зафіксавалі перавышэньне хуткасьці.

Праваабаронца таксама прасіла ўлічыць, што яе «сувязь з Рэспублікай Беларусь носіць доўгачасовы і ўстойлівы характар»: тут у яе ёсьць сталая праца і маёмасьць, а яе дачка — грамадзянка Беларусі. Ні ў якіх іншых краінах Танкачова ня мае ні працы, ні маёмасьці, ні жыльля.

Грамадзкія актывісты сабралі сем тысяч подпісаў пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці лічаць дзеяньні ўладаў непрапарцыйнай і палітычна матываванай санкцыяй, зьвязанай з праваабарончай дзейнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG