Андрэй Моўчан сапраўды працаваў у КДБ у Віцебску, а потым адтуль звольніўся і зьехаў у Швэцыю. Знаёмыя Моўчана пазналі «экс-агента КДБ», пра якога расказвае Швэдзкае радыё. Беларускія экспэрты, аднак, ня бачаць у расьсьледаваньні падставаў для сэнсацыі: пра рээкспартныя схемы тут даўно вядома.
Калі Андрэй зьехаў у Швэцыю, у нас ва ўсіх паўсталі пытаньні
Андрэй Моўчан нарадзіўся і вырас у Віцебску. Сёлета яму спаўняецца 40 год. Пасьля школы паступіў у Віцебскі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт. Ягоныя знаёмыя прыгадваюць, што ён быў «звычайным і нармальным» хлопцам.
У матэрыялеах Швэдзкага радыё гаворыцца, што Моўчан працаваў у Віцебску ў падатковай інспэкцыі. А з 2000 па 2010 год служыў у КДБ. Даслужыўся да званьня маёра.
Што Андрэй Моўчан сапраўды быў супрацоўнікам КДБ, Свабодзе пацьвердзіў Сяргей — школьны знаёмы Моўчана.
«Наколькі я ведаю, ён працаваў у КДБ, — кажа Сяргей. — Гэта такая інфармацыя: працуе і працуе. Пра гэта не расказваюць шмат».
Па інфармацыі Швэдзкага радыё, у 2010 годзе Моўчан сам звольніўся з КДБ. Тое самае кажуць і ягоныя знаёмыя. Яны не чакалі такога ўчынку ад Андрэя.
«А калі перастаў працаваць у КДБ, усе моцна зьдзівіліся, — кажа Сяргей. — Маўляў, як так здарылася? Так не бывае». Яшчэ больш зьдзівіў Андрэй сваё асяродзьдзе, калі зьехаў у Швэцыю.
«Калі зьехаў у Швэцыю, тут, канечне, у нас ва ўсіх паўсталі пытаньні, — кажа Сяргей. — Але адказаў на іх не было».
Матываў такога раптоўнага звальненьня, а потым эміграцыі Моўчана знаёмыя ня ведалі. З часу ад’езду пра яго больш ніхто і нічога ня чуў. А родны брат ігнаруе любыя пытаньні наконт Андрэя.
«У яго тут малодшы брат, — кажа Сяргей. — Калі хто пытаецца пра Андрэя, ён гэтыя пытаньні прапускае міма вушэй. Ігнаруе. Ніякай інфармацыі пра яго невядома».
У заканадаўстве былі дзіркі для вельмі сумнеўных схем
На пачатку 2000-х у сьвеце пачаўся рэзкі рост цэнаў на нафту. Беларусь мае ўласныя радовішчы нафты на Палесьсі, але іх недастаткова нават для ўнутраных патрэбаў. І ўсё адно ў гэты час краіна моцна павялічыла экспарт нафтапрадуктаў. Галоўным чынам іх выраблялі з расейскай сырой нафты, якую да 2003 году завозілі бяз мыта.
Карыстаючыся бязмытным рэжымам, расейскія пастаўшчыкі самі былі зацікаўленыя прадаваць нафту празь Беларусь, бо тут былі ніжэйшыя экспартныя пошліны.
«Беларусь мела сваю больш прымальную падатковую палітыку, — кажа Свабодзе Тацяна Манёнак, экспэрт па нафтагазавых пытаньнях. — І Расея заўжды хацела зьнізіць маржу, якую Беларусь зарабляла на расейскай нафце».
Расейскі ўрад спрабаваў вярнуць мыта за нафту ў бюджэт Расеі. І ў 2004 годзе ён дамогся, каб Беларусь уніфікавала пошліны з расейскімі. Але пазьней беларускія ўлады не падвышалі экспартныя пошліны так моцна, як у Расеі. Такім чынам, расейскія экспартэры былі ўсё яшчэ зацікаўленыя прадаваць нафту і нафтапрадукты за мяжу празь Беларусь.
Толькі ў 2007 годзе Масква змагла прызначыць мыта на нафту, якую купляе Беларусь для далейшага экспарту. Аднак і надалей беларускі ўрад знаходзіў магчымасьці, каб экспартаваць нафту і нафтапрадукты звыш квотаў.
«Заканадаўства Эўразійскага эканамічнага саюзу мела пэўныя дзіркі, празь якія можна было ажыцьцяўляць вельмі сумнеўныя схемы», — кажа Тацяна Манёнак.
Экспарт распушчальнікаў быў загадкай году
У 2012 годзе выкрылася схема з распушчальнікамі і разбаўляльнікамі, на якой расейскі ўрад страціў больш за 2 мільярды даляраў. У 2011 і 2012 гадах Беларусь значна павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Расеі. Яны прызначаліся нібыта для ўнутраных патрэбаў.
Аднак лішкі ў 7,5 мільёна тон (2,5 мільёна ў 2011-м і 5 мільёнаў у 2012-м) ператварыліся ў «распушчальнікі і растваральнікі», якія экспартавалі ў Заходнюю Эўропу. Згодна з расейскім заканадаўствам распушчальнікі не абкладаліся мытам. Але пры перасячэньні мяжы Беларусі і Латвіі гэтыя нафтахімічныя прадукты аказваліся бэнзінам, які павінен абкладацца мытам у 90% ад мыта на экспартную нафту.
«Беларуская эканоміка залежыць ад мыта на нафту, — кажа Тацяна Манёнак. — Было шмат розных схем».
Насамрэч экспарт нафтапрадуктаў пад выглядам бязмытных рэчываў пачаўся яшчэ раней. Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса, кажа, што ў 2011 годзе зьвярнулі ўвагу на тое, што значна расьце экспарт распушчальнікаў.
«Гэтая схема была загадкай году, — сказаў Раманчук Свабодзе. — І тады ў мяне зьявілася інфармацыя, што гэта ідуць нафтапрадукты пад шыльдай нафтахімічных вырабаў, каб не плаціць пошліну».
Пасьля таго як расейцы агучылі беларускую схему і ўвялі пошліну на экспарт распушчальнікаў, беларускія ўлады яшчэ знаходзілі шчыліны ў заканадаўстве, каб вывозіць нафтапрадукты звыш квотаў.
«Былі розныя матэрыялы. Схемы зь біяпалівам, — кажа Раманчук. — Трэба было прыдумаць тавар, які быў і нафтапрадуктам, і які можна было вывозіць праз такія схемы».
Латвійцы не разумелі ці рабілі выгляд, што не разумеюць
Большасьць экспартных нафтапрадуктаў зь Беларусі прызначаецца для краін Заходняй Эўропы. Транзытам яны ідуць праз парты Літвы, Латвіі і Эстоніі. А гэта значыць, што ва ўсіх гэтых краінах вельмі зацікаўленыя ў вялікіх абʼёмах беларускіх нафтапрадуктаў.
Асноўным пакупніком беларускіх распушчальнікаў і растваральнікаў у 2011 годзе была Латвія. Латвійскія кампаніі набылі 1,5 з 2,1 мільёна тон распушчальнікаў зь Беларусі.
«Я размаўляў з прадстаўнікамі Латвіі і Эўразьвязу тады, — кажа Раманчук. — Яны ці не разумелі, ці рабілі выгляд, што не разумеюць. Ніякага інтарэсу ў іх не было».
На думку ж эканамічнага аглядальніка Алеся Герасіменкі, да контрагентаў у Эўропе не павінна быць пытаньняў. Яны толькі плацілі грошы за паліва, не зважаючы на тое, на якіх умовах яго атрымлівае Беларусь.
«Як афармляліся дакумэнты — контрагенты тут ні пры чым, — сказаў Герасіменка Свабодзе. — А што тычыцца мыта — гэта пытаньне мытнага саюзу Беларусі і Расеі».
Беларуская пракуратура гэтым ня будзе займацца
Былы агент КДБ, як піша пра Андрэя Моўчана Швэдзкае радыё, раскрыў схему рээкспарту 10-гадовай даўнасьці. У Беларусі да гэтай «сэнсацыі» ставяцца вельмі скептычна. Пакуль не было паказана новых фактаў пра схемы, па якіх вывозілі нафтапрадукты.
«Што сёньня абвешчана з-за мяжы — гэта ніякая не навіна, — кажа Герасіменка. — Нічога новага ні для нас, ні для расейцаў гэта не нясе. Проста нагадалі пра схему, якая нейкі час была існавала».
Падзяляе гэтую думку і Раманчук. Па словах эканаміста, справа можа быць цікавай, калі пакажуць арыгіналы сакрэтных пратаколаў і перапіскі віцэ-прэмʼера Сямашкі зь беларускімі мытнікамі, на якія спасылаецца Моўчан.
«Гэта ўжо падстава, каб даць справе больш сурʼёзны абарот, — кажа Раманчук. — Было б добра, каб дакумэнты былі апублікаваныя, і тады атрымаць камэнтар у праваахоўных органаў Беларусі і Расеі».
У схему былі ўцягнутыя некалькі краін. Нафта — расейская. Зь Беларусі яна выяжджала па адных дакумэнтах, а ў Латвію трапляла па іншых. Таму Раманчук кажа пра магчымае міжнароднае расьсьледаваньне.
«Але хто будзе ў ім зацікаўлены? — кажа Раманчук. — Пра парушэньне закону можа заявіць расейская пракуратура. Альбо беларуская пракуратура. Але гэта малаверагодна».
У 2012 годзе ў Расеі падлічылі страты ад беларускіх распушчальнікаў — больш за 2 мільярды даляраў. І нават паабяцалі прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Але далей за моўныя пагрозы справа ня выйшла.
«Не прыцягнулі нікога, таму што такія схемы без супрацы з расейцамі ня робяцца», — лічыць Раманчук.