Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брэнд «Беларусам» заяўляе, што слонімская фабрыка выкарыстоўвае яго дызайн швэдраў з арнамэнтам


Уладзімер Рамановіч
Уладзімер Рамановіч

Слонімская фабрыка трыкатажу RomGil выпусьціла ў продаж швэдры і камізэлькі з нацыянальным арнамэнтам, дызайн якіх цалкам супадае з дызайнам тых, якія прадаюцца пад маркай «Беларусам».

Уладальнік брэнду «Беларусам», індывідуальны прадпрымальнік Уладзімер Рамановіч шукае дапамогі юрыстаў і зьбіраецца спаганяць матэрыяльную кампэнсацыю з фабрыкі.

На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Рамановіч напісаў, што прадукцыя RomGil вырабленая і прадаецца бяз згоды яго як аўтара дызайну:

«Трэба дапамога ў абароне аўтарскіх правоў. Сытуацыя: адна беларуская фабрыка вырабіла прадукцыю, на 100% падобную да нашай і прадае ў краме. Але гэта зроблена без маёй згоды. Я малюнкі і вобразы распрацоўваў яшчэ ў 2014–2015 гадах».

Зьлева — вопратка пад брэндам RomGil, справа — пад брэндам «Беларусам»
Зьлева — вопратка пад брэндам RomGil, справа — пад брэндам «Беларусам»

Уладзімер Рамановіч сказаў Свабодзе, што супрацоўнічае з фабрыкай RomGil — на ёй робяць трыкатажную прадукцыю, якая распаўсюджваецца пад брэндам «Беларусам». Але дамовы пра тое, што RomGil будзе шыць паводле дызайну, распрацаванага Рамановічам, і прадаваць пад сваім брэндам, не было.

«Канцэпцыя брэнду „Беларусам“ іншая, мы выстаўляемся на кірмашах, удзельнічаем у паказах. А цяпер атрымліваецца, што вопратка, якая зусім падобная да нашай, прадаецца ў „закутках“, у самых звычайных аддзелах самых звычайных крамаў», — скардзіцца Рамановіч.

Карэспандэнтка Радыё Свабода наведала менскі ЦУМ і пераканалася, што ў аддзеле вопраткі для мужчын сапраўды прадаюцца швэдры і камізэлькі RomGil, вельмі падобныя да прадукцыі Рамановіча. Прычым са зьніжкай 30%.

Зьлева — вопратка пад брэндам RomGil у ЦУМе, справа — пад брэндам «Беларусам»
Зьлева — вопратка пад брэндам RomGil у ЦУМе, справа — пад брэндам «Беларусам»

«Некаторыя з тых, да каго я ўжо пасьпеў зьвярнуцца, кажуць, што калі ў мяне няма патэнту, то любая фабрыка можа выкарыстоўваць гэты дызайн, таму што традыцыйны арнамэнт не абараняецца аўтарскім правам. Але ёсьць іншая думка. Так, у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці спэцыяліст патлумачыў, што мой дызайн зьяўляецца абʼектам», — кажа прадпрымальнік і дадае, што зьбіраецца адстойваць свае правы спачатку ў дасудовым парадку, а пасьля нават падаваць позву ў гаспадарчы суд і дамагацца матэрыяльнай кампэнсацыі.

«Я толькі за, каб арнамэнт шырэй выкарыстоўваўся ў дызайне вопраткі. Але тут атрымліваецца, што фірма выпусьціла вырабы, скарыстаўшы мае малюнкі і не спытаўшы мяне. Асабліва непрыемна, што мы ж супрацоўнічаем з гэтым прадпрыемствам — менавіта таму ў іх і былі ўсе гэтыя эскізы. Я не даваў дазволу на выкарыстаньне свайго дызайну пад брэндам RomGil», — кажа Рамановіч.

Зьлева — вопратка пад брэндам RomGil, справа — пад брэндам «Беларусам»
Зьлева — вопратка пад брэндам RomGil, справа — пад брэндам «Беларусам»

Дырэктарка фабрыкі RomGil Раіса Мышыцкая сказала Свабодзе, што Ўладзімер Рамановіч не ствараў дызайну, а замовіў швэдры і камізэлькі з малюнкамі, распрацаванымі на вытворчасьці:

«Гэтыя дызайны ён пабачыў у нас. Сказаў, што яму такія трэба. Замовіў, і мы яму выпускалі вопратку з арнамэнтам. У чым пытаньне? Першапачаткова гэты быў наш малюнак, але мы яго не выкарыстоўвалі масава. Але сярод шаблёнаў ён быў. Ён замовіў і цяпер лічыць, што гэта ягоны дызайн».

Раіса Мышыцкая адзначыла, што з прадпрымальнікамі Рамановічам не заключала ні пісьмовай, ні вуснай дамовы пра тое, што вопратка з арнамэнтам будзе вырабляцца эксклюзіўна толькі для брэнду «Беларусам»:

«Я яго разумею, таму што ў яго брэнд і добрыя продажы. Але дамовы пра тое, што мы вяжам рэчы з арнамэнтам толькі для яго, няма», — сказала Мышыцкая і адзначыла, што фабрыка вырашыла запусьціць выраб мадэляў з арнамэнтам пад уласным брэндам, «таму што гэта цяпер модна».

«Гэты ўзор цяпер модны. Таму мы вырашылі скарыстаць сваю старую распрацоўку і выпусьціць джэмпэры і швэдры з арнамэнтам. Тым больш што раней у нас былі сукенкі з такімі самымі малюнкамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG