Дырэктар краязнаўчага выдавецтва «Рыфтур», беларускі фатограф і дасьледчык прыроды Сяргей Плыткевіч накіраваў адкрыты ліст старшыні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь Валянціну Сукалу.
У лісьце ён запытвае, ці могуць «Рыфтур» і іншыя выдавецтвы выкарыстоўваць фатаздымкі без дазволу і бяз выплаты ганарараў аўтарам.
Падставай для ліста стала адмова Вярхоўнага суду вядомаму блогеру і фатографу Антону Матольку ў задавальненьні пазову да Белтэлерадыёкампаніі. Антон Матолька настойваў, каб зь Белтэлерадыёкампаніі спагналі адну капейку ў якасьці кампэнсацыі за маральную шкоду ад выкарыстаньня на канале «Беларусь 1» ягоных здымкаў паўночнага зьзяньня без пазначэньня аўтарства, а таксама каб на сайце кампаніі зьявілася публічнае выбачэньне і каб яму кампэнсавалі выдаткі, панесеныя на здыманьне.
«Гэта першы прысуд паводле закону „Аб аўтарскім праве“, які, на маё глыбокае перакананьне, ня проста не адпавядае літары закону — прычым тут сацыяльная зьява і творчая фатаграфія? — але і заснаваны на абсалютна непрафэсійнай экспэртызе, на думцы чалавека, які ня мае дачыненьня да фатаграфіі як такой і фотамастацтва ў цэлым. Практыка судовай экспэртызы, калі мы хочам, каб у Рэспубліцы Беларусь выконваліся законы і паважаліся рашэньні судоў, павінна грунтавацца на заключэньнях экспэртаў у канкрэтнай галіне ведаў, а ня проста людзей, якія атрымалі адпаведную адукацыю. Пры гэтым іншы бок канфлікту павінен мець магчымасьць прадставіць у судзе альтэрнатыўнае меркаваньне прафэсійных экспэртаў», — піша Сяргей Плыткевіч.
У сваім лісьце ён пытае Валянціна Сукалу: «Ці мае права выдавецтва „Рыфтур“, а таксама ўсе іншыя выдавецтвы Рэспублікі Беларусь, якія выпускаюць краязнаўчую літаратуру пра родную краіну, гэтак жа, як і Белтэлерадыёкампанія, выкарыстоўваць без дазволу аўтараў і выплаты ім ганарараў здымкі, на якіх адлюстраваная прырода і архітэктура нашай краіны?
Калі адказ „так“, то беларускім заканадаўцам для замацаваньня гэтай практыкі неабходна ўносіць зьмены ў закон „Аб аўтарскім праве“, пры гэтым ня варта забываць пра тое, што ва ўсіх астатніх краінах сьвету правы творчых работнікаў строга абароненыя.
Калі адказ — „не“, то чаму выключэньне робіцца толькі для Белтэлерадыёкампаніі?»
18 сакавіка 2015 году тэлеканал «Беларусь 1» у дзённым выпуску навінаў распавёў пра рэдкую для Беларусі прыродную зьяву — паўночнае зьзяньне. Сюжэт называўся «Паўночнае зьзяньне колеру беларускага сьцяга». У сюжэце былі выкарыстаныя фатаздымкі, якія Антон Матолька зрабіў напярэдадні непадалёк ад Вязынкі Маладэчанскага раёну, але ягонае аўтарства не было пазначанае. Таксама блогера абурыла, што здымкі асацыююцца з колерамі дзяржаўнага сьцяга. Між тым ён прыхільнік нацыянальнага сьцяга — бел-чырвона-белага.
Сяргей Плыткевіч — заснавальнік краязнаўчага выдавецтва «Рыфтур», старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня «Фотамастацтва» зь лютага 2008 году па сакавік 2016 году, аўтар фотаальбомаў «Мая Беларусь», «Беларуская экзотыка», «Нечаканая Беларусь», «Плянэта Беларусь», стваральнік сайта www.planetabelarus.by.