Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь БНФ падорыць студэнтам сшыткі з Пагоняй, а выдатнікам — яшчэ і дыскі


Юрась Лукашэвіч
Юрась Лукашэвіч

17 лістапада з нагоды Міжнароднага дня студэнтаў у сядзібе Партыі БНФ у Менску кожны студэнт зможа атрымаць сшытак з патрыятычнымі выявамі ў падарунак.

Моладзь БНФ будзе раздаваць сшыткі на 48 аркушах з гербам Пагоня ды споклічам «Будзь беларусам, будзь пераможцам!», зь беларускімі шасьціканцовымі крыжамі, з традыцыйным беларускім арнамэнтам.

Як паведамляецца на сайце Моладзі БНФ, сшыткі будуць раздавацца бясплатна, але трэба будзе паказаць залікоўку альбо студэнцкі білет.

Для тых, у каго сярэдні бал большы за 8, Моладзь БНФ падрыхтавала дадатковы падарунак — бел-чырвона-белую стужку і музычны дыск з музыкай беларускіх гуртоў.

«Акцыя прымеркавана да міжнароднага дня студэнта, які будзе адзначацца 17 лістапада. Мы ў арганізацыі вырашылі ня ладзіць нейкія мерапрыемствы, бо ўжо студэнцкія арганізацыя плянуюць розныя цікавыя імпрэзы і мы ня хочам драбіць. Таму вырашылі правесьці такую акцыю — падарыць сшыткі з нацыянальнай сымболікай. Гэта ўжо другі год, калі мы так робім. Летась акцыя была вельмі папулярная і прыйшло шмат студэнтаў, таму вырашылі працягнуць яе», — сказаў Свабодзе старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч.

Акцыя пачнецца ў чацьвер 17 лістапада і працягнецца да той пары, пакуль сшыткі будуць у наяўнасьці. Актывісты плянуюць раздаць 200 сшыткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG